23 лiстапада 2024, Субота, 21:46
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Наста Палажанка: Бо пракляты, хто перакручвае суд

37
Наста Палажанка: Бо пракляты, хто перакручвае суд

Намесніца старшыні «Маладога Фронту» Наста Палажанка звярнулася з адкрытым лістом да суддзі Алены Шылько і г.зв. «пацярпелых» Канстанціна Савіцкага і Алега Малышава.

Яны павінны быць «галоўнымі героямі» ў судзе 21 сакавіка па справе лідэра «Маладога Фронту» Змітра Дашкевіча і актывіста Эдуарда Лобава. Прапануем тэкст ліста:

«Алена Шылько, Вам выпала быць суддзёй у працэсе над Змітром Дашкевічам і Эдуардам Лобавым 21 сакавіка. Павасуддзе - гэта радасць для справядлівага, і загуба для тых, што робяць зло. Гэтае пасланне адрасавана Вам як чалавеку, што бярэ на сябе адказнасць перад Богам і народам падчас ганебнага судовага працэсу над лідарамі “Маладога Фронту”.

Я звяртаюся да Вас з просьбаю не дапускаць беззаконня ў судзе і, нагадваючы пра маральную і крымінальную адказнасць за несправядлівы прысуд, заклікаю Вас вызваліць нашых сяброў і паплечнікаў.

Зміцер Дашкевіч, невысокі ўсмешлівы мужны і мудры малады чалавек, ёсць легендаю беларускага моладзёжнага руху. Чалавек, што прысвяціў жыццё выхаванню моладзі на грунце нацыянальнай ідэі і хрысціянскіх каштоўнасцяў. Евангельскі хрысціянін.

Зусім яшчэ юнак, але ў той жа час адважны вайсковец-дэсантнік Эдуард Лобаў усіх скарае сваёй шчырасцю сэрца і адкрытасцю душы. Гэты самаадданы хлопец не заслугоўвае бязвіннага зняволення.

Мы патрабуем справядлівага суда над нашымі сябрамі і паплечнікамі. Не забывайцеся, што ня з волі чалавека судзіце, але з волі Госпада, Які з вамі, калі каго судзіце. І ў Вашых інтарэсах рабіць суд справядлівы. Бо пракляты, хто перакручвае суд. (Другазаконне 1:16) Гора тым, што зло называюць дабром, а дабро – злом. (Ісая 57:2)

Я чалавек, што даўно расчараваны ў судовай сістэме РБ і не маю ніякіх ілюзій адносна прыняцця рашэнняў суддзямі. Але ў сваю чаргу, як верніца, хачу Вас папярэдзіць – за ўсё гэта будзе судзіць Гасподзь. (Эклезіяст 11:9). Калі несправядліва судзяць чалавека, ці Госпад ня бачыць?

Я недарма звяртаюся з гэтым зваротам да Вас у Дзень Канстытуцыі. Калі Божае слова ня ёсць аўтарытэтам да Вас, можа аўтарытэтам ёсць Канстытуцыя? Тады нагадваю, што “суддзi пры ажыццяўленнi правасуддзя незалежныя i падпарадкоўваюцца толькi закону”. (арт.110 Канстытуцыі).

Савіцкі Канстанцін, Малышаў Алег, Вам выпала быць пацярпелымі па крымінальнай справе Дашкевіча-Лобава. Сведка хлуслівы здзекуецца над судом (Выслоўі 19:28). Не дапусціце здзекаў з судовага працэсу 21 сакавіка, і Вы будзеце даспадобы Госпаду.

Хлопцы выйдуць рана ці позна.. Але Вы? Дзе апынецеся вы? Кожны будзе суджаны паводле сваіх шляхоў. І я заклікаю Вас, звяртаючыся да Пісання: Узненавідзьце зло, палюбіце дабро і аднавіце правасуддзе. (Амос 5:15).

Мы ў сваю чаргу будзем адстойваць усімі шляхамі вызвалення сваіх сяброў і ўсіх тых, хто цяпер застаецца за кратамі».

Напісаць каментар 37

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках