27 лiстапада 2024, Серада, 7:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Заснаваны Камітэт па гвалтоўных знікненнях

8
Заснаваны Камітэт па гвалтоўных знікненнях

31 мая ў Нью-Ёрку быў абраны Камітэт па гвалтоўных знікненнях.

Заснавальніца беларускай грамадзянскай ініцыятывы «Мы памятаем» Ірына Красоўская была запрошаная прыняць удзел у гэтай гістарычнай падзеі, паведамляе прэс-служба CIWR.ORG.

У штаб-кватэры ААН у Нью-Ёрку прайшлі выбары сябраў Камітэта па гвалтоўных знікненнях. Сябры Камітэта былі абраныя шляхам галасавання, у якім прынялі ўдзел краіны, якія ратыфікавалі Міжнародную канвенцыю ААН для абароны ўсіх асоб ад гвалтоўных знікненняў. У адпаведнасці з канвенцыяй, сябрамі Камітэта могуць стаць толькі прадстаўнікі краін, якія ратыфікавалі канвенцыю. Па выніках галасавання ў Камітэт увайшлі прадстаўнікі Ірака, Францыі, Уругвая, Аргенціны, Германіі, Албаніі, Іспаніі, Замбіі і Японіі.

Пасля выбараў адбылася панэльная дыскусія «Канвенцыя для абароны ад знікненняў: Канец беспакаранасці, прадухіленне новых ахвяраў». Мэтай дыскусіі было лабіраванне ратыфікацыі канвенцыі.

Акрамя прадстаўнікоў дзяржаваў, на мерапрыемстве прысутнічалі дэлегаты Міжнароднай Кааліцыі супраць гвалтоўных знікненняў і сваякоў зніклых людзей.

Сярод прысутных была і прэзідэнт грамадзянскай ініцыятывы «Мы памятаем» Ірына Красоўская. «Сёння - вельмі важны дзень і для маёй сям'і, і для майго мужа, які быў выкрадзены і забіты амаль 12 гадоў таму, і для Міжнароднай Кааліцыі супраць гвалтоўных знікненняў, якая аб'ядноўвае больш за 40 арганізацый, і для мільёнаў чалавек па ўсім свеце, якія сталі ахвярамі гвалтоўных знікненняў, - адзначыла Ірына Красоўская. - Шлях да справядлівасці быў вельмі доўгі. Барацьба пачалася больш за трыццаць гадоў таму. Працэс далёкі ад завяршэння, аднак сёння мы ўжо на крок бліжэй да нашай мэты. Мы спадзяемся, што Міжнародная канвенцыя ААН для абароны ўсіх асоб ад гвалтоўных знікненняў і яе Камітэт стануць моцным і дзейсным механізмам, які пакладзе канец беспакаранасці і абароніць людзей ад знікненняў».

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках