27 лiстапада 2024, Серада, 10:53
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Праваабаронца Барыс Бухель прысуджаны да 7 сутак арышту

14
Праваабаронца Барыс Бухель прысуджаны да 7 сутак арышту

8 ліпеня ў Ленінскім раённым судзе Магілёва працягнуліся суды над удзельнікамі акцый маўклівага пратэсту 3 і 6 ліпеня.

Праваабаронца Барыс Бухель прысуджаны суддзём Станіславам Шандаровічам да сямі сутак адміністрацыйнага арышту, піша БелаПАН.

Як заявіў на судзе Бухель, 3 ліпеня яго затрымаў невядомы ў цывільным за тое, што ён фатаграфаваў падчас акцыі. Бухель, па ягоных словах, знаходзіўся ў аддаленні ад асноўнай масы тых, хто прыйшоў на акцыю. «Я быў там не як удзельнік, а як праваабаронца, таму што павінен назіраць за дзеяннямі не толькі міліцыі, але і ўдзельнікаў акцыі, якая б яна ні была - санкцыянаваная ці не», - заявіў ён.

Праваабаронца адзначыў, што ў Ленінскім РАУС яго пратрымалі больш за тры гадзіны, складаючы пратакол, што супярэчыць заканадаўству. Бухель запатрабаваў ад суду вынесці прыватнае вызначэнне на адрас РАУС.

Паўторна Бухель быў затрыманы раніцай 7 ліпеня ў будынку суда, куды прыйшоў даведацца, ці паступілі ў суд матэрыялы справы і калі адбудзецца пасяджэнне. Бухель адзначыў, што такая сітуацыя не дала яму належным чынам падрыхтавацца да суду, таму ён досыць доўга знаёміўся з матэрыяламі справы.

Бухель выявіў неадпаведнасць копіі пратаколу ягонаму арыгіналу. Суддзя Шандаровіч прыняў рашэнне адправіць пратакол на дапрацоўку ў міліцыю, а Бухеля - адпусціць да наступнага пасяджэння.

З міліцыі досыць хутка прынеслі выпраўлены дакумент, і суд працягнуўся, нягледзячы на ​​абедзенны час. Вынікам яго стала асуджэнне праваабаронца за парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавых акцый.

Раніцай каля будынку суду Бухеля чакалі чацвёра актывістаў апазіцыі, сярод якіх быў сябар аргкамітэта па стварэнні Партыі свабоды і прагрэсу Юрый Стукалаў. Сустрэць праваабаронцу ім не далі. Актывісты былі затрыманыя і каля гадзіны правялі ў Ленінскім РАУС.

Двое сутак знаходжання ў ІЧУ прызначаныя Антону Іванову. Ён быў затрыманы пасля акцыі 6 ліпеня і выйдзе на волю сёння ўвечары.

На 30 базавых велічынь (1,05 млн. рублёў) аштрафаваны старшыня магілёўскай арганізацыі «Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны» Алег Дзячкоў. Сваё затрыманне ён называе «глупствам» з боку праваахоўных органаў і мае намер абскардзіць прысуд.

Удзельнік акцыі Ігар Хальчуков павінен будзе выплаціць 15 базавых велічынь (525 тыс. рублёў) у даход дзяржавы. Анастасія Вярбіцкая аштрафаваная на 10 базавых велічынь (350 тыс. рублёў).

Папярэджанні вынесеныя Максіму Сідараву і Максіму Кавалькову.

8 ліпеня пасля пяцісуткавага арышту за акцыю 3 ліпеня павінныя быць вызваленыя Андрэй Шалабодаў і Іван Панцялей.

У суботу, 9 ліпеня, чакаецца вызваленне незалежнай журналісткі Ганны Ільіной, прысуджанай да шасці сутак арышту.

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках