«Независимая газета»: Беларускія ўлады не могуць разлічваць на крэдыты МВФ
12- 12.08.2010, 10:43
Лукашэнка не можа дазволіць сабе непапулярныя рэформы, якія МВФ лічыць неабходнымі.
Як піша расейская «Независимая газета», у сераду першы намеснік міністра фінансаў Уладзімір Амарын паведаміў, што ўрад размясціў еўрааблігацыі яшчэ на 400 млн. дал. Таксама ўчора стала вядома, што Міністэрства гандлю падрыхтавала пералік айчынных тавараў, якіх не хапае на беларускім рынку. Эксперты мяркуюць, што за гэтым з'явіцца абмежаванне на іх імпарт, гэта значыць улады, вырашаючы эканамічныя праблемы, пойдуць па знаёмым шляху нарошчвання даўгоў і забароны імпарту.
Па словах Уладзіміра Амарына, даходнасць даразмешчаных аблігацыяў складае 8,25%. Тэрмін пагашэння – жнівень 2015 года. Адсоткі па аблігацыях будуць выплачвацца на паўгадавой аснове ў лютым і ў жніўні. Як раней пісала «НГ», дэбютнае размяшчэнне еўрааблігацыяў на суму 600 млн. руб. Беларусь зрабіла 26 ліпеня.
Заяўкі на ўдзел у размяшчэнні былі атрыманыя ад 145 інвестараў на агульную суму 1,5 млрд. дал. Еўрааблігацыі прайшлі працэдуру лістынгу на Люксембургскай фондавай біржы. Умовы даразмяшчэння аблігацыяў такія ж, як і дэбютнага выпуску. Урад упаўнаважыў на выпуск еўрааблігацыяў BNP Paribas, Deutsche Bank, The Royal Bank of Scotland і Ашчадбанк Расеі.
Як адзначалі эксперты, галоўная праблема беларускай эканомікі ў нізкай эфектыўнасці і канкурэнтаздольнасці айчыннай прадукцыі. Пазбавіўшыся расейскіх энергетычных датацыяў, Беларусь атрымала глыбока адмоўнае знешнегандлёвае сальда, якое па выніках сямі месяцаў склала мінус 3,5 млрд. дал. Што характэрна, адмоўным стала і сальда ў гандлі з краінамі далёкага замежжа (амаль мінус 0,5 млн. дал.), чаго раней не было. Апошняе стала вынікам зніжэння даходаў ад нафтаперапрацоўкі, выкліканага тым, што Расея з новага года ўвяла пошліну на экспарт нафты ў Беларусь.
Нізкая канкурэнтаздольнасць іншых галінаў эканомікі і высокая затратнасць не дазволілі кампенсаваць страты. Як ужо пісала «НГ», пакуль Беларусь не можа скарыстацца крэдытам МВФ, бо не можа прыняць умовы супрацоўніцтва гэтай арганізацыі. Нагадаем, што напачатку наступнага года ў Беларусі адбудуцца прэзідэнцкія выбары і Аляксандр Лукашэнка не можа дазволіць сабе непапулярныя рашэнні і рэформы, якія, у сваю чаргу, МВФ лічыць неабходнымі.
Другі шлях вырашэння праблемы адмоўнага сальда, які выкарыстоўвае ўрад краіны, – максімальнае абмежаванне імпарту. Учора ў СМІ з'явіўся пералік тавараў, якіх недастаткова на беларускім рынку і вытворчасць якіх трэба было б развіваць унутры краіны. У дакуменце Мінгандлю наўпрост не ідзе гаворка пра тое, што імпарт гэтых тавараў будзе забаронены. Чыноўнікі кажуць пра тое, што яны разглядаюць гэты пералік як падказку інвестару, які разважае над тым, куды ўкладваць грошы. Аднак эксперты, якія добра ведаюць беларускую практыку, мяркуюць, што следам за з'яўленнем пераліку могуць распачацца абмежаванні на ўвоз.
Здзіўленне экспертаў выклікае і сам пералік. Як вынікае з яго, у Беларусі не хапае сякераў-калуноў, вілаў, косаў, разводных ключоў, сярпоў. Недастаткова на мясцовым рынку канькоў і лыжных палак, амаль усіх відаў побытавай тэхнікі, люмінесцэнтных лампаў, парасонаў, грабенчыкаў, шчотак, шпілек, бігудзёў, бразготак, парфумы, канцтавараў і г.д.
Апроч меркаванняў пра будучыя абмежаванні імпарту эксперты ў чарговы раз кажуць пра тое, што прычына адмоўнасці знешнегандлёвага сальда – у недальнабачнай эканамічнай палітыцы краіны, якая ў свой час зрабіла стаўку не на вытворчасць заўсёды запатрабаваных спажывецкіх тавараў на аснове мясцовых рэсурсаў, а на нафтаперапрацоўку. Што да імпартазамяшчэння, дык гэтая палітыка прызнавалася эканамічна неапраўданай нават дзяржаўнымі экспертамі. У той жа час адмовіцца ад яе ўрад пакуль не ў стане з-за адсутнасці ва ўладзе прафесійных эканамістаў-стратэгаў і аналітыкаў.