23 лiстапада 2024, Субота, 22:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Колькасць арыштаваных за Плошчу працягвае расці

3

Праваабаронцам стала вядома аб новым фігуранце ў справе аб так званых масавых беспарадках - Андрэі Пратасені, які быў затрыманы яшчэ 9 лютага і знаходзіцца ў СІЗА КДБ.

Як паведамляе сайт ПЦ «Вясна» са спасылкай на брата арыштаванага, Пратасеня абвінавачваецца па ч. 2 арт. 293 КК - "удзел у масавых беспарадках". У цяперашні час Пратасеня знаходзіцца ў СІЗА КДБ, адкуль даслаў бацькам тры лісты.

Як паведамлялася, у сераду праваахоўнымі органамі Беларусі па справе ў масавых беспарадках у Менску затрыманы 28-гадовы менчук Зміцер Даронін.

Па інфармацыі беларускіх праваабаронцаў, Даронін падазраецца ва ўчыненні правапарушэння па арт. 293 Крымінальнага кодэксу - "Масавыя беспарадкі”, ён змешчаны ў Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў на вуліцы Акрэсціна ў беларускай сталіцы. У кватэры, дзе Даронін пражывае з бацькамі, быў праведзены ператрус, канфіскаваны сістэмны блок кампутара.

Як паведамляюць праваабаронцы, па «справе аб 19 снежня» ў статусе абвінавачаных знаходзяцца 36 чалавек, з іх 23 ўтрымліваюцца пад вартай у чаканні судоў, 2 - пад хатнім арыштам, 9 - пад падпіскай аб нявыездзе. У статусе падазраваных - 13 чалавек, з іх 2 знаходзяцца за межамі краіны, пераважная большасць - пад падпіскай аб нявыездзе.

Чацвёра фігурантаў крымінальнай справы асуджаныя да пазбаўлення волі, двое - да штрафаў і адзін - да абмежавання волі без накіравання ў спецустановы.

Сярод абвінавачаных 5 кандыдатаў у прэзідэнты - Андрэй Саннікаў і Мікалай Статкевіч, якія знаходзяцца ў СІЗА КДБ, Уладзімір Някляеў - пад хатнім арыштам, Віталь Рымашэўскі быў адпушчаны пад падпіску аб нявыездзе. Месцазнаходжанне кандыдата Алеся Міхалевіча, адпушчанага з СІЗА КДБ пад падпіску аб нявыездзе, у цяперашні час невядомае. Напярэдадні А. Міхалевіч даслаў сваім паплечнікам па руху «За свабоду» аўдыёзварот, у якім сцвярджае, што знаходзіцца за мяжой.

Сярод падазраваных таксама два кандыдаты ў прэзідэнты Рыгор Кастусёў і Зміцер Ус, з якіх ўзятая падпіска аб нявыездзе.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках