24 снежня 2024, aўторак, 16:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Магчымасьці ціску на Беларусь для Расеі цяпер вельмі добрыя

15
Магчымасьці ціску на Беларусь для Расеі цяпер вельмі добрыя

Валютны і фінансавы крызіс у Беларусі і магчымасьці Расеі – тэма гутаркі з расейскім палітолягам, дырэктарам Міжнароднага інстытуту палітычнай экспэртызы Яўгенам Мінчанкам.

Дракахруст: На ваш погляд, у чым прычыны цяперашняга валютнага і фінансавага крызісу ў Беларусі, наколькі ён сур’ёзны? Як гэта бачыцца з Масквы?

Мінчанка: Прычына відавочная – дысбалянс экспарту і імпарту. Беларусь столькі не вырабляе на экспарт, колькі ўвозіць. Аб'ёмы выраблянай прадукцыі, якія дэкляруюць беларускія ўлады, уражваюць, але значная частка гэтых аб'ёмаў ідзе на склад і не прыносіць валютнай выручкі.

Гэтага і варта было чакаць. Прагнозы пра тое, што валютны крызіс у Беларусі раней ці пазьней адбудзецца, рабіліся з пачатку мінулага году.

Дракахруст: А ці магчыма, на ваш погляд, што гэты крызіс набудзе палітычнае вымярэньне, спародзіць акцыі пратэсту, расколы ва ўладнай эліце Беларусі?

Мінчанка: Я мяркую, што так. Аўтарытэт Лукашэнкі ў значнай ступені базаваўся на тым, што ён вырашае задачы, якія стаяць перад краінай, ён забясьпечвае кантракты зь іншымі краінамі, ён забясьпечвае прыток грошай. Калі ён гэтага не забясьпечвае, узьнікае пытаньне, навошта эліце на яго ставіць.

Хоць трэба заўважыць, што Лукашэнка выкарыстоўвае тэхналёгію, характэрную для аўтарытарных рэжымаў – гэта ўвесьчасная ратацыя і “зачыстка”, ён увесь час саджае прадстаўнікоў уласнага магілёўскага клану. Таму казаць, што ў Беларусі існуюць нейкія больш- менш самастойныя эліты, прынамсі наіўна. Пагатоў у іх няма ўласнай эканамічнай базы, бо прамысловасьць дзяржаўная.

Што да насельніцтва, то апазыцыя маргіналізаваная, альтэрнатыўных апазыцыйных сілаў няма. Так што, з аднаго боку, шлях да незадаволенасьці, відавочна, існуе, а з другога боку, сёньня няма людзей, якія маглі б гэтую незадаволенасьць падхапіць і накіраваць.

Дракахруст: На ваш погляд, якія альтэрнатывы ёсьць у Расеі? Ці можа яна прыйсьці на дапамогу Беларусі? Што можа папрасіць за дапамогу?

Мінчанка: Пытаньне тое самае – прыватызацыя актываў, прыход у Беларусь расейскага капіталу, адкрыцьцё рынкаў для расейскай прадукцыі. Бо сёньня ступень закрытасьці рынку Беларусі прыкладна такая самая, як і ступень закрытасьці для расейскіх тавараў рынку Эўразьвязу. Па колькасьці разнастайных бар'ераў Беларусь проста чэмпіён на постсавецкай прасторы ў стасунках з Расеяй, хаця мы зьяўляемся сябрамі Мытнага зьвязу, адзінай эканамічнай прасторы, ЭўрАзЭС.

Дракахруст: А ці здолее Расея дамагчыся гэтых мэтаў? Раней здараліся падобныя сытуацыі, але гэтага дамагчыся не ўдавалася...

Мінчанка: Я мяркую, што цяпер умовы больш спрыяльныя з прычыны таго, што, па-першае, існуюць такія міждзяржаўныя мэханізмы, як Мытны зьвяз, адзіная эканамічная прастора і ЭўрАзЭС, па-другое, эканамічная сытуацыя ў Беларусі крытычная і, па-трэцяе, няма магчымасьці гуляць у тую гульню, у якую так любіць гуляць Лукашэнка – лавіраваць паміж Расеяй, Захадам, Кітаем, Лацінскай Амэрыкай.

Эўразьвяз цяпер заблякаваў праграму дапамогі Беларусі. Лацінская Амэрыка і Кітай ня здольныя сур’ёзна вырашыць тыя пытаньні, якія сёньня стаяць перад Беларусьсю. Яны могуць прапанаваць нейкія рынкі, але яны не заменяць абароту з Расеяй. Таму я мяркую, што магчымасьці для ціску сёньня вельмі добрыя.

Радыё Свабода

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках