27 лiстапада 2024, Серада, 7:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дыктатура павінная быць знішчаная

178
Дыктатура павінная быць знішчаная

Сходы аргкамітэта па правядзенні ўсебеларускай акцыі «Народны сход» прайшлі ў 20 гарадах Беларусі.

Пра гэта 8 ліпеня на прэс-канферэнцыі ў Менску паведаміў сустаршыня аргкамітэта Віктар Івашкевіч.

Аргкамітэт «Народнага сходу» быў створаны ў маі. Акцыю плануецца правесці 8 кастрычніка ў Менску, ва ўсіх абласных гарадах і 48 райцэнтрах. На абмеркаванне «Народнага сходу» будуць вынесеныя праграмы выхаду краіны з палітычнага і эканамічнага крызісу.

«На сёння сходы аргкамітэта прайшлі ў Менску, Барысаве, Вілейцы, Слуцку, Магілёве, Салігорску, Гродне, Лідзе, іншых гарадах краіны. На наступным тыдні плануецца правесці сходы яшчэ ў пяці гарадах», - паведаміў Івашкевіч.

Па ягоных словах, у аргкамітэт «Народнага сходу» ўваходзяць прадстаўнікі грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», аргкамітэта партыі «Беларускі рух», Беларускай партыі левых «Справядлівы свет», Аб'яднанай грамадзянскай партыі, Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады, аргкамітэта па стварэнні партыі працоўных, а ў рэгіянальныя аргкамітэты - прадстаўнікі практычна ўсіх дэмакратычных рухаў.

«Акцыя колькасцю некалькі тысяч чалавек не зможа пераламаць сітуацыю, калі ўлада можа выставіць супраць іх 10000 адмыслова падрыхтаваных супрацоўнікаў сілавых структур.

Такога эфекту нельга дамагчыся аднымі заклікамі ў сацыяльных сетках «ШОС», альбо «Далоў Лукашэнку». Гэтага мала. Патрэбна вялікая тлумачальная праца. Адразу гэта зрабіць не атрымаецца.

Неабходна, каб нас было нашмат больш, чым хаўруснікаў рэжыму», - заявіў Івашкевіч.

На ягоную думку, «Народны сход» знойдзе падтрымку ў людзей, бо мяркуе выступ «супраць збяднення мільёнаў людзей, штодзённага зневажання чалавечай годнасці, самаізаляцыі краіны і здачы яе незалежнасці».

«Улада не можа вывесці краіну з крызісу. На гаспадарчыя рэформы яна не ідзе, бо баіцца эканамічна свабодных людзей. Цяжкасці крызісу і наступствы сваіх грубых памылак ўлада перакладае на плечы грамадзянаў», - падкрэсліў палітык.

«Для дэмакратычных сіл наступіў момант самавызначэння. Мы ўсведамляем сваю адказнасць за лёс краіны, і таму мы са сваім народам. Палітвязні павінныя быць вызваленыя, а дыктатура – ўхіленая», - заявіў палітык.

У сваю чаргу каардынатар аргкамітэта па правядзенні акцыі «Народны сход» прадпрымальнік Мікалай Пахабаў паведаміў, што на некалькіх прадпрыемстваў Беларусі працаўнікі пратэставалі з патрабаваннем павысіць заробак.

Паводле ягоных дадзеных, у чэрвені на некалькі гадзін прыпынялі працу ліцейшчыкі Менскага трактарнага завода, незадаволеныя памерам сваіх заробкаў.

У Барысаве, Салігорску, Слуцку працоўныя пратэставалі з патрабаваннем індэксаваць заработную плату, паведаміў Пахабаў. Пасля гэтых пратэстаў заробак працаўнікам падвысілі на 10%.

«Працаўнікі ўжо выходзяць з курылак і пачынаюць адкрыта выказваць пратэст супраць зніжэння ўзроўню заработных плат і росту коштаў», - заявіў Пахабаў.

«Ідэя Народнага сходу выклікае жывую цікавасць, бо ўзровень жыцця не проста ўпаў на зямлю, а абрынуўся, - кажа актывіст дэмакратычных сіл Аляксандр Мех з Кобрына. - У канцы жніўня працоўныя прадпрыемстваў горада абяцалі нам даць сваіх прадстаўнікоў у аргкамітэт».

«Усе пласты грамадства ў Беларусі пачынаюць аб'ядноўвацца», - заявіў Яўген Канстанцінаў з Наваполацка.

Генадзь Раманюк, які працуе на «Беларуськаліі», заявіў, што пратэстныя настроі на прадпрыемстве таксама растуць. «Людзей хочуць задобрыць прэміямі, ростам заробкаў, але гэта не тыя грошы, якія яны атрымлівалі раней».

Сустаршыня аргкамітэту «Народнага сходу» Віктар Івашкевіч дадаў, што ў насельніцтва, у тым ліку працоўнага, «сёння ёсць негатыўнае ўспрыманне таго, што робіць улада». «Пакуль яны яшчэ думаюць, спадзяюцца, што крызіс скончыцца, улады паднімуць заробак. Праз некалькі месяцаў гэтыя ілюзіі могуць знікнуць», - сказаў палітык.

Напісаць каментар 178

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках