26 лiстапада 2024, aўторак, 20:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Польшча часткова прыпыняе прававое супрацоўніцтва з Беларуссю

7
Польшча часткова прыпыняе прававое супрацоўніцтва з Беларуссю

Генпракуратура Польшчы часткова прыпыняе дзеянне пагаднення аб прававой дапамозе з Беларуссю.

Пра гэта стала вядома падчас сумеснага закрытага пасяджэння камітэтаў сейма Польшчы па міжнародных справах і па сувязях з палякамі замежжа, якое прайшло позна ўвечары 17 жніўня і было прысвечанае скандалу з выдачай беларускім уладам інфармацыі аб банкаўскім рахунку праваабаронца Алеся Бяляцкага.

Як паведамляе польскае выданне Gazeta Wyborcza, у пасяджэнні прыняў удзел генпракурор Польшчы Анджэй Сэрэмэт. Прадстаўнікі камітэтаў хацелі даведацца, якія высновы ён зрабіў з сітуацыі з Бяляцкім, заявіў кіраўнік камітэта па міжнародных справах Анджэй Халіцкі, паведамляе БелаПАН.

Сэрэмэт паведаміў дэпутатам, што адным з вынікаў справы Бяляцкага з'яўляецца частковае прыпыненне польска-беларускага пагаднення аб супрацоўніцтве пракуратур. Гаворка ідзе аб прыпыненні супрацоўніцтва «на ніжнім узроўні», удакладніў ён.

Частка дэпутатаў дамагалася прыпынення дзеяння ўсяго пагаднення, але Сэрэмэт выступіў супраць. Па ягоных словах, гэты дакумент дапамагае расследаваць звычайныя крымінальныя злачынствы, рэгуляваць сітуацыі са шлюбамі паміж грамадзянамі розных краін і бізнесам.

Удзельнікі пасяджэння дамагаліся ад генпракурора адназначнага адказу на пытанне: ці задаволіла ягонае ведамства запыт беларускага боку толькі з нагоды Бяляцкага? Сэрэмэт запэўніў іх, што ўнутранае расследаванне ў пракуратуры не ўсталявала іншых падобных выпадкаў.

Нагадаем, перададзеная ў Менск інфармацыя аб замежных банкаўскіх рахунках віцэ-прэзідэнта Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека, кіраўніка закрытага беларускімі ўладамі праваабарончага цэнтра «Вясна» Алеся Бяляцкага стала падставай для ягонага арышту. Праваабаронца падазраецца ва ўхіленні ад выплаты падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры і з 4 жніўня знаходзіцца пад арыштам. Яму пагражае турэмнае зняволенне да сямі гадоў.

Інфармацыю аб рахунках Бяляцкага беларускім уладам перадаў Мінюст Літвы і Генпракуратура Польшчы. І ў Вільні, і ў Варшаве заявілі, што ўлады Беларусі злоўжылі сістэмай міжнародных працэдур і дамоваў для рэпрэсій у дачыненні да ўласных грамадзянаў.

16 жніўня генпракурор Польшчы паведаміў на прэс-канферэнцыі, што ў сувязі са скандалам вакол Алеся Бяляцкага падаў у адстаўку кіраўнік дэпартамента міжнароднага супрацоўніцтва Генпракуратуры Польшчы Кшыштаф Каршніцкі, а ягоная намесніца Ганна Вісьнеўска вызваленая ад пасады.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках