23 лiстапада 2024, Субота, 4:45
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Палітвязняў можна падтрымаць па Інтэрнэце

20
Палітвязняў можна падтрымаць па Інтэрнэце

Адзін са стваральнікаў праекта Андрэй Кім паведаміў, што ў Інтэрнэце адкрыты сайт падтрымкі палітычных зняволеных.

Па ягоных словах, цяпер падтрымаць беларускіх вязняў сумлення можна з дапамогай сусветнага сеціва, падпісаўшы на сайце pashtouka.org віртуальную паштоўку для іх.

- Ужо на працягу многіх гадоў мы рэгулярна праводзім кампаніі па адпраўцы паштовак палітвязням. За гэтыя гады тысячы пасланняў прыйшлі тым, хто арыштаваны ў Беларусі за свае перакананні. Я сам быў у зняволенні (Кім быў асуджаны на паўтара гады зняволення па крымінальнай справе, узбуджанай пасля акцыі пратэсту прадпрымальнікаў у 2007 годзе. - БелаПАН.) І ведаю, наколькі важныя словы падтрымкі. За час адсідкі я атрымаў некалькі сотняў такіх паштовак, і кожная з іх была як глыток свежага паветра. Аднак такія кампаніі былі абмежаваныя геаграфічна, не заўсёды атрымлівалася перадаць паштоўку для падпісання людзям з іншых гарадоў, а тым больш краін. Акрамя таго, нават з суседняй Расеі лісты і паштоўкі ідуць у беларускую турму больш за месяц, - адзначыў Кім.

Па ягоных словах, з дапамогай сайта pashtouka.org любы чалавек, дзе б ён ні знаходзіўся, можа напісаць ліст палітвязню. Дастаткова выбраць адрасата, паштоўку і ўвесці тэкст паслання.

- А тут у Менску мы раздрукуем гэты тэкст на адваротным баку абранай паштоўкі і пашлем яе па пошце, - паведаміў Кім.

- Гэта проста і эфектыўна. Дзе б вы ні былі - у Маскве, Празе, Сіэтле, або Нью-Ёрку - вы зможаце адпраўляць словы падтрымкі ў беларускія турмы, не ўстаючы з-за кампутара. Больш за тое, зараз мы працуем над мабільнай версіяй сайта, каб адправіць паштоўку можна было нават па дарозе на працу. Вы можаце выбраць альбо сатырычныя паштоўкі ад Андрэя Більжо, які намаляваў іх спецыяльна для гэтага праекта, альбо іншыя паштоўкі, прысвечаныя правам чалавека, - сказаў Кім.

- Колькасць палітвязняў цяпер прыкладна роўна колькасці паштовак на нашым сайце. Спадзяюся, што колькасць першых будзе памяншацца, а другіх - павялічвацца. Я мару пра тое, каб тысячы людзей далучыліся да гэтай кампаніі і адправілі як мага больш паштовак. Бо тое, што сапраўды трэба беларускім палітвязням, - цёплыя словы падтрымкі і разумення, - можа цяпер даць кожны з нас. Гэта і ёсць салідарнасць, - лічыць Кім.

Напісаць каментар 20

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках