24 снежня 2024, aўторак, 4:15
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Андрэй Саннікаў: Недарэчны маніфест БНФ

120

Кіраўнікі Партыі БНФ заклікалі апазыцыю «аб'яднацца супраць Крамля».

Кандыдат у прэзідэнты ад Партыі БНФ Рыгор Кастусёў разам з кіраўніком Партыі БНФ Аляксеем Янукевічам прэзентавалі «Маніфест аб абароне нацыянальных інтарэсаў».

У маніфэсце гаворыцца: «Мы разумеем, што небяспека палітычнай і эканамічнай незалежнасці Беларусі і свабоды яе грамадзянаў зыходзіць не толькі ад сённяшняга рэжыму, але і ад вышэйшых палітычных колаў Расеі і звязаных з імі алігархаў. Аб'яднанне апазіцыйных сілаў толькі супраць Лукашэнкі - слабая пазіцыя. Мы заклікаем да аб'яднання не проста супраць кагосьці, а за абарону нацыянальных інтарэсаў».

Дадзены маніфест пракаментаваў кандыдат у прэзідэнты Беларусі, лідэр грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў.

- Ні адзін разважны палітык Беларусі не падпіша выпушчаны цяперашнім кіраўніцтвам БНФ маніфест. Недарэчнасць гэтага дакумента настолькі відавочная, што прымушае задумацца пра сапраўдныя мэты яго ініцыятараў. Чаму ён з'явіўся менавіта цяпер, калі пазіцыя Расеі ў стаўленні да апошняй дыктатуры Еўропы пачынае мяняцца? Чым гэта прадыктавана? Адказ напрошваецца адзін: спалохам, што ў Беларусі сапраўды нешта можа памяняцца і імкненнем гэтаму перашкодзіць.

Нядаўняя наша гісторыя вучыць, і давайце шчыра пра гэта казаць, што змены ў Беларусі адбываліся пасля імпульсаў з Масквы. Гарбачоўская перабудова прывяла да абвяшчэння незалежнасці, а ельцынскія рэформы дазволілі гэтую незалежнасць увасобіць у жыццё. Што дрэннага ў тым, што сёння менавіта Масква зноў прыцягвае ўвагу да расследавання спраў зніклых, гаворыць пра карумпаванасць дыктатара Лукашэнкі і яго атачэння?

У гэтых ўмовах спроба кіраўнікоў БНФ прадставіць апазіцыю сляпой і глухой не вытрымлівае ніякай крытыкі. Яны разам з Лукашэнкам затрымаліся ў нейкіх феадальных уяўленнях пра свет. Як і беларускі дыктатар, яны спрабуюць прысвоіць сабе права вызначаць, што трэба народу Беларусі.

Сёння з'явіўся рэальны шанец пазбавіць краіну ад дыктатуры, і мы ім абавязкова скарыстаемся. На жаль, кіраўніцтва БНФ не хоча ў гэтым удзельнічаць, - заявіў Андрэй Саннікаў.

Напісаць каментар 120

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках