24 снежня 2024, aўторак, 5:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Самы памятны Дзень Волі

1
Самы памятны Дзень Волі

Першае публічнае сьвяткаваньне Дня Волі ў Менску адбылося каля Тэатральна-мастацкага інстытуту ў 1989 годзе.

Студэнты, моладзь тады зладзілі першы пэрформанс. З тае пары ў Беларусі 25 сакавіка адзначаецца штогод. Якое сьвяткаваньне Дня Волі за часы найноўшай гісторыі Беларусі найбольш запомнілася палітыкам, грамадзкім дзеячам, інтэлігенцыі, паведамляе «Радыё Свабода».

Прафэсар, доктар гістарычных навук Анатоль Грыцкевіч шмат навуковых прац прысьвяціў абвяшчэньню Беларускай Народнай Рэспублікі ў 1918 годзе. Што да самага памятнага сьвяткаваньня, прафэсар Анатоль Грыцкевіч узгадаў:

«Перш за ўсё тады, калі была абвешчана незалежнасьць. Гэта быў, здаецца, 1993 год. Мы спачатку рыхтаваліся адкрыта. Улады крыху перашкаджалі, але ня так каб занадта... Я памятаю, як на ўрачыстасьцях у канцэртнай залі філярмоніі быў нават тагачасны старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Язэп Сажыч. Ён проста ня мог паверыць... Вось тады было добра. Але для мяне ўсё роўна кожны год 25 сакавіка — гэта сьвята: маё, маёй сям’і, усіх маіх сяброў».

Палітык Вінцук Вячорка пачынаў сьвяткаваць Дзень Незалежнасьці яшчэ ў 1980-х у падпольлі, пазьней быў заяўнікам і арганізатарам многіх акцый. Ён пасьлядоўны прыхільнік таго, каб называць 25 сакавіка так, як дзесяцігодзьдзямі гэты дзень і называўся — Дзень незалежнасьці. А Дзень Волі — гэта ўжо пазьнейшая мэтафара, якая, на думку Вінцука Вячоркі, не павінна засланяць яго першаснае значэньне. Што да самых памятных сьвяткаваньняў, ён узгадвае:

«Калі гаварыць пра сьвяточныя, пачатку 90-х, адзначэньні 25 сакавіка, то гэта, безумоўна, акцыі каля помніка Янку Купалу альбо на амфітэатральных прыступках ля Опэрнага тэатру — вельмі прыгожа, моцна аздобленыя, з выдатным мастацкім афармленьнем, зь вялікімі партрэтнымі кампазыцыямі першай Рады БНР. Ну і, канечне, гэта 1996 год. Гэты дзень набыў афарбоўку пратэстную, пратэставалі адчайна супраць здачы незалежнасьці. Якраз той адчай, магчыма, і прытрымаў злачынныя спробы зьнішчыць нашу незалежнасьць літаральна праз два гады пасьля прыходу да ўлады цяперашняга валадара».

25 сакавіка 1996 году каля Тэатру опэры і балету адбылася, бадай, самая шматлюдная акцыя ў найноўшай гісторыі Беларусі — на яе сабралася больш за 50 000 чалавек.

У 1989 годзе студэнт тэатральнага інстытуту Алесь Пушкін зладзіў першы пэрформанс на Дзень Волі. Ён вынес на ганак інстытуту бусла, зробленага з паперы. 71 балёнік сымбалізаваў 71 год Беларускай Народнай Рэспублікі. Пушкіна і яшчэ 35 чалавек тады затрымалі. А які самы памятны Дзень Волі для мастака Пушкіна?

«Сёньняшні. Таму што сёньня з раніцы я прынёс велічэзны пляншэт даўжынёй у тры з паловай мэтры, паставіў яго на цэнтральнай плошчы мястэчка Бобр. На пляншэце намаляваны эскізны праект рэканструкцыі і добраўпарадкаваньня цэнтру мястэчка Бобр. Я дапісваю апошнія штрыхі на гэтым праекце, сьвеціць сонейка, ідуць людзі, дзеці падыходзяць, глядзяць. Я малюю тут акварэлькай... Гэта канструктыўная прапанова апазыцыянэра-мастака свайму сельсавету і раённым уладам. Занясу ўвечары гэты праект, каб прынялі да ведама, разгледзелі, бо праз 5 гадоў будзе 500 год мястэчку...»

Праўда, адбылася і адна непрыемнасьць. Апоўдні да Алеся Пушкіна пад’ехалі міліцэйскія начальнікі, абшукалі мастака, выцягнулі з-за пазухі бел-чырвона-белы сьцяг, які ён зьбіраўся разгарнуць крыху пазьней. Сьцяг забралі. Але гэты прыкры эпізод не азмрочыў сьвяточнага настрою Пушкіна.

Актывістка «Маладога фронту» 20-гадовая Наста Палажанка — равесьніца незалежнасьці Беларусі:

«Калі я гадоў у 14–15 даведалася пра падзеі 1918 году, я адчула пэўны гонар за сваю Бацькаўшчыну, якая была тады, адчуваю гонар за Бацькаўшчыну і цяпер, і за тую Бацькаўшчыну, якую я хачу бачыць у будучыні. Для мяне Дні Волі больш атаясамліваюцца з вулічнымі пратэстамі за вяртаньне таго, што мы б хацелі, каб нам належала. Для мяне, калі я далучылася да „Маладога фронту“ ў 2004 годзе, гэта стала ня нейкім гламурным сьвяткаваньнем, не сустрэчамі зь сябрамі, не. Для мяне гэта стала вулічным процістаяньнем, дэманстрацыяй моцы і характару, і моцы арганізацыі. І ўсьведамленьне годнасьці — што мы такія, што мы не скарыліся ні тады, ні цяпер».

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках