2 лiстапада 2024, Субота, 3:21
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Зміцер Бандарэнка: Гэта мая бітва

92
Зміцер Бандарэнка: Гэта мая бітва

Стан здароўя палітвязня пагаршаецца. Але ён не збіраецца прасіць аб памілаванні.

Каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Зміцер Бандарэнка даслаў з Магілёўскай калоніі ліст сваёй жонцы Вользе, у якім распавёў, як яго прымушалі пісаць прашэнне аб памілаванні на імя Лукашэнкі.

«Начальнік калоніі - Маханькоў Сяргей Уладзіміравіч. Суровы такі таварыш (то бок грамадзянін) запытаўся: «Як справы, якія пытанні, як здароўе?» Удакладніў, ці буду я пісаць прашэнне аб памілаванні. Я адказаў: «Як я змагу сядзець за круглым сталом, папрасіўшы аб літасці?» Сказаў начальнік таксама, што пасля 15 дзён карантыну могуць перавезці ў атрад. «Здароўе ж у вас ужо лепшае». Напэўна, шум вакол усіх і маёй сціплай персоны ўзмацніўся, і ўсе начальнікі хочуць хутчэй пазбавіцца ад такога галаўнога болю, як мы, толькі загад ім - каб пісалі на памілаванне (мая версія).

Цяпер ужо начальнік калоніі намякае, што хутка пайду ў атрад, калі прашэнне пісаць не буду. Прасіць іх не аб чым не буду. Арлоў з Камітэта таксама ўсё мяне на вашывасць правяраў. Добра разумею, што гэта мая, можа, найважнейшая духоўная бітва ў жыцці. Прачытаў, што Мікола пазбаўлены права тэлефанаваць, пісаць, пастаўлены на самую цяжкую працу. Мы трымаемся. Наш лёс у руках Госпада і нашых таварышаў і сяброў на Волі. Разумею, што ў мяне вераць людзі і для іх саміх - гэта таксама вельмі важна...

...Ну вось, другі раз спраўдзілася, ужо амаль прыкмета. Як толькі пачынаю пісаць табе ліст - выклікаюць да начальніка. Цяпер ужо ён вёў са мной размову разам з двума намеснікамі. Размова была цвёрдая і карэктная з двух бакоў. Яны звярталі ўвагу, што дзеля майго здароўя і маіх блізкіх, я б мог звярнуцца да ЛАР (Лукашэнкі Аляксандра Рыгоравіча - заўв. charter97.org), калі не з просьбай аб памілаванні, то хоць бы па пытанні замены рэжыму пакарання. Я яшчэ раз нагадаў, што БАЖ па просьбе ЛАР ўжо звяртаўся з просьбай вызваліць мяне, іншых журналістаў. Сказаў, што разумею, што за намі сочыць увесь свет і многія, многія беларусы. Сказаў, што я сын і ўнук партызанаў. «Вы зразумейце, вас ніхто не ламае. З вамі проста размаўляюць. Ваш лёс у вашых руках». Не дай Бог, ім самім калі-небудзь рабіць такі выбар. Хоць для мяне было б у 1000 раз болей жудасна апынуцца на іхнім месцы і прымушаць каго-небудзь «ламаць сябе праз калена», - напісаў Зміцер Бандарэнка.

Тым часам, стан здароўя палітвязня, які перанёс аперацыю на хрыбетніку, без належнай рэабілітацыі пагаршаецца.

«Цяпер рэальна аб маім здароўе: горш сталі працаваць пальцы на правай ступні, калі хаджу па калідоры, часцей за стаў чапляцца за падлогу. Рукі дранцвеюць і баляць, яшчэ баліць спіна ў шыйным і грудным аддзелах. Зараз баляць і падпухлі калені з-за таго, што прыходзіцца на іх стала абапірацца», - напісаў Бандарэнка.

Палітвязень таксама піша, што яму дапамагае трымацца ў гэты складаны час:

«Людзі, я ведаю, што вы мяне памятаеце. Я вас люблю. Калі мне было цяжка ў «амерыканцы», я гадзінамі хадзіў і прамаўляў пра сябе і ўслых: «Слава Ісусу. Жыве Беларусь! »На мозг-та ўсё роўна сітуацыя ўздзейнічае. Трэба было сабрацца. Падумаў, што для мяне самае галоўнае. І з'явілася трыяда кансерватара: Бог, Беларусь, Сям'я! Паспрабаваў, вельмі дапамагае. Толькі сям'я (слоган «кахаю сваіх Вольгу і Юлечку») расслабляе, слёзы на вочы наварочваліся. За вас маліўся па некалькі разоў на дзень. А гадзінамі казаў: «Слава Ісусу! Жыве Беларусь! Слава Ісусу! Жыве Беларусь! Слава Ісусу! Жыве Беларусь!» А потым: «Божа! Блаславі маю жонку і дачку!»

Думаю, што зараз зноў прыходзіць такі час. Як там Акела казаў: «Гэта мая апошняя бітва». Думаю, не апошняя. Маліцеся за нас, Беларусы!».

Напісаць каментар 92

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках