24 снежня 2024, aўторак, 16:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Расейскія тэлеканалы: Гэта магло быць палітычнае забойства (Відэа)

68
Расейскія тэлеканалы: Гэта магло быць палітычнае забойства (Відэа)

Сёння праўду пра тое, што адбываецца ў Беларусі мы даведаемся з расейскіх СМІ. Пра гібель Алега Бябеніна - без купюр.

Першы расейскі канал: Алег марыў пра новую Беларусь - справядлівую і вельмі шчаслівую

Як перадае Першы канал, 6 верасня ў Менску развіталіся з вядомым журналістам Алегам Бябеніным. На грамадзянскую паніхіду прыйшлі сотні людзей. Смерць кіраўніка найбуйнейшага апазіцыйнага сайта выклікала ў краіне вялікі грамадскі рэзананс. У афіцыйную версію самагубства блізкія і сябры не вераць.

Алега выпраўляюць тыя, з кім разам ён марыў пра новую Беларусь - справядлівую і вельмі шчаслівую. Блізкія папрасілі ў зале не здымаць - занадта балюча. Занадта страшна. Цяпер - без яго.

«Вы бачыце, колькі людзей прыйшло. Незаменная страта», - кажа першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч.

Алег Бябенін знік 2 верасня - адправіў СМС сябрам: у кавярню з вамі не паспяваю, прыйду адразу ў кіно. Гэта было апошняе, што ён напісаў у жыцці. На наступны дзень яго знайшлі на лецішчы мёртвым. На руцэ - глыбокая драпіна. Афіцыйную версію здарэння агучылі з відавочнай паспешнасцю.

«Паводле заключэння экспертаў смерць наступіла ад асфіксіі. Наяўныя дадзеныя гавораць пра самагубства», - кажа Таццяна Калініна, старшы памочнік пракурора Менскай вобласці.

Тыя, хто Алега ведаў, у афіцыйную версію не вераць - за адсутнасцю матыву самагубства і нават развітальнай запіскі. Вясёлы, безжурботны, двое дзетак, якіх ён любіў, і будаваў шмат планаў - у дзень гібелі дамаўляўся пра сустрэчы на гэтым тыдні.

«Паверыць ва ўсё гэта вельмі складана. Гэта тычыцца слядоў на целе, не адлюстраваных у экспертызе, пятля не была рухомай», - кажа кіраўнік «Свабоднага тэатра» Мікалай Халезін.

Заснавальнік і кіраўнік самага вядомага ў Беларусі апазіцыйнага сайта charter97.org. Гэта ён спрабаваў дакрычацца да ўсяго свету - нам патрэбна свабода слова. Гэта яго выкрадалі невядомыя спартыўнага выгляду, везлі ў лес і абяцалі расстраляць, калі пісаць не кіне.

«Гэта магло быць палітычнае забойства. У апошні час ціск на апазіцыю павялічыўся. Напярэдадні былі праведзеныя ператрусы ў нашых супрацоўнікаў. Спрабавалі ўварвацца і ў кватэру Бябеніна, але паколькі справа была пасля 22 гадзінаў, ён меў права іх не ўпусціць. Ён іх не ўпусціў», - кажа журналіст сайта charter97.org Наталля Радзіна.

Тыя, з кім разам ён ствараў Хартыю-97, расказваюць, што Алег займаўся расследаваннем дзейнасці так званых эскадронаў смерці і таямнічых знікненняў некалькіх дзесяткаў палітычных праціўнікаў Лукашэнкі. На будучых прэзідэнцкіх выбарах ён павінен быў узначаліць кампанію ў падтрымку кандыдата ад апазіцыі - Андрэя Саннікава.

«Рэжым Лукашэнкі вядомы тым, што знікаюць людзі. Гэта частка нашага жыцця», - кажа Андрэй Саннікаў, каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь».

«Напярэдадні выбараў сітуацыя пагаршаецца на вачах. Паказальныя арышты, палітычныя вязні, ператрусы ў офісе Хартыі-97, калі адбіраюць кампутары нават у замежных журналістаў, каб ніхто не ведаў, што адбываецца ў краіне. Гэта вельмі небяспечна - быць журналістам у гэтай краіне. Смерць Алега - таму доказ. Яна больш чым падазроная, пачынаючы з таго, што нават дату яго смерці ў ходзе следства мянялі. Захад вельмі заклапочаны сітуацыяй, якая склалася», - заяўляе Майкл Харыс, супрацоўнік праваабарончай арганізацыі «Індэкс цэнзуры».

Прэзідэнт Еўрапарламента Ежы Бузек ужо запатрабаваў ад уладаў Беларусі аб'ектыўнага расследавання гібелі Алега. Ён адказу не атрымаў. Журналістка газеты «Народная воля» Святлана Калінкіна ўчора ў артыкуле на смерць калегі пісала пра сваю версію здарэння - гэта можа быць забойства, прычына - нейкае супрацьстаянне ўнутры сілавых структураў, блізкіх Лукашэнку. Сёння за некалькі гадзін да пахавання яна адказ атрымала. Проста паштоўку.

«Там пішуць, што абвясцілі вайну здраднікам. Яшчэ адзін такі артыкул - і мне канец», - распавяла Калінкіна.

З Алегам развітваюцца моўчкі - ён зрабіў усё, што паспеў. Дзеля таго, што было сэнсам яго жыцця - гаварыць праўду пра сваю краіну. Дзеля двух хлопчыкаў - сыноў, з якімі спрабаваў быць неразлучным. Каб самому навучыць іх самаму галоўнаму - не баяцца.

НТВ: Калегі не вераць у самагубства журналіста

Яшчэ адна загадкавая смерць беларускага апазіцыянера зноў прыцягнула ўвагу да сітуацыі ў Беларусі напярэдадні выбараў. У Менску 6 верасня развітваліся з вядомым журналістам Алегам Бябеніным, заснавальнікам і кіраўніком апазіцыйнага сайта charter97.org, перадае тэлеканал НТВ.

Загінуў ён пры вельмі дзіўных абставінах: у мінулую пятніцу Бябенін быў знойдзены мёртвым на сваім лецішчы пад Менскам. Міліцыя, а затым і судмедэксперты заявілі пра тое, што журналіст скончыў жыццё самагубствам. Зрэшты, прадстаўнікі беларускай апазіцыі, сябры і калегі Бябеніна гэтаму катэгарычна не вераць, і настойваюць, што прычынай смерці стала прафесійная дзейнасць.

Калегі Алега Бябеніна збіраліся пайсці з ім у кіно, а сустрэліся толькі на пахаванні. Журналіст спачатку перастаў адказваць на званкі, а потым яго знайшлі ў пятлі на ўласным лецішчы пад Менскам. У афіцыйную версію - самагубства - ніхто з тых, хто прыйшоў на пахаванне, не верыць.

«Чалавек знаходзіўся ў звычайным стане. Бадзёры, вясёлы, планаваў увечары з сябрамі пайсці ў кіно. Я размаўляў з супрацоўнікамі праваахоўных органаў, якія былі на месцы, там, на лецішчы, размаўляў з экспертам, які праводзіў анатаміраванне. У іх абсалютна розныя версіі. У іх разбежка па часе смерці больш за 15 гадзінаў», - кажа Дзмітрый Бандарэнка, каардынатар «Хартыі-97».

У канцы 90-х выпускнік Беларускага дзяржуніверсітэта Алег Бябенін заснаваў і ўзначаліў сайт charter97.org. Гэты рэсурс з першых дзён стаў апазіцыйным, рэзка крытыкаваў Лукашэнку, шмат месца надаваў цэлай чарадзе бясследных знікненняў вядомых беларускіх асобаў на мяжы стагоддзяў: экс-кіраўніка МУС Захаранкі, палітыка Ганчара, бізнэсоўца Красоўскага, журналіста Завадскага. У канцы 90-х Бябенін і сам ледзь не знік: яго вывезлі ў лес, дзе жорстка збілі.

«Ён прайшоў вельмі шмат выпрабаванняў за ўсе гэтыя гады, пачынаючы ад элементарнага запалохвання, заканчваючы вывазам у лес, ператрусамі і гэтак далей. І значыць гэта быў чалавек, для якога ўсё тое, што адбывалася, было знаёмае, які ведаў гэта знутры і адчуў на сабе», - кажа журналіст Святлана Калінкіна.

У апошні час, узгадваюць калегі па «Хартыі», іх галоўны рэдактар вельмі турбаваўся за сваіх супрацоўнікаў. У сакавіку ў памяшканні рэдакцыі сайта прайшлі ператрусы. У кватэру самога Бябеніна хтосьці спрабаваў узламаць дзверы.

«Я была збітая. Мяне пастаянна выклікалі на допыты ўвесь гэты час. Алег страшна перажываў за маю бяспеку, пры гэтым сам заставаўся ў ценю. Ён увесь час казаў: «Наташа, ты павінна быць на людзях, усё павінна быць галосна, ты бачыш, што прэсуюць». І вось аказалася, паколькі ён заставаўся ў ценю, ён першы і пацярпеў», - кажа журналіст сайта charter97.org Наталля Радзіна.

Але ў пракуратуры ўсяго праз тры дні пасля пачатку следства ўпэўненыя: гэта самагубства.

Абсалютна ўсе ў Менску звяртаюць увагу на супадзенне, якое можна назваць вельмі дзіўным: развітанне з апазіцыйным журналістам праходзіць напярэдадні пазачарговай сесіі «парламента». 7 верасня, у аўторак, павінны быць прызначаныя новыя прэзідэнцкія выбары ў Рэспубліцы Беларусь. Алег Бябенін, які трагічна пайшоў з жыцця напярэдадні, павінен быў стаць адным з ключавых удзельнікаў выбарчага штаба апазіцыйнага Андрэя Саннікава. Сам палітык па новай страце смуткуе, узгадваючы і іншыя.

«У нас зніклі палітыкі, грамадскія дзеячы. Нічога не раскрываецца. Не раскрытае знікненне Дзмітрыя Завадзкага, забойства Веранікі Чаркасавай, Васіля Гроднікава, іншых», - кажа Андрэй Саннікаў, лідэр грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь».

Журналіст Святлана Калінкіна паспрабавала разабрацца: калі гэта не самагубства, то каму выгадная смерць Алега Бябеніна? Хто і якім чынам спрабуе змяніць сітуацыю ў краіне асабліва напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў? Сваімі высновамі яна падзялілася ў Інтэрнэце ў суботу, а ўжо ў нядзелю атрымала паштоўку з пагрозамі.

«Калі на самой справе ёсць падставы сумнявацца ў самагубстве, то гэта можа азначаць, што ў Беларусі ёсць некалькі цэнтраў сілы сярод сілавых ведамстваў», - упэўненая Калінкіна.

Гэтая падзея атрымала рэзананс не толькі ў Беларусі. Кіраўнік Еўрапарламента Ежы Бузек ужо заклікаў беларускія ўлады старанна расследаваць гэтую смерць журналіста.

Тэлеканал «Вести»: «Адмаўляцца ад мэты Алег Бябенін не прызвычаіўся»

Як перадаюць «Вести», у Менску развіталіся з журналістам Алегам Бябеніным. Заснавальнік і кіраўнік апазіцыйнага беларускага сайта пайшоў з жыцця пры дзіўных абставінах. Ён здзейсніў самагубства, але сябры і калегі журналіста да гэтага часу ў гэтым сумняюцца.

Алега Бябеніна ў апошні шлях прыйшлі выправіць сябры і блізкія. Жалобную працэсію ўлады краіны пакінулі без увагі. Зрэшты, ніхто і не збіраўся мітынгаваць і выкрыкваць лозунгі, людзі смуткавалі і абмяркоўвалі таямнічасць, пры якой 36-гадовы Бябенін пайшоў з жыцця.

«Яго запалохвалі, вазілі ў лес, абяцалі расстраляць», - сцвярджае кінарэжысёр Юрый Хашчавацкі.

Паводле афіцыйнай версіі, Бябенін скончыў жыццё самагубствам у сваім дачным доме. Паводле словаў тых відавочцаў, хто знайшоў мёртвага журналіста, першае, што кінулася на вочы - ненатуральнасць паставы і становішча. Цела вісела пад вуглом, ногі ўпіраліся ў падлогу, побач ляжаў перакулены зэдлік, на руцэ бачная была драпіна.

«Стаяць дзве пустыя бутэлькі, чыстая шклянка, ні грама закускі, алкаголь, які ён не піў. Дзіўна і тое, што ён апынуўся адзін на лецішчы», - кажа Мікалай Халезін, мастацкі кіраўнік беларускага «Свабоднага тэатра».

Акрамя таго, Бябенін збіраўся ў гэты дзень у кіно з сябрамі: павінен быў ехаць на сустрэчу ў кавярню, але не паспяваў і адаслаў некалькі паведамленняў, што прыедзе адразу ў кінатэатр. А ўвечары абяцаў цешчы, што заедзе і забярэ малодшага сына дадому.

«Але тое, што так легкадумна зроблена заключэнне - гэта хутчэй за ўсё заказ», - кажа Станіслаў Шушкевіч, у 1991-1994 гадах - старшыня Вярхоўнага савета Беларусі.

Каму была выгадная смерць заснавальніка апазіцыйнага беларускага сайта charter97.org, цяпер спрабуюць высветліць і самі журналісты, і афіцыйнае следства. Вядома, што за пару дзён да гібелі Бябенін стаў афіцыйным памочнікам Андрэя Саннікава - кандыдата ў прэзідэнты на будучых выбарах.

«Цяпер пад гэтай маркай будзе ўзмоцнены ціск на апазіцыю. Было зафіксавана ў пратаколе, што я збіраюся ісці кандыдатам, і што Алег даў згоду быць маім памочнікам. І я на яго вельмі разлічваў», - распавядае Андрэй Саннікаў, кандыдат на пасаду прэзідэнта Беларусі, у 1995-1996 гадах - міністр замежных спраў.

«Гэта вельмі выгадна зараз уладам», - заяўляе Наталля Радзіна, рэдактар charter97.org.

Да гэтага часу ніхто не можа з поўнай упэўненасцю назваць дакладны час смерці Бябеніна.

На думку сяброў журналіста, версія самагубства выглядае непраўдападобна. Бябенін толькі вярнуўся з адпачынку з Грэцыі, куды ездзіў з жонкай і двума сынамі, быў жыццярадасным, безжурботным чалавекам. І - самае галоўнае - з нецярплівасцю чакаў будучых выбараў. Яны былі яго прафесійнай мэтай, а адмаўляцца ад мэты Алег Бябенін не прызвычаіўся.

Фота «Радыё Свабода»

Напісаць каментар 68

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках