БАЖ патрабуе вызваліць Бандарэнку, Севярынца і Атрошчанкава
6- 1.09.2011, 16:10
Беларуская асацыяцыя журналістаў накіравала ў адміністрацыю Лукашэнкі зварот з патрабаваннем вызваліць журналістаў Зміцера Бандарэнку, Паўла Севярынца і Аляксандра Атрошчанкава.
Пра гэта БелаПАН паведаміў намеснік старшыні БАЖ Андрэй Бастунец.
Ліст быў накіраваны 31 жніўня. «У сувязі з актамі памілавання ў дачыненні да шэрагу асобаў, асуджаных за ўдзел у падзеях 19 снежня 2010 года, а таксама заявай прэзідэнта Рэспублікі Беларусь аб неабходнасці шырокага дыялогу ў краіне, заклікаем вас ініцыяваць вызваленне ад пакарання журналістаў і сябраў БАЖ Аляксандра Атрошчанкава і Зміцера Бандарэнку, асуджаных на тэрміны пазбаўлення волі па згаданай справе, а таксама Паўла Севярынца, асуджанага да абмежавання волі», - гаворыцца ў пасланні.
Іхнія крымінальны пераслед арганізацыя лічыць абмежаваннем свабоды выказвання, гарантаванай артыкуламі 33, 34 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.
Акрамя таго, БАЖ звяртае ўвагу на абвастрэнне хранічных хвароб у Зміцера Бандарэнкі і на нядаўна перанесеную ім аперацыю і лічыць, што «далейшае адбыццё пакарання можа самым негатыўным чынам адбіцца на стане ягонага здароўя».
Ліст па даручэнні праўлення арганізацыі падпісала кіраўнік БАЖ Жанна Літвіна.
«Раней мы ўжо рабілі такую спробу, калі прэзідэнт заявіў, што ён гатовы вызваліць палітвязняў. Але тады гэта зварот быў накіраваны на імя прэзідэнта. Адказ нас прыйшоў з Адміністрацыі прэзідэнта, таму мы зараз накіроўваем дакумент у той орган, які гэтым займаецца», - сказаў Бастунец.
«Мы робім усё, што лічым неабходным зрабіць для таго, каб нашыя калегі апынуліся на волі», - падкрэсліў Бастунец.