Вялікабрытанія: Сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі - крытычная
12- 1.04.2011, 17:35
У апублікаваным сёньня дакладзе Міністэрства замежных справаў Вялікабрытаніі аб датрыманьні правоў чалавека ў сьвеце ў 2010 годзе, сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі акрэсьліваецца як "крытычная".
Беларусь трапіла ў лік 25 краінаў сьвету, якія выклікаюць найбольш сур’ёзную заклапочанасьць ведамства замежных справаў Вялікабрытаніі. Cытуацыя з правамі чалавека ў гэтых краінах разглядаецца больш дэталёва, чым у іншых. Сярод гэтых краінаў: Аўганістан, Бірма, Кітай, Калюмбія, Куба, Конга, Іран, Ірак, Ізраіль, Лібія, Пакістан, Расея, Саудаўская Арабія, Туркмэністан, Узбэкістан, Віетнам, Емэн, Зімбабвэ, паведамляе Радыё Свабода.
Даклад адзначае, што прэзыдэнцкія выбары 19 сьнежня 2010 сталі для беларускай улады змарнаваным шанцам прадэманстраваць сваю зацікаўленасьць у паляпшэньні дэмакратычных стандартаў у краіне.
Паводле дакумэнту, беларускія ўлады не клапоцяцца пра захаваньне і абарону правоў чалавека у краіне, успрымаючы іх, у найлепшым выпадку, як нешта неабавязковае, а ў найгоршым – як прадмет торгу, каб атрымаць нейкія эканамічныя або палітычныя выгады ад міжнароднай супольнасьці.
Міністэрства замежных справаў Вялікабрытаніі лічыць працэсы над удзельнікамі пратэсту 19 сьнежня ў Менску палітычна матываванымі.
Брытанскі даклад адзначае, што ў Беларусі ў адносінах да затрыманых і арыштаваных ужываюцца катаваньні (канкрэтна прыводзіцца прыклад арыштаванага Андрэя Саньнікава).
У дакумэнце таксама адзначаецца, што ў Беларусі чыняцца перашкоды ў дзейнасьці праваабаронцаў, а айчынным і замежным журналістам даводзіцца працаваць пад вялікім ціскам уладаў.