26 лiстапада 2024, aўторак, 11:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Арыштаваны праваабаронца Алесь Бяляцкі

110
Арыштаваны праваабаронца Алесь Бяляцкі

У кватэры і на лецішчы праваабаронца, а таксама ў офісе праваабарончага цэнтра «Вясна» адбыліся ператрусы.

Віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека Алесь Бяляцкі быў затрыманы сёння ў Менску.

Пасля абеду каля менскага офіса праваабарончай арганізацыі Праваабарончы цэнтр «Вясна», сталі збірацца падазроныя людзі ў цывільным. Супрацоўнікі «Вясны» яшчэ да прыходу «гасцей» пакінулі памяшканне і ў офісе нікога не было.

Праваабаронца Андрэй Сушко паведаміў, што ў дварах стаялі дзве машыны з людзьмі ў цывільным, а на зэдліку ля пад'езда сядзеў ўчастковы. Мабыць, такім чынам рыхтавалася аперацыя па захопу Бяляцкага.

Увечары ў доме ў старшыні «Вясны» пачаўся ператрус. Самога Алеся Бяляцкага затрымалі недалёка ад кватэры на плошчы Перамогі. Дома прысутнічала толькі ягоная жонка, паведаміла праваабаронца Наста Лойка.

Паводле папярэдняй інфармацыі, ператрус праходзіў па загадзе Дэпартамента фінансавых расследаванняў.

БелаПАН атрымалася датэлефанавацца да кватэры Бяляцкі. Жонка праваабаронца Наталля Бяляцкіая паведаміла, што ператрус пачаўся каля 17.30. Пастанова аб ператрусе была прад'яўленая, аднак кім яна падпісаная і якая канкрэтна структура праводзіць ператрус, жанчына сказаць не змагла. Тэлефонная размова доўжылася прыкладна хвіліну, пасля чаго ў яе адабралі слухаўку.

Пасля 19 гадзін да офіса «Вясны» прывезлі Алеся Бяляцкага. Ён паспеў сказаць, што яго абвінавачваюць па крымінальным артыкуле за нібыта «ўтойванне прыбыткаў у асабліва буйных памерах». У офісе пачаўся ператрус. Жонку з сынам павезлі на лецішча ў Ракаў, дзе таксама прайшоў ператрус, паведаміла «Радыё Свабода».

Артыкул Крымінальнага кодэкса, па якім, па папярэдніх дадзеных, абвінавачваецца Бяляцкі, - «утойванне прыбыткаў у асабліва буйных памерах» - прадугледжвае пазбаўленне волі на тэрмін да 7 гадоў з канфіскацыяй маёмасці.

Ператрус скончыўся пасля 21 гадзіны. Праваабаронца даставілі на допыт у Дэпартамент фінансавых расследаванняў.

На частку маёмасці, якая знаходзілася ў офісе, быў накладзены арышт. З кватэры Бяляцкага канфіскаваны кампутар.

Праваабаронца Уладзімір Лабковіч паведаміў, што Алеся Бяляцкага затрымалі на 3 сутак, на працягу якіх будзе вызначацца статус Бяляцкага ў заведзенай крымінальнай справе.

Фота: «Радыё Свабода»

Напісаць каментар 110

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках