23 снежня 2024, панядзелак, 21:49
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Саннікаў: Расея пасылае сігналы, што не будзе мець справу з Лукашэнкам

6

А хто стане новым прэзідэнтам Беларусі, залежыць ад беларускага народа.

Пра гэта заявіў у інтэрв'ю БелаПАН лідэр кампаніі «Еўрапейская Беларусь», прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта Беларусі Андрэй Саннікаў. Вытрымкі з інтэрв'ю палітыка прыводзіць «Радыё Свабода».

«Сітуацыя ў Беларусі з кожным днём усё больш выразная — будуць перамены, і трэба рабіць усё, каб гэтыя перамены наблізіць. Нейкія дзеянні цяперашніх апазыцыйных палітыкаў укладваюцца ў гэтую логіку, нейкія іх імітуюць.

Цяпер нам важная не імітацыя дзейнасці, а дзейнасць. Каардынацыя дзеянняў — гэта ключавое слова, і яна будзе адбывацца паміж штабамі рэальных кандыдатаў, а не тых, хто сябе імі лічыць. Сустрэчы паміж прэтэндэнтамі ўжо адбываюцца. Я магу даць як пазітыўныя, так і негатыўныя прыклады такіх сустрэчаў.

Напрыклад маніфэст аб абароне нацыянальных інтарэсаў, які выпусціла Партыя БНФ. Напярэдадні я размаўляў з Рыгорам Кастусёвым, папярэджваў, што такая палітыка будзе непрымальнай для мяне і шкоднай для сітуацыі ў Беларусі. Мабыць, гэтая размова і справакавала выпуск маніфэста.

Зараз мы павінны займацца рэальнай палітыкай, адысці ад стэрэатыпаў, якія існавалі. Гаварыць пра тое, што ў нас ёсць нейкія апаненты, акрамя Лукашэнкі, проста не варта. Трэба сканцэнтравацца на тым, як наблізіць перамены. Яны магчымыя, рэальныя і адбудуцца, нават на працягу паўгода.

Расея, на мой погляд, памяняла сваю пазіцыю і пасылае дакладныя сігналы аб тым, што не будзе мець справу з Лукашэнкам, а толькі з новым кіраўніцтвам Беларусі. А ад нас, ад народа Беларусі сёння залежыць, якім будзе гэтае кіраўніцтва.

Асабіста я буду разлічваць на народ Беларусі. Гэта не нейкая шэрая маса — гэта і актывісты дэмакратычнага руху, і чыноўнікі, і бізнэс. Зараз ідзе вельмі добрая сур'ёзная дыскусія аб будучыні Беларусі, якую я вітаю.

Моцнымі палітычнымі фігурамі я лічу Аляксандра Казуліна, Сяргея Калякіна. На жаль, яны ня будуць удзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах як кандыдаты. Тым не менш я лічу карысным з імі размаўляць. Астатніх, на мой погляд, можна ацэньваць па-рознаму. Я вітаю іх актыўнасць, але трэба рэальна ацэньваць свае шансы».

Гаворачы пра сітуацыю з адзіным кандыдатам, Андрэй Саннікаў правёў аналогію з папярэднімі выбарамі. «Тады актыўнасць партыйных структураў заканчвалася пасля яго абрання. І толькі перад самымі выбарамі пачыналася невялікае ажыўленне. Гэта такі падыход: штосці падпісалі і можам нічога не рабіць», — сказаў палітык.

Ён і яго прадстаўнікі не далучыліся да пагаднення аб сумесных дзеяннях падчас выбарчай кампаніі, якое 24 жніўня было падпісанае лідэрам кампаніі «Гавары праўду!» Уладзімірам Някляевым, старшынямі Беларускай партыі левых «Справядлівы свет» Сяргеем Калякіным, Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатолем Лябедзькам і Партыі БНФ Аляксеем Янукевічам, лідэрам «Еўрапейскай кааліцыі» Міколам Статкевічам, кіраўнікамі аргкамітэтаў па стварэнні партыяў «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Віталем Рымашэўскім і Партыі жанчынаў «Надзея» Аленай Яськовай.

Дакумент прадугледжвае сумеснае вылучэнне прадстаўнікоў у выбарчыя камісіі, назіранне за выбарамі, стварэнне ўнутранага і знешняга ціску на ўлады, заклік да акцыяў пратэсту.

Паводле Саннікава, пагадненне падпісалі «розныя суб'екты, некаторыя — дробныя, якія наўрад ці будуць займацца тым, што там напісана». «Даваць потым права выступаць ад свайго імя тым, хто дакумент падпісаў, я не хачу. Я сам ці прадстаўнікі маёй каманды будзем рабіць заявы, якія палічу патрэбнымі», — сказаў ён.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках