Алег Корбан: Лісты Лукашэнку не пісаў, інтэрв’ю БТ не даваў
10- Зміцер Панкавец
- 7.01.2011, 23:11
7 студзеня з «амерыканкі» быў вызвалены сябра АГП Алег Корбан. Ён узначальваў штаб Яраслава Раманчука па Мінску.
«Наша Ніва»: Алег, на падставе чаго Вас вызвалілі?
Алег Корбан: Выпусцілі на ўмовах падпіскі аб нявыездзе і неразгалошвання таямніцы следства. Я зразумеў, што на такіх самых умовах, як Рымашэўскага і Дзмітрыева. Забаранілі нават каментаваць умовы ўтрымання, якія цяжка назваць здавальняючымі. Днём выклікалі, сказалі, каб збіраўся. Чаму вызваляюць, не паведамілі.
«НН»: Можа таксама пісалі ліст на імя Лукашэнкі?
АК: Не, не пісаў. І нават ніхто не праапаноўваў. На БТ таксама інтэрв’ю не даваў. Я ўдзельнічаў у дачы паказанняў некалькі разоў. На пытанні, што тычыцца мяне адмаўляўся адказваць. Праходзіў допыт на паліграфе, што ніякага дачынення да біцця вокнаў я не маю. Следчы паводзіў сябе больш-менш спакойна, ніякіх наездаў на мяне не было.
«НН»: А як Вас затрымалі?
АК: Пасля сканчэння Плошчы. У раёне Нямігі. Мы ўжо спускаліся ў метро, калі на нас ззаду накінуліся людзі ў форме. Спачатку даставілі ў пастарунак, а ўжо потым — у «амерыканку».
«НН»: Можа бачылі ў турме яшчэ каго з арыштаваных?
АК: Не. Там такая сістэма, што ты нікога не бачыш. Нават калі вядуць на допыт, то згінаюць уніз. Бачыш толькі вартаўнікоў і людзей, што праводзяць допыт.
«НН»: Лісты даходзілі?
АК: Не. Дарэчы, і тыя, што дасылаў я, таксама не дайшлі да адрасатаў. Тэлевізар быў у камеры, але працаваў толькі 20 снежня. На наступны дзень ужо не.
«НН»: Бачылі заяву Яраслава Раманчука?
АК: Так. Лічу, гэта ягонай асабістай справай. Можа і ў нас у партыі нехта яе падзяляе. Але я на баку Анатоля Лябедзькі, пазіцыя якога больш жорсткая. Лічу, што заяву рабіць не варта было.
«НН»: А пра Лябедзьку што-небудзь ведаеце?
АК: У турме ходзяць чуткі, што ён і Статкевіч па-ранейшаму працягваюць галадоўку.
«НН»: У якім Вы зараз статусе знаходзіцеся?
АК: Абвінавачанага.