2 лiстапада 2024, Субота, 19:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дэфолт можа здарыцца нашмат раней

69

У перадвыбарнай эйфарыі ўлады забыліся пра тое, што падмануць законы прыроды і эканомікі нельга.

Калі недзе становіцца больш, то абавязкова ў іншым месцы гэтага павінна стаць менш. Штучны рост сярэдняга заробку, які значна апярэджвае рост прадукцыйнасці працы, на фоне неэфектыўнай эканомікі, павелічэння адмоўнага сальда знешняга гандлю (мінус $3281.6 мільёнаў) і знешняга доўгу павінен справакаваць рост коштаў і паслабленне беларускага рубля. Ва ўмовах адміністрацыйна-каманднай сістэмы гэтыя працэсы ў кароткатэрміновай перспектыве можна замяніць указамі і пастановамі, але расплачвацца па даўгах рана ці позна ўсё роўна прыйдзецца.

За кошт чаго гэта будзе зроблена - пытанне адкрытае. Урад ужо прапанаваў закрыць дзірку за кошт продажу прывабных беларускіх прадпрыемстваў замежнікам, што выклікала нервовую рэакцыю Лукашэнкі. Нечакана «ўсплыла» ідэя прыватызацыі зямлі сельгаспрызначэння. Аднак усе гэтыя сродкі патрабуюць часу, спрыяльнай эканамічнай абстаноўкі і дэталёвай прапрацоўкі. А дэфолт можа здарыцца нашмат раней - як раз да пачатку 2011 года, калі прыйдзецца набываць расейскія вуглевадароды па сусветных коштах.

Адзіным даступным інструментам, да якога беларуская ўлада ўжо звярталася ў пачатку 2009 года, застаецца дэвальвацыя беларускага рубля. На фоне дэпазітнай бурбалкі, у якую ў чарговы раз з задавальненнем гуляюць беларускія грамадзяне, упэўненыя, што да выбараў нічога не зменіцца, спакуса ва ўладаў вырашыць усё адным махам як ніколі вялікая. Дастаткова абваліць рубель на 30-40% і ўсё ўстане на свае месцы - двухзначныя адсоткі па дэпазітах ператворацца ў нуль, даляр будзе каштаваць 4-5 тысяч беларускіх рублёў, сярэдні заробак у далярах вернецца да свайго справядлівага ўзроўню, а ўлада бясплатна атрымае свой адсотак на бягучыя патрэбы са зберажэнняў насельніцтва. Заадно можна «скінуць» спанікаваным грамадзянам залежы гатовай беларускай прадукцыі па «старых» коштах.

Відавочна, адзінае, што стрымлівае ўлады ад такога кроку - выбары, якія трэба правесці на фоне «сытага і стабільнага» жыцця насельніцтва напярэдадні святаў. А далей «хоць трава не расці».

Напісаць каментар 69

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках