Lietuvos rytas: Вуснамі Грыбаўскайце гаварыў сам Лукашэнка
28- 15.09.2011, 15:41
Літоўская газэта Lietuvos rytas у сваім рэдакцыйным камэнтары сёньня зноў зьвяртаецца да «справы Бяляцкага».
Беларуская апазыцыя дачакалася ад Літвы другога ўдару пад дых: спачатку службоўцы Міністэрства юстыцыі дапамаглі А.Лукашэнку засадзіць у турму дысыдэнта і праваабаронцу А.Бяляцкага, а цяпер і сама прэзыдэнтка Д.Грыбаўскайце беларускіх апазыцыянэраў назвала стаўленікамі Масквы, якія толькі імкнуцца атрымаць як найболей грошай.
Вуснамі прэзыдэнткі Д.Грыбаўскайце гаварыў сам А.Лукашэнка. Пасьля такога яе пляўка, які пакрыў ганьбай усю Літву, дэмакратычнаму сьвету толькі й застаецца думаць, што выдача беларускіх апазыцыянэраў Міністэрствам юстыцыі была заканамерная, можа нават загадзя сплянаваная – службоўцы проста паводзілі сябе так, як падабаецца літоўскай прэзыдэнтцы.
Тады няма чаго дзівіцца, што пасьля такога скандалу ніводзін волас ня ўпаў з галавы ні ў міністра юстыцыі Р.Шымашуса, чые падначаленыя паслалі ў турму А.Бяляцкага, ні ў міністра замежных справаў А.Ажубаліса, які і пальцам не варухнуў дзеля таго, каб Літва беларускіх апазыцыйных дзеячоў ня зблытала з крымінальнымі злачынцамі.
Пра тое, што скандал спрабуюць як найхутчэй замяць, сьведчыць і ператворанае ў фарс расьсьледаваньне міжведамаснай працоўнай групы – дзе нібыта спрабуюць выявіць, хто вінаваты ў перадачы Беларусі банкаўскіх дадзеных дысыдэнтаў.
Што магла расьсьледаваць гэтая група, калі ў яе склад была ўключаная нават тая чыноўніца Міністэрства юстыцыі, якая сама падпісала дакумэнты аб перадачы дадзеных прадстаўнікоў беларускай апазыцыі, а таксама пара яе непасрэдных начальнікаў, адказных за непарадак у іх пад носам?
Як і трэба было спадзявацца, чыноўнікі, якія расьсьледавалі злачынную гісторыю зь перадачай дадзеных, самі сябе не абвінавацілі і вінаватых не знайшлі.
Можна было б падумаць, што не Міністэрства юстыцыі выдала банкаўскія дадзеныя А.Бяляцкага і яшчэ аднаго беларускага дысыдэнта В.Стэфановіча, а здарылася стыхійнае бедзтва, якое ніхто ў Літве ня меў сілы прадухіліць.
Аднак высьвятляецца, што гэта была нават не злачынная халатнасьць чыноўнікаў Міністэрства юстыцыі, а нешта значна горшае – сьвядомае стараннае супрацоўніцтва з рэжымам А.Лукашэнкі.
Па-першае, Міністэрства юстыцыі наагул ня мела права брацца за разгляд просьбы Беларусі аб прававой дапамозе ў справе А.Бяляцкага, бо на той час супраць яго не была распачатая справа, а ў такіх выпадках перадаваць дадзеныя міждзяржаўная дамова ад міністэрства не абавязвае.
Беларусы спачатку зьвярнуліся не ў Міністэрства юстыцыі, а ў Службу расьсьледаваньня фінансавых злачынстваў, аднак службоўцы гэтай установы павялі сябе прыстойна – ня сталі рабіць таго, што ня мусяць рабіць, спаслаўшыся на тое, што супраць А.Бяляцкага ў Беларусі не была распачатая справа.
Тады Беларусь просьбу аб прававой дапамозе выслала Міністэрству юстыцыі, і міністэрства, кіраванае лібэралам Р.Шымашусам, імкнучыся прыслужыць рэжыму А.Лукашэнкі, узялася за дзеяньні, якія належаць да кампэтэнцыі Генэральнай пракуратуры і спэцслужбаў.
Дамова аб прававой дапамозе паміж Літвой і Беларусьсю прадугледжвае, што такія запыты павінны дасылацца ў суды і пракуратуры або ў Міністэрства ўнутраных справаў другой дзяржавы. Пра Міністэрства юстыцыі ў гэтай дамове наагул ня згадваецца.
Аднак Міністэрства юстыцыі Літвы, атрымаўшы беларускі запыт, пасьпешліва зьвярнулася ў суд, каб той прымусіў банк перадаць Беларусі зьвесткі пра рахункі А.Бяляцкага, хоць гэтым мусілі займацца не чыноўнікі гэтага міністэрства, а супрацоўнікі пракуратуры.
Аргумэнты чыноўнікаў Міністэрства юстыцыі, што выканаць просьбу Беларусі Літву абавязвае дамова аб прававой дапамозе, канчатковае разьбівае ўшчэнт артыкул самой дамовы, бо запыт аб дапамозе не задавальняецца, калі гэта можа нашкодзіць правам і законным інтарэсам грамадзянаў другой дзяржавы.
Менавіта такім і быў выпадак зь беларускімі дысыдэнтамі. Значыць, паводзіны чыноўнікаў Міністэрства юстыцыі – злачынства.
Мала таго, высьветлілася, што апошнімі гадамі ў Літве чамусьці адмовіліся ад звычайнай практыкі, калі пры атрыманьні запыту аб прававой дапамозе не ад краіны ЭЗ і НАТО найперш зьвярталіся ў Генэральную пракуратуру і Дэпартамэнт дзяржаўнай бясьпекі – ацаніць, ці няма небясьпекі парушэньня правоў грамадзянаў, шкоды інтарэсам Літвы і яе саюзьнікаў.
Міністар юстыцыі Р.Шымашус заявіў, што Беларусь, папрасіўшы інфармацыі пра А.Бяляцкага і іншых дысыдэнтаў, хацела выпрабаваць, як працуе сыстэма прававой дапамогі і аховы межаў Эўразьвязу. Выснова – Літва гэты экзамэн ня вытрымала.
Наша дзяржава ня вытрымала гэты экзамэн не з-за халатнасьці нейкага дробнага чыноўніка, а з палітычных прычынаў.
Застаецца толькі дадаць, што непрыстойна спрабаваць усю віну зваліць на стрэлачнікаў, калі кашу з выдачай невінаватых людзей дыктатару заварылі найвышэйшыя афіцыйныя асобы дзяржавы.
Цяперашняе кіраўніцтва Літвы палітыку, заснаваную на правах чалавека і дэмакратычных каштоўнасьцях, зьмяніла на патураньне аўтакратычным рэжымам.
Чыноўнікі Міністэрства юстыцыі толькі выканалі тое, што кажа прэзыдэнтка Д.Грыбаўскайце, якая заўчора публічна прызналася, што апазыцыю яна ня любіць гэтаксама, як і А.Лукашэнка.
Пераклад Радыё Свабода