Сёння Дзень Незалежнасці Беларусі
70- 27.07.2010, 9:03
20 гадоў таму была прынятая Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце Рэспублікі Беларусь.
27 ліпеня 1990 года Вярхоўны Савет БССР прыняў Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце. Гэты важны для нашай дзяржавы дакумент стаў першым афіцыйным крокам да незалежнасці Беларусі.
Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце абвясціла «поўны дзяржаўны суверэнітэт Рэспублікі Беларусь як вяршэнства, самастойнасць і паўнату дзяржаўнай улады рэспублікі ў межах яе тэрыторыі, правамоцтва яе законаў, незалежнасць рэспублікі ў знешніх стасунках».
Менавіта з гэтага дня пачаўся адлік новай гісторыі нашай краіны. 27 ліпеня было абвешчана Днём незалежнасці Беларусі.
25 жніўня 1991 года Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце атрымала статус канстытуцыйнага закона, на падставе якога былі ўнесеныя змены і дадаткі ў Канстытуцыю 1978 года. Новая Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь была прынятая 15 сакавіка 1994 года.
Афіцыйныя ўлады адмянілі свята пасля рэферэндуму 1996 года, на якім Аляксандр Лукашэнка атрымаў неабмежаваныя паўнамоцтвы. Дзень незалежнасці пачалі адзначаць у Дзень вызвалення Менска ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў 3 ліпеня. Дэмакратычная грамадскасць, як і раней, адзначае Дзень незалежнасці менавіта 27 ліпеня.
«Для мяне гэта адна з самых значных падзеяў па здабыцці нашай краінай незалежнасці дэ-юрэ, аднаўленні таго, што было дэкларавана ў 1918 годзе Беларускай Народнай Рэспублікай.
Тады, у 1990 годзе, мы выкарыстоўвалі той факт, што прыняць дэкларацыю прапанаваў ЦК Кампартыі Беларусі. Яны падалі дэкларацыю з 37 пунктаў, у якіх усё было ўхіліста, пра рэальную незалежнасць не казалася, а гаворка ішла пра поўную залежнасць ад Расеі. Мы стварылі камісію з дзвюх групаў, якая перапрацоўвала прапанаваную ЦК дэкларацыю. Прывялі яе да нармальнага выгляду, зрабілі 12 пунктаў і абвясцілі Рэспубліку Беларусь незалежнай дзяржавай», - заявіў у інтэрв'ю сайту charter97 першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч, які ў той час займаў пасаду першага намесніка Вярхоўнага Савета БССР і ўдзельнічаў у распрацоўцы тэксту Дэкларацыі аб незалежнасці.
Сайт charter97.org віншуе беларусаў з Днём Незалежнасці.