24 лiстапада 2024, Нядзеля, 5:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ярмошына: Непрызнанне вынікаў выбараў стане горкім расчараваннем і цяжкай душэўнай траўмай

65

Старшыня ЦВК прызналася, што не ўзрадуецца другому туру прэзідэнцкіх выбараў.

Цэнтрвыбаркам падрыхтаваўся да таго, што прэзідэнцкія выбары могуць прайсці ў два туры. Як распавяла Еўрарадыё старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына, грошы на гэта ўжо вылучаныя.

Лідзія Ярмошына: «У нас заўсёды плануюцца грошы на правядзенне другога тура. А больш нічога і не патрабуецца! Другі тур праводзіцца без папярэдняга галасавання, ніякіх грошай на перадвыбарную прадукцыю ўжо не вылучаецца: кандыдатам нічога не прадастаўляецца. Гэта толькі заробак удзельнікаў камісій, якія будуць працаваць у гэты дзень, і грошы на выраб бюлетэняў. Таму тэхналагічна гэта вельмі проста і заўсёды ў нас запланавана».

Паводле яе словаў, на два туры прэзідэнцкіх выбараў выдзяляецца каля 37 мільярдаў рублёў. А гэта прыкладна 1,5 даляры з кожнага выбаршчыка.

Між тым, Лідзія Ярмошына шчыра прызналася, што асабіста яна другому туру не ўзрадуецца.

Лідзія Ярмошына: «Я не магу сказаць, што я гэтаму ўзрадуюся. Таму што як радавацца другому туру напружанай працы? Акрамя таго, другі тур абвастрае наяўныя ў грамадстве палітычныя супярэчнасці. Таму другі тур не з'яўляецца пазітывам. Але гэта тое, што прадугледжана не тое каб законам, а Канстытуцыяй».

Як кажа старшыня ЦВК, яна вельмі спадзяецца на тое, што вынікі хуткіх прэзідэнцкіх выбараў будуць прызнаныя сусветнай супольнасцю.

Лідзія Ярмошына: «Я стаўлюся да такога прызнання вельмі сур'ёзна. Паколькі палітыка непарыўна звязаная з эканомікай. Вядома, самае галоўнае - прызнанне выбараў унутры краіны, так як гэта вызначае стабільнасць грамадства. І міжнароднае прызнанне вельмі важнае. І Цэнтральная камісія заўсёды стараецца працаваць на пазітыўны вынік. Безумоўна, валасы ў выніку непрызнання я на сабе ірваць не буду. Але гэта будзе горкім расчараваннем і дастаткова цяжкай душэўнай траўмай».

Паводле словаў Ярмошынай, падчас прэзідэнцкіх выбараў мінулых гадоў сабраць неабходныя сто тысяч подпісаў для рэгістрацыі ў якасці кандыдатаў атрымлівалася не больш чым у чатырох прэтэндэнтаў. Не чакае яна ў гэтым плане сюрпрызаў і сёння.

Нагадаем, прэзідэнцкія выбары павінны адбыцца не пазней 7 лютага наступнага года. Не выключана, што новага кіраўніка дзяржавы давядзецца абіраць яшчэ ў гэтым годзе. На 7 верасня запланаванае пазачарговае пасяджэнне Палаты прадстаўнікоў, на якім, магчыма, і будзе абвешчаная дата выбараў.

Даведка charter97.org: З 1996 года ні адныя выбары ў Беларусі не былі прызнаныя міжнароднай супольнасцю. У 2004-м годзе Лідзія Ярмошына і яшчэ некалькі дзесяткаў высокапастаўленых чыноўнікаў былі занесеныя ў спіс асобаў, супраць якіх дзейнічае забарона на ўезд на тэрыторыю ЗША, ЕЗ і іншых краін. У 2008 годзе санкцыі супраць Лукашэнкі і іншых чыноўнікаў былі знятыя, але Ярмошынай, а таксама людзям, датычным да выкраданняў апазіцыянераў уезд у гэтыя краіны забаронены да гэтага часу.

Напісаць каментар 65

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках