23 снежня 2024, панядзелак, 21:01
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мячыслаў Грыб: Нармальныя міліцыянты будуць за Саннікава

51
Мячыслаў Грыб: Нармальныя міліцыянты будуць за Саннікава

Старшыня Вярхоўнага Савета 12 склікання, генерал-лейтэнант міліцыі Мячыслаў Грыб лічыць, што надышоў момант ісціны для ўсіх.

«Я прааналізаваў кандыдатуры тых людзей, якія заявілі, што будуць браць удзел у выбарах у якасці кандыдатаў у прэзідэнты. Вядома, усе яны паважаныя людзі, хаця б за тое, што гэты крок у нашых умовах значыць нямала. Але я спыніў свой выбар на Андрэі Саннікаве. Я яго добра ведаю, ён прыстойны, адукаваны, спакойны, разважлівы чалавек. Мне імпануе, што ўлада для яго – не самамэта. Ён ідзе ў прэзідэнты, таму што думае пра народ, пра людзей, пра тое, што ён можа зрабіць для краіны.

Сёння ў нас прайшла Менская гарадская канферэнцыя Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада). Саннікаў вельмі спакойна, разважліва адказваў на ўсе пытанні, якія задаваліся яму. Дэлегаты канферэнцыі напісалі заявы пра прыём у ініцыятыўную групу Саннікава», - распавёў Мячыслаў Грыб інтэрв'ю сайту charter97.org.

Генерал-лейтэнант міліцыі ўпэўнены, што кандыдатуру Саннікава падтрымаюць і супрацоўнікі праваахоўных органаў, якія хочуць спакойна працаваць і займацца сваёй справай.

«Вядома, зараз міліцыя не тая, што была ў 1990-я гады. Яна змянілася, таму што змянілася грамадства. Але ў цэлым міліцыя, і раней, і зараз, хацела б падтрымліваць таго кандыдата, хто дае ёй магчымасць спакойна працаваць, весці барацьбу са злачыннасцю. Хто не будзе яе панукаць, прымушаць весці барацьбу з апазіцыяй, з гістарычнай сімволікай. У цэлым, спакойнага і нармальнага чалавека яны ўспрымуць станоўча. Пра ўсіх сказаць нельга, але тыя, хто заняты раскрыццём злачынстваў, хто сапраўды працуе, падтрымаюць Саннікава. Вядома, іх будуць прымушаць галасаваць датэрмінова, будуць спрабаваць кантраляваць. Але я раю міліцыянтам - пайсці і аддаць свой голас, за каго яны лічаць патрэбным. Ніхто нічога ім зрабіць не зможа, і пракантраляваць гэта нельга.

Я думаю, што гэтыя выбары з'яўляюцца момантам ісціны, хаця б, таму што ўсе людзі павінны ўсвядоміць, што Лукашэнка па Канстытуцыі не мае права балатавацца ў прэзідэнты. Усе яго рэферэндумы прызнаныя незаконнымі і сфальсіфікаванымі. Трэба людзям вызначацца. Мы топчамся на адным месцы, будуем адзін неасавецкі саюз у асобна ўзятай краіне. З гэтага нічога не атрымаецца. Сёння вырашаецца будучыня краіны, і кожнага чалавека», - упэўнены Мячыслаў Грыб.

Калі вы хочаце ўвайсці ў ініцыятыўную групу Андрэя Саннікава:

Тэлефануеце: +375-29-9465052 ці +375 29 6815737

Звязвайцеся па скайпе: jauhen

Ці пішыце на электронную пошту: [email protected]

Напісаць каментар 51

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках