26 лiстапада 2024, aўторак, 21:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У беларускіх спецслужбаў гестапаўскія метады

84
У беларускіх спецслужбаў гестапаўскія метады

Спецслужбы схапілі актывіста «Еўрапейскай Беларусі» Андрэя Моўчана ў пад'ездзе і прыкавалі да батарэі кайданкамі.

Аблава на актывістаў грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», якая пачалася ўчора раніцай, працягнулася бліжэй да вечара. У Менску ў другі раз за дзень быў затрыманы Андрэй Моўчан. Пасля ператрусу ў 7 гадзін раніцы, затрымання і допыту ў Маскоўскім РУУС у якасці сведкі па справе аб падпале Дома правасуддзя Андрэя і яшчэ двух актывістаў адпусцілі. Праз некаторы час хлопец паехаў да свайго сябра Аляксандра Валанцэвіча, але таго не было дома. Затое ў пад'ездзе чакала засада з шасці супрацоўнікаў спецслужбаў, перадае ПЦ «Вясна».

Як стала вядома праваабаронцам, Андрэя Моўчана схапілі, прыкавалі да батарэі кайданкамі і сталі дапытвацца, дзе цяпер ягоны сябар Аляксандр Валанцэвіч. Малады чалавек адказаў, што не ведае. У яго забралі пашпарт і сотавы тэлефон. Людзі ў цывільным пагражалі, што кінуць актывіста ў багажнік і адвязуць туды, дзе даб'юцца патрэбных прызнанняў.

Пасля лаянкі і пагрозаў «ахоўнікаў парадку» на шум выбегла суседка і далучылася да абразаў у адрас хлопца, стаўшы на бок спецслужбаў. Калі жанчына сышла, Андрэю сказалі: «Цяпер, калі нешта здарыцца з суседкай, мы ўжо ведаем, хто сядзе».

Потым хлопца адпусцілі, але вернуты яму тэлефон апынуўся цалкам заблакаваны. Пра інцыдэнт паведамілі ягоныя сваякі, якія зараз асцерагаюцца правакацый - як супраць самога Андрэя, так і супраць іншых прыхільнікаў «Еўрапейскай Беларусі».

Па іхніх словах, яшчэ адным актуальным пытаннем для спецслужбаў стала пытанне «Хто распавёў аб усім журналістам?» - яго таксама задавалі прыкаванаму кайданкамі Андрэю Моўчану.

Тым часам, як паведамляе прэс-служба «Еўрапейскай Беларусі», кватэра Аляксандра Валанцэвіча была ўскрытая без прысутнасці гаспадара, праводзіўся ператрус, рэчы валяліся ў беспарадку. Андрэй Моўчан налічыў у кватэры 6 чалавек. Двое з іх, на думку актывіста, былі з КДБ. Кватэру апячаталі.

Каардынатарам «Еўрапейскай Беларусі» з'яўляецца асуджаны на 5 гадоў турмы кандыдат у прэзідэнты Андрэй Саннікаў.

Напісаць каментар 84

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках