27 лiстапада 2024, Серада, 3:30
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Праваабаронцы: 3 ліпеня ў Беларусі схоплена не менш за 400 чалавек

37
Праваабаронцы: 3 ліпеня ў Беларусі схоплена не менш за 400 чалавек

Не менш за 210 чалавек - у Менску, каля 180 - у рэгіёнах.

Па ўдакладненых дадзеных праваабаронцаў, падчас акцыі маўклівага пратэсту ў афіцыйны Дзень Незалежнасці ў Беларусі затрымана не менш за 390 чалавек.

Як паведаміў БелаПАН праваабаронца Валянцін Стэфановіч, прыкладна 140 чалавек цяпер знаходзяцца ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна. Па словах Стэфановіча, на іх складзеныя пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэнні.

Слуханні спрвааў павінны прайсці сёння ў судах Фрунзенскага, Савецкага, Заводскага, Маскоўскага і Кастрычніцкага раёнаў Менска - ва ўпраўленні ўнутраных справаў гэтых раёнаў дастаўлялі затрыманых. Аднак, улічваючы вялікую колькасць затрыманых, не выключана, што справы будуць разглядацца ва ўсіх раённых судах горада, дадаў праваабаронца. Па наяўнай інфармацыі, суды пакуль не пачаліся.

Што датычыцца рэгіёнаў, то найбольш масавыя затрыманні былі адзначаныя ў Гомелі, Гродне і Магілёве. У Гомелі затрымана каля 30 чалавек, у Гродне - каля 120, у Магілёве - 15. Выпадкі затрыманні ўдзельнікаў акцый маўклівага пратэсту таксама адзначаліся ў Брэсце, Віцебску, Салігорску і іншых гарадах. Былі і кур'ёзныя сітуацыі. Так, адзначыў Стэфановіч, у Смалявічах затрымалі паўтарагадовае дзіцё з дзядулем. Спячага хлопчыка забірала з міліцыі мама.

Беларускія праваабаронцы выступілі з заявай, у якой у чарговы раз заклікалі ўлады неадкладна вызваліць усіх затрыманых і арыштаваных за ўдзел у мірных сходах грамадзянаў. Яны таксама патрабуюць ад уладаў «забяспечыць грамадзянам краіны рэалізацыю свабоды мірных сходаў і неадкладна спыніць ганебную практыку затрыманняў і збіванняў іхніх удзельнікаў».

На думку праваабаронцаў, варта правесці «тэрміновае расследаванне ўсіх фактаў перавышэння службовых паўнамоцтваў супрацоўнікамі МУС, прыцягнуць вінаватых да ўсталяванай законам адказнасці», а таксама «прывесці ў адпаведнасць з міжнароднымі нормамі заканадаўства аб парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў».

У заяве адзначаныя шматлікія факты незаконнага выкарыстання фізічнай сілы ў адносінах да затрыманым грамадзянам, супрацьдзеянне супрацоўнікамі МУС законнай дзейнасці журналістаў па асвятленню падзей, затрымання праваабаронцаў, якія ажыццяўлялі маніторынг названых падзеяў». «Уся адказнасць за вышэйпералічаныя незаконныя дзеянні, накіраваныя на парушэнне правоў чалавека, цалкам кладзецца на беларускія ўлады, кіраўніцтва і супрацоўнікаў МУС, суддзяў раённых і гарадскіх судоў, якія непасрэдна датычныя да адвольных затрыманняў і арыштаў удзельнікаў мірных сходаў», - падкрэсліваюць праваабаронцы.

Напісаць каментар 37

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках