23 лiстапада 2024, Субота, 17:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Андрэю Саннікаву - 57. «Наша вера, надзея і любоў з табой»

281
Андрэю Саннікаву - 57. «Наша вера, надзея і любоў з табой»

Кандыдату ў прэзідэнты Беларусі Андрэю Саннікаву 8 сакавіка споўнілася 57 гадоў. Вось ужо 2,5 месяцы ён знаходзіцца ў СІЗА КДБ.

Напярэдадні маці палітвязьня Ала Уладзіміраўна Саннікава адправіла сыну ў СІЗА КДБ тэлеграму з такім тэкстам:

«Андрэйка, даражэнькі мой, віншую з днём народзінаў! Здароўя, сілы духу. Вера, надзея і наша любоў з табой. Трымайся! Цалую. Мама».

«Шмат бы яму яшчэ сказала, усё, што думаю зараз, што жадаю вытрымаць усе гэтыя выпрабаванні. Сказала б тое, што можна сказаць, толькі гледзячы ў вочы сыну. Што вельмі хвалююся, перажываю за яго, але веру, што будзе і нашай вуліцы свята», - кажа Ала Саннікава у інтэрв'ю сайту charter97.org.

Жонка Андрэя Саннікава - Ірына Халіп - знаходзіцца пад хатнім арыштам і сама адправіць мужу тэлеграму не можа. Гэта сёння зрабілі ейныя бацькі.

«Паслалі сёння тэлеграму, вельмі доўга працавалі над тэкстам, каб не збянтэжыць тых, хто будзе чытаць яе Андрэю. Вельмі ўсхваляваўся з гэтай нагоды маленькі Даня. Ён сказаў, што чакае, што ў гэты дзень вернецца тата, і тады ён выкліча таксі і павязе ўсіх нас у шкляны дом з ліфтам (Данька вельмі любіць катацца на ліфтах)... Мы напісалі Андрэю, што ўсе яго вельмі любяць, і што не толькі мы, што ўсе далучаюцца да гэтага віншавання. Што мы ўсе памятаем яго і спадзяемся, гэта апошні ягоны дзень народзінаў, калі мы не разам. Каб ён верыў, спадзяваўся, бярог сябе і чакаў.

Мы ўсе рыхтуемся адзначыць дзень нараджэння Андрэя, хочам правесці гэты дзень разам, каб Андрэй інтуітыўна адчуў, што мы побач, што гэтая д'ябальская задума уладаў праваліцца, і ён будзе на свабодзе.

Зло радавацца не будзе. Гэтыя хлопцы з улады зайшлі занадта далёка, хоць яны яшчэ гэтага не зразумелі, а ўсе вакол зразумелі. Яны пераступілі рысу, а гэтага рабіць нельга. Інакш надыходзіць канец. Падзеі 19 снежня - гэта быў расстрэл рэжыму. Ім канец. І колькі б яны не пратрымаліся, канец непазбежны. Вярнуцца ў ранейшы стан ужо немагчыма, ніхто ім рукі не падасць, яны застануцца падонкамі», - заявіў Уладзімір Халіп.

Напісаць каментар 281

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках