22 лiстапада 2024, Пятніца, 23:19
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Андрэй Саннікаў: Я ўпэўнены, што мы пераможам і вельмі хутка

145
Андрэй Саннікаў: Я ўпэўнены, што мы пераможам і вельмі хутка

Асуджаны кандыдат у прэзідэнты Беларусі Андрэй Саннікаў сустрэўся сёння ў СІЗА на Валадарскага з жонкай Ірынай Халіп.

«Андрэй быў вельмі бадзёры і аптымістычны. Я яго не бачыла 5 месяцаў, бачыла толькі па тэлевізары, калі пачаўся суд, і я сядзела пад хатнім арыштам. Гэта была адзіная магчымасць убачыць мужа. Я кожныя паўгадзіны да 2 ночы глядзела па «Еўраньюс» адзін і той жа дзвюххвілінны сюжэт. І тады мяне ўразіў цалкам стомлены твар Андрэя. А сёння я ўбачыла бадзёрага, вясёлага, падцягнутага, памаладзелага чалавека, які выпраменьвае аптымізм і абсалютна ўпэўнены ў тым, што мы пераможам і вельмі хутка», - распавяла сайту charter97.org Ірына Халіп.

«Натуральна, мяне турбавала, што з ім было пасля заявы аб катаваннях у СІЗА КДБ, і Андрэй сказаў, што санкцый да яго не было, мабыць, спалохаліся публічнасці», - сказала жонка палітвязня.

Андрэй Саннікаў прасіў жонку перадаць словы ўдзячнасці ўсім, хто не пакінуў ягоную сям'ю, усім журналістам і праваабаронцам, якія здымалі, пісалі, крычэлі аб падзеях 19 снежня.

«Мы з ім абодва прыйшлі да высновы, што адна з галоўных задач у турме - пераканаць чалавека, што на яго ўсе забыліся. Андрэй прасіў падзякаваць і выказаць словы падтрымкі газетам «Народная воля» і «Наша Ніва». Ён не меў магчымасці чытаць гэтыя газеты ў зняволенні, але пазаўчора яму на развітанне ў СІЗА КДБ выдалі два старых нумары «Народнай волі» і адзін нумар «Нашай Нівы», - распавяла Ірына Халіп.

Здароўе ў кандыдата ў прэзідэнты, як ён запэўніў, стабілізавалася. Як ні дзіўна, на Валадарцы бытавыя ўмовы апынуліся лепшымі, чым у СІЗА КДБ. У камеры Андрэя Саннікава пакуль тры чалавекі і можна перадаваць больш шырокі асартымент прадуктаў. У якую калонію накіруюць палітвязня, пакуль невядома, таму ён папрасіў выпісаць яму незалежныя газэты на чэрвень.

«Я перадала Андрэю ўсе прывітанні ад сяброў, якія вельмі хацелі выказаць яму словы падтрымкі. Але самае галоўнае, мы змаглі з ім пагаварыць пра Даньку. Больш за ўсё Андрэя цікавіць, як сын адзначыў дзень нараджэння, што ён малюе і як ён успрымае ягоныя казкі. Справа ў тым, што Андрэй стаў пісаць у камеры казкі для Дані. Гэта казкі пра двух сяброў-мышанятаў, якія трапляюць у розныя гісторыі. Я яго запэўніла, што Даня ў захапленні ад казак і ўжо пачаў складаць казкі ў адказ для таты», - распавяла Ірына Халіп.

Спатканне Андрэя Саннікава з Ірынай Халіп доўжылася ўсяго гадзіну, размаўлялі муж і жонка праз шкло.

Напісаць каментар 145

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках