27 лiстапада 2024, Серада, 16:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Генадзь Бураўкін: Дата прыняцця Дэкларацыі аб незалежнасці навечна запісана ў летапісе гісторыі

2

У Менску з нагоды 20-годдзя падпісання Дэкларацыі аб незалежнасці Беларусі прадстаўнікі дэмакратычнай грамадскасці правялі акцыю.

Яны аддалі даніну памяці Васілю Быкаву, Ігару Гермянчуку, Артуру Вольскаму і іншым дзеячам, якія ўнеслі ўклад у будаўніцтва беларускай незалежнасці. Таксама ўсклалі кветкі да помнікаў класікаў беларускай літаратуры - Якубу Коласу, Янку Купалу і Максіму Багдановічу, паведамляе БелаПАН.

У акцыі прынялі ўдзел старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, яго намеснік Рыгор Кастусёў, сябра Партыі БНФ Лявон Баршчэўскі, лідэр руху салідарнасці «Разам» Вячаслаў Сіўчык, паэт Генадзь Бураўкін, старшыня «Таварыства беларускай мовы» Алег Трусаў і іншыя.

На Маскоўскіх (Усходніх) могілках, дзе прадстаўнікі грамадскасці ўшанавалі памяць Васіля Быкава і Генадзя Карпенкі, Генадзь Бураўкін сказаў: «Дваццаць гадоў таму была прынята Дэкларацыя аб незалежнасці Беларусі, і гэта не проста падзея ў гісторыі дзяржавы - гэта гістарычная падзея. І тое, што сёння некаторыя імкнуцца гэтую дату забыць, - гэта блюзнерства. Кожны народ, калі ён годны, цывілізаваны, культурны і моцны, хоча мець сваю нацыянальную дзяржаву, сваю нацыянальную краіну. Тое, што гэтая дата навечна запісана ў летапісе беларускай гісторыі, для нас бясспрэчна».

Па словах паэта, прадстаўнікі дэмакратычнай грамадскасці не выпадкова прыйшлі на могілкі, бо тут ляжаць людзі, «без дзейнасці, сэрца і душы якіх гэтай даты не было б».

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках