24 снежня 2024, aўторак, 2:36
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Бацька Паўла Вінаградава: Мой сын выйдзе і будзе змагацца з гэтай уладай

12
Бацька Паўла Вінаградава: Мой сын выйдзе і будзе змагацца з гэтай уладай

Сваякі асуджаных удзельнікаў Плошчы вераць у іхнюю мужнасць, а адвакаты абяцаюць абскардзіць прысуд.

5 мая ў Кастрычніцкім судзе Менску вынеслі прысуд чарговым ўдзельнікам Плошчы: Паўла Вінаградава і Алеся Кіркевіча асудзілі на 4 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму, Зміцера Дразда, Андрэя Пратасеню і так званага «навушніка» Уладзіміра Хамічэнку - на 3 гады. Пры гэтым суддзя Ала Булаш «супакоіла», што ў іх ёсць магчымасьць абскардзіць прысуд на працягу 10 дзён у Менскім гарадзкім судзе, перадае «Еўрарадыё».

Бацька Паўла Вінаградава Юрый Аляксандравіч запэўніў, што яны абавязкова будуць падаваць скаргу на рашэнне суддзі. Па ягоных словах, хоць як бацьку яму было і цяжка пачуць прысуд, але ён ганарыцца сваім сынам.

«Пакуль я, натуральна, вельмі моцна засмучаны. Але я ганаруся сваім сынам. У сваім апошнім слове сын выказаў сваё стаўленне да гэтай улады, і я яго цалкам падтрымліваю. У Інтэрнэце майго сына завуць «нязломны Вінаградаў». Ён выйдзе, і будзе змагацца з гэтай уладай!», - сказаў Юрый Вінаградаў.

Сяброўка сям'і Алеся Кіркевіча Марыя Трафімава прасіла журналістаў пакуль не турбаваць жонку Аляксандра пытаннямі, але запэўніла, што дзяўчына - мужны чалавек, і вытрымае годна гэта выпрабаванне.

«Я думаю, што яна досыць моцны чалавек, каб гэта вытрымаць. Хоць гэта і вельмі цяжка - чатыры гады людзям за тое, што яны проста выйшлі і выказалі сваё меркаванне!», - Кажа Трафімава.

Аляксандр Пратасеня, брат асуджанага Андрэя прызнаўся, што цяпер баіцца браць у рукі тэлефон - прыйдзецца тэлефанаваць маці і паведамляць пра прысуд:

«Цяжэй за ўсё гэта адбіваецца на бацьках. Мне цяпер трэба будзе тэлефанаваць маці, чаго я вельмі не хачу рабіць. Таму што я ведаю, якая будзе ейная рэакцыя. Мне цяпер трэба ехаць да яе, і проста быць побач. Я спадзяюся, што яна гэта перажыве і гэта адаб'ецца на ейным здароўі з мінімальнымі наступствамі».

Назваўшы прысуд несправядлівым, Аляксандр выказаў упэўненасць, што брат годна вытрымае заключэнне і выйдзе на волю такім жа сумленным чалавекам, якім быў да турмы.

Сябар Зміцера Дразда літаратар Язэп Янушкевіч распавёў, што ў яго былі вялікія планы - ён збіраўся выдаць сваю кнігу і пачаць працу над наступнай. Пакуль гэтыя планы давядзецца адкласці. Але кажа, ёсць надзеі, што Зміцер выйдзе раней па амністыі:

«Я лічу, што дзяржава яму яшчэ паўгады, а тое і год, скасціць, калі будзе чарговая амністыя. А ўсё астатняе - гэта бясспрэчна сумна».

Адвакаты усіх падсудных на пытанні журналістаў адказваць не сталі, але проста ў калідоры суду зладзілі невялікую нараду. Пасля якой запэўнілі сваякоў асуджаных - прысуд кожнага з пяцёрых будзе абскарджаны.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках