Дзеля расейскага крэдыту Нацбанк пайшоў на саступкі
9- 16.03.2011, 17:14
Абмежаванне на правядзенне авансавых плацяжоў на карысць рэзідэнтаў Расеі і Казахстана знятае.
"У мэтах безумоўнага выканання Рэспублікай Беларусь наяўных міжнародных абавязацельстваў у межах Дамовы аб Мытным саюзе і Адзінай эканамічнай прасторы Нацыянальны банк з 16 сакавіка 2011 дазволіў беларускім імпарцёрам свабоднае правядзенне авансавых плацяжоў па знешнегандлёвых дамовах у карысць суб'ектаў гаспадарання Расейскай Федэрацыі і Рэспублікі Казахстан", гаворыцца ў прэс-рэлізе Нацыянальнага банка Беларусі.
Дадзенае рашэнне змяшчаецца ў лісце Нацыянальнага банка ад 16 сакавіка 2011 г. № 31-16/75 "Дазвол на правядзенне імпарцёрамі авансавых плацяжоў у карысць рэзідэнтаў Расейскай Федэрацыі і Рэспублікі Казахстан".
"Ліквідацыя існуючых бар'ераў і абмежаванняў закліканая спрыяць далейшай гарманізацыі развіцця рынкавых адносінаў дзяржаваў і стварэння роўных умоваў і магчымасцяў гаспадарчым суб'ектам трох краін у частцы ажыццяўлення імі знешнеэканамічнай дзейнасці", заявілі ў прэс-службе Нацбанка.
Нагадаем, учора міністр фінансаў Расеі Аляксей Кудрын намякнуў на магчымасць атрымання Беларуссю крэдытаў ад Расеі і антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС у памеры 3 млрд даляраў у выпадку выканання "некаторых умоваў".
Адмена хваравітай забароны на імпарт супала з увядзеннем новага абмежавання на валютныя аперацыі. Тэрмін рэзервавання сродкаў у беларускіх рублях на набыццё замежнай валюты на біржавых таргах з 16 сакавіка 2011 часова павялічваецца да 30 каляндарных дзён.