26 лiстапада 2024, aўторак, 23:04
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Аушра Бернатэне сышла ў адстаўку

19
Аушра Бернатэне сышла ў адстаўку

У чацвер кіраўніца дэпартамента міжнароднага права Міністэрства юстыцыі Літвы Аушра Бернатэне, якая выдала дадзеныя па Алесі Бяляцкім, вырашыла па ўласным жаданні сысці з пасады.

Ейную заяву аб звальненні міністр юстыцыі Рэмігіюс Шымашус атрымаў, калі вярнуўся з візіту да прэзідэнта, паведамляе міністэрства.

Міністр адразу задаволіў просьбу Бернатэне. Па ягоных словах, гэты крок кіраўнікцы дэпартамента не значыць, што не будзе працягвацца расследаванне аб усіх абставінах гэтага інцыдэнту. Працу працягне створаная ў міністэрстве працоўная група, таксама ўсе акалічнасці высвятляе камісія, створаная па даручэнні прэм'ера, паведамляе Delfi.

«Я паважаю рашэнне Бернатэне, і лічу, што яно паказвае ейнае стаўленне да сваіх абавязкаў і тое, што адбылося непаразуменне. Цяпер у гэтай гісторыі галоўнае - каб мы маглі гарантаваць, што ў будучыні такія сітуацыі не будуць паўтарацца. Для таго, каб прылады прававой дапамогі не выкарыстоўваліся ў палітычных мэтах, мы павінныя знайсці эфектыўны механізм і забяспечыць суладнае і своечасовае супрацоўніцтва паміж усімі ўстановамі», - сказаў Шымашус.

Гэты выпадак паказаў, што ў сістэме прадастаўлення прававой дапамогі, якая амаль 20 гадоў функцыянавала без недахопаў, ёсць сур'ёзныя праломы, якія ніхто не ідэнтыфікаваў. У бліжэйшы час працоўная група, якая расследуе інцыдэнт, павінная прапанаваць ў сваіх высновах, як іх ліквідаваць. У працоўную групу ўключаныя прадстаўнікі Мінюста, МЗС, Генпракуратуры, Дэпартамента дзяржбяспекі, Службы па расследаванні фінансавых злачынстваў, МУС.

Міністр нагадаў, што Літва заўсёды падтрымлівала і будзе падтрымліваць дэмакратычныя дзяржавы і іхнюю абарону як у Літве, так і за мяжой.

Напісаць каментар 19

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках