У Змітра Бандарэнкі пагоршылася здароўе
18- 16.09.2011, 12:38
Жонка палітвязня Вольга Бандарэнка пабачылася з ім у калоніі.
“Болі ў хрыбетніку ў яго былі і дагэтуль, бо яшчэ цалкам не ачуняў пасля аперацыі. А вось з нагою стала зусім дрэнна – яна амаль не слухаецца. Не ведаю, з чым гэта звязана, мо з этапаваннем, а мо і з тым, што ў калоніі няма магчымасці атрымліваць у поўным аб’ёме рэкамендаваныя дактарамі працэдуры дзеля рэабілітацыі”, – распавяла “Белсату” па выхадзе з Магілёўскай калоніі Вольга Бандарэнка.
Спадарыня Вольга размаўляла са Змітром Бандарэнкам па тэлефоне праз шкло. Палітвязень паведаміў жонцы, што пакуль пераводзіць яго ў атрад не збіраюцца. Начальнік санчасткі таксама запэўніў жанчыну, што блізкім часам Бандарэнка будзе заставацца ў іх.
“Дзіма ведае пра тое, што ўчора выйшлі на волю яшчэ 11 “дзекабрыстаў”, вельмі рады за ўсіх, асабліва за свайго сябра Аляксандра Атрошчанкава. Сам пісаць прашэння не збіраецца, гаворыць, што і гэтак да сярэдзіны кастрычніка вернецца дадому”, – распавядае Вольга Бандарэнка.
Дарэчы, напісаць прашэнне аб памілаванні Змітру Бандарэнку прапаноўвалі ўжо двойчы. Калі першы раз гэта была звычайная прапанова, то другі раз прасілі больш настойліва. “Выклікалі яго напрыканцы мінулага тыдня, і калі ён зноўку адмовіўся, пачалі, так бы мовіць, ціснуць на псіхіку. Раілі падумаць пра сабе, пра сям’ю, пужалі тым, што ў калоніі можа стаць зусім дрэнна са здароўем, пагражалі перавесці з санчасткі на агульны рэжым – у атрад”, – гаворыць Вольга Бандарэнка. Паводле яе, Зміцер трымаецца ўпэўнена, кажа, што гатовы да ўсяго і жартуе: маўляў, навошта прасіць, калі здароўе і так сапсаванае.
Каардынатар грамадзянскай кампаніі “Еўрапейская Беларусь” Зміцер Бандарэнка на мінулых выбарах быў даверанаю асобаю кандыдата на прэзідэнта Андрэя Саннікава. Яго асудзілі ў справе 19 снежня на 2 гады калоніі агульнага рэжыму. Адбывае пакаранне ў Магілёўскай калоніі. Дасылаць лісты Змітру Бандарэнку можна на адрас: 213105, г. Магілёў, Слаўгарадская шаша, п/а Вейна, ПК № 15.