27 лiстапада 2024, Серада, 3:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Зміцер Бандарэнка: «Еўропа нас забівае сваёй сквапнасцю»

102
Зміцер Бандарэнка: «Еўропа нас забівае сваёй сквапнасцю»

Палітвязень распавёў пра здзекі ў СІЗА КДБ і ацаніў апошнія дзеянні Еўразвяза ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі.

18 ліпеня каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Зміцер Бандарэнка сустрэўся ў следчым ізалятары МУС са сваёй жонкай. Па шчаслівай выпадковасці падчас спаткання Зміцер Бандарэнка ўпершыню за 8 месяцаў утрымання пад вартай змог пабачыць кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава, даверанай асобай якога ён быў на прэзідэнцкіх выбарах. Справа ў тым, што ў гэты ж дзень прайшло спатканне ў Андрэя Саннікава з ягонай жонкай Ірынай Халіп. Спатканні дазваляюцца пасля разгляду касацыйных скаргаў на прысуд (яны прайшлі ў палітыкаў у адзін дзень, 15 ліпеня; прысуды пакінуты без зменаў) і перад этапаваннем у калонію. Жонкі абодвух палітвязняў прыйшлі ў СІЗА на Валадарскага адначасова, і калі Саннікава і Бандарэнку вялі ў кабінкі для спатканняў, яны змаглі пабачыцца і нават перакінуцца некалькімі словамі адзін з адным.

Зміцер Бандарэнка, які з-за сур'ёзнага захворвання хрыбетніка цяпер знаходзіцца ў Рэспубліканскай турэмнай лякарні, распавёў жонцы аб жахлівых ўмовах утрымання ў СІЗА КДБ, якія справакавалі ў яго запаленне грыжы міжхрыбетнікавага дыска, зашчымленне спінных нерваў, парэз адной нагі і пагрозу абязрушвання другой.

«Зміцер сказаў, што палітвязняў спрабуюць зрабіць інвалідамі. Задача уладаў - знішчыць іх маральна і фізічна. Па ягоных словах, упершыню ён прасіў аказаць яму кваліфікаваную медыцынскую дапамогу ў канцы лютага яшчэ ў СІЗА КДБ, а першую дапамогу яму аказалі толькі 22 чэрвеня ўжо ў СІЗА МУС. Ён страціў здароўе ў першыя два месяцы знаходжання ў турме КДБ, калі бегаў з матрацам і двума торбамі па лесвіцы пад час стадых ператрусаў, калі стаяў на расцяжцы па гадзіне, а то і па дзве. Увесь час знаходжання ў турме КДБ у яго не было спальнага месца, і ён спаў на дошках на халоднай падлозе. Камера была без прыбіральні, і гэта было сапраўднае катаванне», - распавяла сайту charter97.org жонка палітвязня.

«Калі Зміцер казаў наглядчыкам ў СІЗА КДБ, што ён амаль інвалід, яму адказвалі «Ты яшчэ не інвалід!», - перадае словы мужа Вольга Бандарэнка.

Цяпер, калі Зміцер Бандарэнка знаходзіцца ў Рэспубліканскай турэмнай лякарні, якая размяшчаецца на тэрыторыі СІЗА МУС, ягонае становішча палепшылася не нашмат. Бандарэнку перавялі ў камэру, у якой змяшчаюцца хворыя на ВІЧ-інфекцыяй і гепатыт С. Медыкі нават не папярэдзілі палітвязня і не распавялі аб неабходных мерах, каб пазбегнуць заражэння.

Бандарэнка пакуль не ведае дакладнай даты сваёй аперацыі на хрыбетніку, але кажа, што гэта павінна адбыцца ў бліжэйшы час. Нагадаем, што адміністрацыя СІЗА МУС ультыматыўна заявіла, што палітвязень павінен альбо адпраўляцца ў калонію, альбо класціся на аперацыю. У кансультацыі нейрахірурга яму адмоўлена.

Зміцер Бандарэнка таксама выказаў занепакоенасць, што, атрымліваючы ў ізалятары МУС незалежную прэсу, ён амаль не бачыць там матэрыялаў пра людзей, якія знаходзяцца ў зняволенні за акцыю пратэсту супраць фальсіфікацыі выбараў.

«Атрымліваючы «Народную волю», «Нашу Ніву», «Беларусы і рынак», «Белгазету», Зміцер быў здзіўлены, што пра тых, хто пасля падзеяў 19 снежня апынуўся на волі, значна больш матэрыялаў, чым пра тых, хто сёння знаходзіцца ў турме і чыім жыццям сёння пагражае рэальная небяспека», - распавяла Вольга Бандарэнка.

Сапраўды, сёння незалежныя беларускія газеты пішуць больш, напрыклад, пра Уладзіміра Някляева, Андрэя Дзмітрыева ці Віталя Рымашэўскага, чым пра Андрэя Саннікава, Зміцера Бандарэнку і іншых вязняў сумлення. «Але ж у турмах так важна, калі пра палітвязняў пішуць у газетах. Бо там усе чытаюць незалежную прэсу. Гэта дае пэўную абароненасць і самае галоўнае - падтрымлівае дух», - кажа Вольга Бандарэнка.

Каардынатар «Еўрапейскай Беларусі» таксама пракаментаваў апошнія дзеянні Еўразвяза ў дачыненні да дыктатарскага рэжыму Лукашэнкі.

«Еўрапейская прагнасць губіць Беларусь. Супраць дыктатуры трэба ўводзіць рэальныя эканамічныя санкцыі. Вось цяпер адмянілі пошліны на беларускія калійныя ўгнаенні. Еўразвяз сёння асноўны гандлёвы партнёр беларускай дыктатуры. Атрымліваецца, што яны з аднаго боку робяць заявы пратэсту, з другога - фактычна забіваюць палітвязняў сваёй сквапнасцю», - перадала Вольга Бандарэнка словы мужа.

Зміцер Бандарэнка быў арыштаваны ў ноч з 19 на 20 снежня 2010 года пасля разгону мірнай дэманстрацыі пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў. У ходзе так званага следства каардынатару «Еўрапейскай Беларусі» змянілі артыкул абвінавачвання на «арганізацыю і падрыхтоўку дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх» (арт. 342, ч.1 КК РБ). Палітык прысуджаны да двух гадоў калоніі агульнага рэжыму. Зміцер Бандарэнка - адзіны, хто за падзеі 19 снежня прысуджаны па гэтым артыкуле да пазбаўлення волі. Усе астатнія, каму перакваліфікавалі артыкул, прысуджаныя да ўмоўных тэрмінаў.

Напісаць каментар 102

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках