27 лiстапада 2024, Серада, 5:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Валютныя ўклады могуць прымусова перавесці ў рублі

131
Валютныя ўклады могуць прымусова перавесці ў рублі

У беларускіх уладаў няма шанцаў на атрыманне крэдыту Міжнароднага валютнага фонду.

Пра гэта заявіў агенцтву «Інтэрфакс-Захад» экс-кіраўнік Нацыянальнага банка Беларусі (НББ) Станіслаў Багданкевіч.

«У цяперашні час Беларусь мае нулявыя шанцы на атрыманне новага фінансавання ад МВФ, таму што рэалізуемая макраэканамічная і манетарная палітыка ідзе насуперак з рэкамендацыямі фонду. Галоўная праблема - працягваецца крэдытная экспансія, друкаваны станок, як і раней, уключаны на поўную моц», - сказаў С. Багданкевіч.

Ён перакананы, што «ва ўладаў няма комплекснай праграмы пераадолення валютна-фінансавага крызісу, які ўзмацняецца, скарачэння крэдытнай экспансіі, абмежавання галапуючай інфляцыі». У сувязі з гэтым Нацбанк краіны «спрабуе вырашыць складаныя праблемы простым шляхам, уводзячы ўсё новыя і новыя абмежаванні на валютным і фінансавым рынку, - канстатаваў С. Багданкевіч. - Гэта ад непрафесіяналізму, ад адсутнасці фундаментальных ведаў, у першую чаргу, у сферы манетарнай палітыкі».

Эксперт лічыць, што «Нацбанк па-ранейшаму выконвае функцыі бюджэту, на беззваротнай аснове фінансуючы рэалізацыю дзяржпраграм. Гэта можа прывесці да дэфолту банкаў, таму што ў гэтыя праекты ўкладзеныя і ўклады насельніцтва». «Банкі ў небяспецы», - падкрэсліў суразмоўца.

Каментуючы апошнюю ініцыятыву НББ, які рэкамендаваў камбанкам адмовіцца ад продажу насельніцтву наяўнай замежнай валюты праз абменнікі, эксперт адзначыў: «Такія рашэнні абсалютна непрымальныя з пункту гледжання здаровага сэнсу. Людзям патрэбная валюта, каб захаваць свае зберажэнні ад некантралюемай дэвальвацыі і каб не залежыць ад чыноўнікаў пры вырашэнні сваіх надзённых праблемаў».

Ён таксама лічыць, што ў чарадзе абмежаванняў на валютным рынку, на фоне манетарнай экспансіі, наступным лагічным крокам можа стаць «замарожванне» валютных укладаў альбо іх прымусовая канвертацыя ў беларускія рублі.

Экс-кіраўнік НББ упэўнены, што падобныя забаронныя меры і ініцыяванае Нацбанкам пашырэнне выкарыстання замежнай валюты ў разліках фізічных асоб на тэрыторыі краіны прывядуць «толькі да далейшага падзення даверу да нацыянальнай валюты».

«Не думаю, што гэтыя рашэнні з'яўляюцца цалкам асэнсаванымі. Але ўжо ствараецца ўражанне, што такімі рашэннямі хтосьці свядома хоча «зваліць» беларускі рубель. Можа быць, гэта і ёсць тая славутая «пятая калона», аб якой так шмат гаворыцца», - выказаў меркаванне С. Багданкевіч.

Ён упэўнены, што захаванне бягучай манетарнай палітыкі, нараўне з узмацненнем абмежаванняў на валютным рынку, «вядзе да паглыблення крызісу, галапуючай інфляцыі і пашырэння выкарыстання замежных валют ва ўнутраных разліках». «Вельмі не хочацца верыць, што так і будзе, але пакуль улады не шукаюць цывілізаваных шляхоў. Можа быць, здаровы сэнс усё-ткі пераможа», - спадзяецца эксперт.

На ягоную думку, з сітуацыі на валютна-фінансавым рынку «выкруціцца ўжо не атрымаецца». «Але шанцы на выратаванне ўсё яшчэ ёсць - неабходна тэрміновае прыцягненне знешніх рэсурсаў - ад прыватызацыі або запазычанні, пры ўмове наяўнасці выразнай антыкрызіснай праграмы. Прыцягненне жа новых знешніх рэсурсаў пры захаванні бягучай палітыкі стане фатальнай для нацыянальнай эканомікі памылкай», - упэўнены экс-кіраўнік НББ.

Напісаць каментар 131

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках