24 снежня 2024, aўторак, 2:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Андрэй Саннікаў: «Усё можа адбыцца вельмі хутка»

36
Андрэй Саннікаў: «Усё можа адбыцца вельмі хутка»

Беларусы стаміліся ад 16 гадоў дыктатарскага праўлення. Гэта адчуваецца ва ўсім.

Пра гэта ў інтэрв'ю «Голасу Амерыкі» заявіў лідэр грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», кандыдат у прэзідэнты краіны Андрэй Саннікаў.

У Менску прайшла цырымонія развітання з заснавальнікам апазіцыйнага інтэрнэт-партала charter97.org Алегам Бябеніным. Яго цела было знойдзена на яго лецішчы пад Менскам 3 верасня. Генеральная пракуратура Беларусі прыйшла да высновы, што Бябенін скончыў жыццё самагубствам.

Аднак каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў, які доўгі час супрацоўнічаў з Бябеніным (нябожчык быў супрацоўнікам яго перадвыбарчага штаба), не ўпэўнены ў справядлівасці афіцыйнай версіі.

- Што Вы можаце сказаць пра следства?

- Неабходных следчых дзеянняў не праводзіцца. Лецішча, на якім знайшлі Алега, нават не апячаталі. Гэта значыць адразу пасля агляду месца здарэння следства працавала толькі па адной версіі - версіі самагубства. Калі б былі нейкія іншыя версіі, то дом, верагодней за ўсё, апячаталі б. Таксама не апячаталі машыну Алега.

Ніякіх адбіткаў пальцаў не здымалі. Агляд праводзілі павярхоўна. Да гэтага часу не кажуць пра дату смерці: калі я прыехаў на месца трагедыі, мне ўпэўнена сказалі, што Алег загінуў у гэты ж дзень, у раёне абеда. Пасля анатаміравання сказалі - таксама ўпэўнена - што ён загінуў напярэдадні ўвечары. Магу выказаць здагадку, што маюцца прыкметы, якія дазваляюць вызначыць верагодны час смерці - не можа паміж імі быць амаль суткавы прамежак.

Усё гэта выклікае пэўныя падазрэнні. Тым больш што Алег Бябенін ніяк не нагадваў чалавека, які збіраецца скончыць жыццё.

- Ці ёсць нейкія факты, якія дазваляюць выказаць здагадку, што смерць Алега Бябеніна не была самагубствам?

- У нас людзі знікаюць, людзей забіваюць, а сур'ёзнага расследавання гэтых выпадкаў не праводзіцца. Алега выкрадалі, яго збівалі, яму пагражалі...

Разумееце, чалавек, які не згодны з дыктатурай, які адкрыта пра гэта кажа і адкрыта працуе супраць дыктатуры, не можа адчуваць сябе ў бяспецы.

- У гісторыі Беларусі быў шэраг прыкладаў таямнічых знікненняў і забойстваў людзей, якіх было прынята лічыць апанентамі Аляксандра Лукашэнкі. Некаторыя з іх былі здзейсненыя шмат гадоў таму. За гэты час следства знайшло нейкія новыя факты?

- Новых фактаў не з'явілася. Змянілася пазіцыя расейскіх тэлеканалаў, якія сталі казаць пра гэтыя выпадкі. Але ёсць дастаткова сведчанняў таго, што да гэтага могуць быць датычныя вышэйшыя кіруючыя асобы Беларусі.

Мы звярнуліся да ўсіх пастаянных сяброў Савета Бяспекі ААН з тым, каб яны паспрыялі ў правядзенні міжнароднага расследавання. Прэцэдэнт ужо ёсць - забойства былога прэм'ер-міністра Лівана Харыры. На жаль, сёння няма рэакцыі не толькі ад Расеі, але і ад Злучаных Штатаў.

- Як змянілася сітуацыя ў Беларусі пасля ўзнікнення напружанасці ў адносінах з Расеяй? Раней суразмоўцы «Голасу Амерыкі» засцерагаліся, што гісторыя з нападам на амбасаду Расеі ў Менску будзе выкарыстаная ўладамі Беларусі для атак на апазіцыю...

- Гэта ўжо адбываецца. Допыты па факце гібелі Алега з'яўляюцца падрыхтоўкай да больш сур'ёзных дзеянняў. Я баюся, што будуць ператрусы, канфіскацыі, ціск, пагрозы.

Сітуацыя вельмі напружаная. Пасля таго, як Расея змяніла сваё стаўленне да Лукашэнкі, тут з аднаго боку пануе паніка, якая можа прывесці да любых дзеянняў з боку ўладаў. З іншага боку - ёсць жаданне ўладаў дзейнічаць ранейшымі метадамі і ўсе альтэрнатыўныя пункты гледжання спыняць самым жорсткім чынам. Уключаючы і фізічны гвалт.

- Набліжаюцца прэзідэнцкія выбары. Якога іх выніку, на ваш погляд, можна чакаць?

- Існуе вялікая верагоднасць пераменаў. Людзі проста стаміліся ад 16-ці гадоў дыктатарскага праўлення. Гэта адчуваецца ва ўсім. Страху ўжо няма, ёсць толькі нявер у свае сілы. Апытанні паказваюць, што Лукашэнка не карыстаецца падтрымкай ва ўсіх узроставых групах насельніцтва. Гэта значыць, можна зрабіць выснову, што змены будуць пазітыўна ўспрынятыя ўсім грамадствам.

Але што будзе рабіць рэпрэсіўная машына - таксама зразумела. Можна з упэўненасцю казаць, што дыктатура будзе спрабаваць вядомымі ёй метадамі захаваць рэжым Лукашэнкі.

- Ці могуць іншыя дзяржавы - Расея, ЗША, Еўразвяз - паўплываць на вынікі прэзідэнцкіх выбараў?

- Могуць. У апошні час галоўная крыніца фінансавай падтрымкі рэжыма Лукашэнкі - на Захадзе, а не на Усходзе. Еўропа, якая доўгі час спрабавала размаўляць з Лукашэнкам, прапаноўвала яму рознага віду дыялогі, магла б заняць больш прынцыповую пазіцыю. Таму што толькі там, ён цяпер можа атрымаць фінансавую падтрымку.

Сёння вельмі важны момант у гісторыі Беларусі. Але, на жаль, у Еўропе чутныя галасы, што Расея - гэта перманентнае зло, таму калі Расея пачала крытыкаваць Лукашэнку, еўрапейцам трэба падтрымаць Лукашэнку. Гэтыя ідэі, якія падкідаюць некаторыя лабісты Лукашэнкі з Заходняй Еўропы, небяспечныя для нас вельмі сур'ёзнымі наступствамі.

Ад Еўропы патрабуецца адно: быць вернай сваім прынцыпам. Не прапускаць ніводнага парушэння правоў чалавека, не спрабаваць перавыхаваць дыктатара - гэта немагчыма, і разумець, што ў Беларусі перамены могуць адбыцца вельмі хутка.

Напісаць каментар 36

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках