24 лiстапада 2024, Нядзеля, 4:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

The Independent аб забойствах і выкраданнях ў Беларусі

22
The Independent аб забойствах і выкраданнях ў Беларусі

Злачынствы рэжыму Лукашэнкі пачаліся яшчэ ў 1999 годзе, і нельга на гэтае забывацца.

Анатоль Красоўскі з'яўляецца адным са шматлікіх дысідэнтаў Беларусі, зніклых у часы апошняй дыктатуры ў Еўропе, піша піша The Independent.

У апошні раз Ірына Красоўская бачыла свайго мужа ў другой палове дня, 16 верасня 1999 года. У іх была кватэра ў Менску, у гэты дзень пара планавала адсвяткаваць мінулы дзень нараджэння Ірыны кавай і пірожнымі.

«Гэта быў напружаны тыдзень, і ў нас не было часу, каб адзначаць», узгадвае яна. «Мой муж патэлефанаваў і сказаў, што перад тым як вярнуцца, ён збіраецца пайсці ў лазню з сябрам, я запакавала ягоныя ручнікі і прывезла іх яму на працу. Вярнулася дадому, каб прыгатаваць торт, з тых часоў мы яго больш не бачылі».

Муж Ірыны, Анатоль Красоўскі, быў паспяховым бізнэсмэнам і блізкім сябрам Віктара Ганчара, вядомага апазыцыйнага палітыка, лютага крытыка беларускага кіраўніка Аляксандра Лукашэнкі. Па шляху назад з лазні, на вуліцы Фабрычнай, іхні аўтамабіль быў спынены, сяброў сілай выцягнулі на вуліцу; з тых часоў іхнія целы не былі знойдзеныя. Яны з'яўляюцца толькі двума з мноства дысідэнтаў, якія зніклі пры рэжыме, які ўжо даўно карыстаецца сумнеўнай назвай «апошняя дыктатура ў Еўропе».

Праз дзесяць гадоў, служба бяспекі Лукашэнкі - якая па-ранейшаму носіць назву КДБ - зноў у дзеянні, пераследуе дэмакратычных актывістаў і праводзіць сотні арыштаў. Арганізацыі па правах чалавека прыраўноўваюць гэта да працэсаў савецкай эпохі. Беларусь працягвае заставацца адным з горшых заходніх парушальнікаў правоў чалавека і адзінай краінай у Еўропе, у якой усё яшчэ дзейнічае смяротнае пакаранне. Аднак шматлікія актывісты вінавацяць міжнародную супольнасць у няздольнасці супрацьдзейнічаць больш раннім парушэнням, якія звязаныя з кіраваннем Лукашэнкі.

«Калі пачаліся знікненні, Лукашэнка перайшоў маральную рысу», - кажа Красоўская, якая збегла ў Злучаныя Штаты са сваімі двума дочкамі. «Міжнародная супольнасць магла спыніць яго яшчэ тады, але яна гэтага не зрабіла. Як толькі ён убачыў, што ніколі не будзе пакараны, ён зразумеў, што можа рабіць усё, што яму захочацца».

Знікненні пачаліся ў маі 1999 года, калі знік Юрый Захаранка, былы міністр унутраных спраў, які карыстаўся папулярнасцю ў войска і КДБ. У 1995 годзе ён быў звольнены і далучыўся да апазыцыі. З тых часоў ён паступова ўмацоўваў сваё асяроддзе, але 7 мая 1999 года знік. Апошні раз, калі яго бачылі жывым, 59-гадовага палітыка заштурхоўвалі ў машыну ўсяго ў некалькіх метрах ад ягонага дома.

У наступным годзе прапаў без вестак былы асабісты аператар Лукашэнкі. Зміцер Завадскі дакументаваў шлях прэзідэнта да ўлады ў перыяд з 1994 па 1997 год. Пасля ён перайшоў на працу ў ОРТ, і патрапіў у няміласць рэжыму пасля серыі непахвальных рэпартажаў пра Беларусь, у тым ліку пра беларускіх салдат, якія ваявалі на абодвух баках падчас вайны ў Чачні. 7 ліпеня 2000 года ён паехаў у Менскі аэрапорт, але туды ён ужо не вярнуўся. На закрытым судовым пасяджэнні, за ягонае выкраданне былі асуджаныя два спецназаўца. Але мала хто верыць у іх дачыненне да злачынства.

Многія іншыя праціўнікі рэжыму зніклі ці памерлі пры сумнеўных абставінах, але знікненні Захаранкі, Красоўскага і Ганчара, мелі шмат агульных момантаў, якія - дзякуючы апантанасці КДБ папяровымі запісамі - выразна паказваюць на дачыненне КДБ да гэтых знікненняў.

7 мая і 16 верасня 1999 года пісталет PB 9 быў забраны з СІЗА-1 - турмы ў цэнтры Менска. Пісталет, з серыйным нумарам PO57C, выкарыстоўваўся выключна для смяротных пакаранняў, якія ў Беларусі праводзяцца стрэлам у патыліцу. У гэтыя дні ў СІЗА-1 ніхто не быў афіцыйна пакараны.

Мы ведаем, што пісталет быў выдадзены, бо Алег Алкаеў, які ў той час быў кіраўніком СІЗА-1, адказваў за падпаддзяленне, адказнае за правядзенне смяротнага пакарання, збег з Беларусі разам з дасье і доказамі. Пасля таго, як ён прыбыў у Германію, стала прасочвацца інфармацыя пра тое, што падпаддзяленне на чале з ветэранам спецназа палкоўнікам Дзмітрыем Паўлічэнкам паводле загадаў рэжыму ладзіў забойствы і выкраданні вядомых дысідэнтаў.

Паколькі ўлады ў Беларусі адмаўляюць гэтыя абвінавачванні і не расследуюць знікненні, Рада Еўропы правяла сваё ўласнае расследаванне. Даклад кіпрскага дэпутата Хрыстаса Пургурыдэса быў рэзка асуджальным.

«[Я] лічу, што былі прынятыя меры на самым высокім узроўні, каб схаваць сапраўдныя прычыны знікнення», пісаў ён. «І [я] падазраю, што вышэйшыя службовыя асобы ў дзяржаве маглі асабіста прымаць удзел у гэтых знікненнях».

Пургурыдэс заклікаў беларускія ўлады распачаць крымінальную справу супраць палкоўніка Паўлічэнкі, Віктара Шэймана, які ў той час быў генеральным пракурорам, і Юрыя Сівакова, у той час міністра ўнутраных спраў. Усе трое па-ранейшаму з'яўляюцца ключавымі ўдзельнікамі каманды Лукашэнкі.

Жонка Зміцера Завадскага Святлана, якая ўсё яшчэ жыве ў Беларусі, лічыць, што ўся праўда пра зніклых дысідэнтаў будзе выяўленая толькі тады, калі міжнародная супольнасць прымусіць Лукашэнку.

«[Мы] прайшлі праз усе ўнутраныя юрыдычныя працэдуры, але ў нас не было незалежнага расследавання, а людзі, якія датычныя да выкрадання і забойства журналіста не панеслі справядлівага пакарання», сказала яна. «Я даўно чакаю дапамогі ад міжнароднай супольнасці ў пакаранні вінаватых, і тых, хто арганізаваў гэтае бесчалавечнае злачынства».

Падазроная смерць Алега Бябеніна

У апошнія гады агенты Лукашэнкі звяртаюцца да больш тонкіх спосабаў запалохвання і ціску на апанентаў рэжыму, у асноўным за кошт жорстка кантраляванага «правасуддзя» у краіне. Але ёсць і такія, якія лічаць, што забойства ўсё яшчэ застаецца на ўзбраенні КДБ.

У верасні мінулага года, вядомы вэб-журналіст Алег Бябенін быў знойдзены мёртвым у сваім доме. Перадвыбарная кампанія толькі пачалася, і вэб-сайт пад кіраваннем Бябеніна Хартыя-97, ужо быў адным з самых актыўных рэсурсаў згуртавання дэмакратычных актывістаў.

У сваім дакладзе афіцыйны следчы сказаў, што 36-гадовы журналіст павесіўся, але многія з сяброў Алега сумняюцца, што чалавек ў ягоным становішчы - без дэпрэсій, у самым пачатку выбарчай кампаніі - мог бы раптам звесці рахункі з жыццём.

У Бябеніна была запланаваная сустрэча з Майкам Харысам, навуковым супрацоўнікам брытанскай групы свабоды слова «Індэкс цэнзуры», на наступны дзень пасля ягонай смерці.

«Калі я прыляцеў, ён быў знойдзены павешаным», узгадвае Майк. «Існуюць сур'ёзныя разыходжанні паміж афіцыйным дакладам следчага і тым, што кажуць відавочцы, у тым ліку кандыдат у прэзідэнты - і сябар Алега - Андрэй Саннікаў пра тое, што яны бачылі на месцы смерці. Пахаванне Алега было акружанае аўтамабілямі, запоўненымі супрацоўнікамі КДБ».

Відавочцы, якія знайшлі цела, распавялі Amnesty International, што на целе Бябеніна былі сінякі, а на руках быў бруд, мяркуючы, што магчыма гэта маглі быць сляды барацьбы. У гасцінай былі выяўленыя дзве пустыя бутэлькі з-пад беларускага бальзаму, лікёра з высокім утрыманнем алкаголю, але сябры сцвярджаюць, што журналіст ніколі не піў беларускі бальзам. Ён быў у куртцы, не пакінуў перадсмяротную запіску, а па смс дамаўляўся з сябрамі пайсці ўвечары ў кіно.

Цяжка, калі ўсведамляеш, што большасць з тых, хто прысутнічаў на пахаванні Бябеніна, сёння знаходзяцца ў турме, - каментуе Харыс.

«На пахаванні я сустрэў шмат смелых прадстаўнікоў палітычнай апазіцыі», - кажа ён. «І многія з гэтых людзей, напрыклад Андрэй Саннікаў, Зміцер Бандарэнка, Наталля Радзіна, Аляксандр Атрошчанкаў, якія прысутнічалі на пахаванні, у цяперашні час знаходзяцца ў турме, чакаючы суду, або пад хатнім арыштам».

Пераклад - сайта charter97.org

Напісаць каментар 22

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках