Дзяржслужачым забароняць атрымліваць «Карту паляка»
34- 4.11.2011, 11:08
Дзяржслужачым забароняць карыстацца ільготамі і перавагамі, якія прадстаўляюцца замежнымі дзяржавамі ў сувязі з палітычнымі, рэлігійнымі поглядамі або нацыянальнай прыналежнасцю.
А таксама атрымліваць дакументы, якія даюць такія ільготы і перавагі.
Законапраект, якім уносяцца адпаведныя папраўкі ў закон аб дзяржаўнай службе, плануецца прыняць у першым чытанні сёння на паседжанні «палаткі», паведамляе БелТА.
У прыватнасці, пералік абмежаванняў, звязаных з дзяржслужбай, дапаўняецца забаронай на атрыманне ільгот і пераваг ад замежных дзяржаваў. Пры гэтым замацоўваецца абавязак дзяржаўных служачых перадаць дакументы аб такіх ільготах ў кадравую службу дзяржаўнага органа. Невыкананне гэтых патрабаванняў будзе з'яўляцца падставай для вызвалення дзяржслужачага ад займанай пасады.
У адпаведнасці з прапанаванымі законапраектам папраўкамі пры паступленні на дзяржслужбу грамадзянін, які мае падобныя дакументы, будзе абавязаны іх перадаць у кадравую службу адначасова з прыняццем рашэння аб прызначэнні яго на дзяржаўную пасаду.
Тыя з дзяржслужачых, хто ў цяперашні час мае падобныя дакументы, у выпадку прыняцця паправак павінныя будуць на працягу месяца з моманту ўступлення закона ў сілу перадаць іх у кадравую службу.
Распрацоўшчыкі паправак лічаць, што такім чынам атрымаецца ліквідаваць канфлікт інтарэсаў пры праходжанні дзяржслужбы. Бо асноўнай функцыяй дзяржслужачага з'яўляецца служэнне дзяржаве. Таму ўчыненне якіх-небудзь актыўных дзеянняў у інтарэсах іншай дзяржавы з мэтай атрымання дакументаў аб ільготах і перавагах супярэчыць інтарэсам дзяржслужбы ў Беларусі.
Падставай для ўнясення паправак у заканадаўства стала распаўсюджванне ў Беларусі карты паляка. Закон Польшчы аб карце паляка дае асобным катэгорыям грамадзянаў Беларусі шэраг ільгот і пераваг на тэрыторыі Польшчы.