27 лiстапада 2024, Серада, 3:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Нацбанк не можа вярнуць банкам валютныя крэдыты па своп-угодах

49
Нацбанк не можа вярнуць банкам валютныя крэдыты па своп-угодах

Пакуль Лукашэнка корміць народ абяцаннямі па выхадзе з крызісу, Нацыянальны банк пад шумок вырашае лакальную задачу - знайсці валюту.

Бо праблемы з яе наяўнасцю і доступам да яе ёсць не толькі ў бізнеса і насельніцтва, але і ў самога галоўнага банка краіны. Толькі свае праблемы, як адзначаюць эксперты, Нацбанк спрабуе вырашыць па-хітраму: абыйсці узятыя на сябе абавязальніцтвы ў межах крэдыту Антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС, пішуць «Беларускія навіны».

Нагадаем, што адной з умоваў, якія абавязаўся выканаць Нацбанк, была адмова ад запазычанняў ў камерцыйных банкаў у замежнай валюце. І ў выніку Нацбанку давялося згарнуць практыку заключэння валютных своп-угодаў з камбанкамі.

Хоць валюта камбанкаў дазваляла Нацбанку даволі значна «гадаваць» золатавалютныя рэзервы. Прычым, гэтая практыка прывяла да таго, што даўгі Нацбанка перад камерцыйнымі банкамі перавысілі аб'ём ЗВР. Да прыкладу, на 1 сакавіка патрабаванні камбанкаў выраслі да 4,4 млрд. даляраў пры ўзроўні ЗВР на той момант крыху больш за 4 млрд. даляраў. Сённяшняя сітуацыя нічым не лепшая.

Дарэчы, яшчэ адна абавязковая ўмова, якую павінен выканаць Нацбанк у межах крэдыту фонду ЕўрАзЭС, - гэта скарачэнне аб'ёму размешчаных у сябе дэпазітаў банкаў у замежнай валюце. На 1 кастрычніка 2011 аб'ём дэпазітаў неабходна знізіць на 55,6 млн. даляраў.

Аднак, падобна, Нацбанк знайшоў іншы спосаб прыцягваць валюту. На гэтым тыдні ў нацыянальным рэестры заканадаўчых актаў з'явілася пастанова праўлення Нацбанка № 231, якой быў усталяваны парадак другаснага абарачэння валютных аблігацый НБРБ на Беларускай валютна-фондавай біржы. Аналітыкі ўгледзелі ў гэтым спробу з боку Нацбанка праз аблігацыі пазычаць замежную валюту не толькі ў банкаў, але і ў суб'ектаў гаспадарання.

Вядома, ніхто з банкаў ці суб'ектаў гаспадарання не захоча проста так па дабрыні душэўнай замарожваць валюту ў паперах (хай і каштоўных) Нацбанка. Але як рэгулятар ўмее пераконваць, бізнес добра ведае на ўласнай шкуры.

Фінансавы аналітык афіцыйнага партнёра «Альпари» у Менску Вадзім Іосуб мяркуе, што такім чынам Нацбанк спрабуе не столькі прыцягнуць валюту, колькі адтэрмінаваць вяртанне валюты, прыцягнутай па своп-угодаах.

«Своп-угоды - гэта дамоўныя адносіны. І калі будуць унесеныя змены ў дамову, то банкі замест валюты прымуць гэтыя аблігацыі», - адзначае аналітык.

Для выкарыстання такой схемы, на думку Вадзіма Іосуба, ёсць адно тлумачэнне: валютных абавязальніцтваў у Нацбанка зараз больш за саму валюты.

«Гэта значыць, яму папросту няма чым расплочвацца з камерцыйнымі банкамі. Своп-аперацыямі вырашаліся гарачыя праблемы. Валюта патрэбная і мы возьмем яе ў камбанкаў. А як аддаваць, падумаем потым. Вядома, калі з'явіцца валюта, Нацбанк расплоціцца. Але калі яе няма, застаецца пралангіраваць, пераводзіць абавязацельствы ў іншую форму, напрыклад, у аблігацыі», - канстатуе эксперт.

Па ягоных словах, камбанкі апынуліся ў ліку крэдытораў, якія могуць пачакаць. Іншыя крэдыторы чакаць не могуць, бо любая пратэрміноўка па даўгах можа значыць дэфолт і адсутнасць далейшага крэдытавання.

Аднак калі Нацбанк за кошт аблігацый можа на час закрыць свае абавязальніцтвы перад камерцыйнымі банкамі, то з такім жа поспехам ён можа і прыцягнуць валюту для папаўнення ЗВР.

Вадзім Іосуб не выключае такі варыянт, бо, па ягоных словах, у рэгулятара вялікая спакуса працягваць атрымліваць валюту ў камбанкаў.

«З іншага боку, у нас шмат банкаў з замежнымі заснавальнікамі, і не да канца зразумела, наколькі Нацбанк можа на іх ціснуць. Акрамя таго, такая практыка прыцягнення валюты, на мой погляд, будзе моцна пагаршаць баланс банкаў. І не думаю, што Нацбанк зацікаўлены пакласці банкаўскую сістэму шляхам папаўнення ЗВР за кошт банкаў», - лічыць эксперт.

Зрэшты, цалкам можа быць, што Нацбанк прадбачыў такія праблемы ў камерцыйных банкаў і загадзя падстрахаваўся. Бо не дарма на днях рэгулятар рэкамендаваў камбанкам, прадаўцам валюты насельніцтву на сацыяльныя мэты, папоўніць валютныя запасы за кошт абменнікаў на рынках і ў гандлёвых цэнтрах. Раней гэтым жа банкам да 1 снежня 2011 г. было дазволена не прадаваць свабодна валюту, набытую на тэрыторыі установаў адпачынку.

І, мабыць, эфект ад эксперыменту ўразіў фінансавыя ўлады. Напрыклад, за май-чэрвень банкі на чыстай аснове купілі ў насельніцтва 130 млн. даляраў. Такі ўлоў Нацбанк збольшага звязаў менавіта з абмежаваннямі па продажы валюты найбуйнейшых дзяржбанкаў краіны. Пры гэтым на сацыяльныя патрэбы «Беларусбанк» за гэтыя ж два месяцы прадаў насельніцтву толькі 2,5 млн. даляраў.

«Так што я дапускаю, што лішкі набытай валюты ў прымусовым парадку могуць накіроўвацца як раз на куплю аблігацый Нацбанка», - адзначае Вадзім Іосуб.

Але і зарабіць банкі на гэтым могуць нядрэнна. Па сутнасці, пашырэнне месцаў, дзе банкі змогуць толькі купляць валюту, не прадаючы яе свабодна, азначае, што дзяржава мэтанакіравана адсякае ад кармушкі непатрэбных пакупнікоў, у прыватнасці, валютчыкаў. Не сакрэт, што, напрыклад, менавіта валютчыкі нядрэнна маглі «затаварвацца» валютай, набытай у абменніках гандлёвых цэнтраў. Але дзяржава таксама хоча зарабляць на розніцы курсаў. Адсюль - рашэнні па абмежаванні магчымасці для куплі наяўнай валюты для насельніцтва.

Як падкрэслівае Вадзім Іосуб, «для банкаў гэта нядрэнны бізнес - купляць даляры па курсе 5 тысячаў, а прадаваць праз розныя схемы юрыдычным асобам, якія жывуць у нястачы, па міжбанкаўскім курсе - 9-10 тысяч. Акрамя таго, ходзяць чуткі, што некаторыя камбанкі таксама прымудраюцца прадаваць валюту па курсе чорнага рынку і фізічным асобам».

Пры такім раскладзе Нацбанку выгадна абмяжоўваць вольны продаж валюты насельніцтву, маючы з гэтых абмежаванняў пэўныя дывідэнды.

Напісаць каментар 49

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках