27 лiстапада 2024, Серада, 9:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Вінаватыя ў дэфіцыце мяса знойдзеныя

186
Вінаватыя ў дэфіцыце мяса знойдзеныя

Беларускую мяса-малочную прадукцыю вывозяць расейцы з-за дыспарытэту коштаў, заяўляюць чыноўнікі.

Аб гэтым, у прыватнасці, заявіў у сераду ў Менску на прэс-канферэнцыі намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі Васіль Паўлоўскі, перадае «Інтэрфакс-Захад».

«Мяса і малако вывозяцца з-за розніцы ў коштах у Беларусі і Расеі», - сказаў В. Паўлоўскі.

«Сёння дысбаланс у коштах беларускага і расейскага рынкаў адчувальны, мы не дагонім расейскі рынак па коштах. І да гэтага імкнуцца не трэба, таму што кошт, дзе заробак 1000 даляраў, і кошт, дзе заробак 100-200-300 даляраў, павінныя адрознівацца», - адзначыў намеснік міністра.

У той жа час ён нагадаў, што ў Беларусі былі павышаны межавыя адпускныя кошты на мяса. «Яны і будуць расці. Вось, літаральна на днях, на 3% падняліся кошты на бензін, і будуць расці далей, бо кошт (нафтапрадуктаў і паліва - ІФ) расце на сусветным рынку. А паліва цягне за сабой і электраэнергію, і запчасткі, і ўсё астатняе, што ўваходзіць у сабекошт прадукцыі», - працягнуў прадстаўнік ведамства.

Па ягоных словах, «сёння мы практычна не вылазім з рынкаў, рэгулюем, каб у прыватніка і ў дзяржпрадаўца кошты былі прыкладна аднолькавымі. «Мы былі на рынку, там у дзяржпрадпрыемства кошт на мяса ў 2 разы ніжэйшы, чым у прыватніка. Атрымліваецца так, што яны (прадаўцы дзяржпрадпрыемствы - ІФ) здымаюць свае халаты, бяруць у мясавытворцы мяса і праз 2 латка гандлююць тым жа мясам, але з «наварочаным» прыбыткам», - распавёў В. Паўлоўскі.

Намеснік міністра пацвердзіў, што «з Расеяй нашым сельгаспрадпрыемствам выгадна працаваць і гандляваць, таму што там кошты нашмат вышэйшыя».

Акрамя таго, намеснік міністра зазначыў, што бескантрольны вываз мяса-малочнай прадукцыі стаў магчымы з-за функцыянавання Мытнага саюза і адсутнасці мытнага кантролю на яго ўнутраных межах. «Калі раней былі мытныя пункты, мы маглі паставіць ветсаннагляд, то цяпер мы і міліцыю паставіць не можам, таму што ёсць дакументы Мытнага саюза, якія не дазваляюць гэта рабіць, і Расея і Казахстан і не дапусцяць», - падкрэсліў ён.

«Прыязджае расеец, мяняе грошы на беларускія, ідзе ў краму і затаварваецца. Мы пабылі ў невялікіх прымежных гарадах Расеі на рынках, там 70% аўтамабіляў з якіх вядзецца гандаль - гэта беларускае мяса і малако», - распавёў В. Паўлоўскі.

«Абмежаваць і забараніць (прадаваць мяса і малако расейцам - ІФ) мы не можам. Але мы працуем з гандлем, каб не адпускалі вялікімі партыямі», - працягнуў намеснік міністра.

У той жа час па ягоных словах з боку беларускіх спажыўцоў знізіўся попыт на мясную прадукцыю, у прыватнасці на кілбасы. «У крамах кажуць: мы баімся шмат завозіць, бо каўбаса мае пэўны тэрмін рэалізацыі», - распавёў В. Паўлоўскі.

«У цэлым запыты гандлю (па мясе і малака - ІФ) мы забяспечваем і будзем забяспечваць», - рэзюмаваў намеснік міністра.

Напісаць каментар 186

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках