26 снежня 2024, Чацвер, 10:21
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Рэдактар «Нашай нівы» падзякаваў «Белсаюздруку» за затрыманне скандальнага нумара

9

Пасля «арыгінальных» дзеянняў манапаліста Андрэй Скурко не выключае, што «Наша Ніва» ўпершыню атрымае дзяржаўную датацыю.

На прэс-канферэнцыі ў офісе «Беларускай асацыяцыі журналістаў» 13 ліпеня галоўны рэдактар «Нашай Нівы» Андрэй Скурко расказаў аб сітуацыі вакол знікнення часткі апошняга нумара, паведамляе газета «Салідарнасць».

– На мінулым тыдні мы сутыкнуліся з новым відам цэнзуры – цэнзурай часоў «лібералізацыі», калі частка накладу газеты з матэрыялам пра фільм НТВ «Крёстный батька» была вынята з распаўсюджвання. Прычым была вынята самая лёгкадаступная частка газеты, якая ішла праз кіёскі «Белсаюздруку», – адзначыў Андрэй Скурко.

Галоўны рэдактар «Нашай Нівы» падцвердзіў, што нумар газеты знік недзе паміж друкарняй і «Белсаюздрукамі».

Рэдакцыя звярталася ў абласныя «Белсаюздрукі», але атрымоўвала там розныя адказы. Нехта казаў, што нумар паступіў у продаж (але чытачы газеты знайсці яго не маглі), нехта казаў, што апошні нумар да іх не паступіў.

Пры гэтым Андрэй Скурко лічыць, што ў сітуацыі з затрыманнем нумару газеты «Белсаюздрук» выступіў толькі ў ролі выканаўца, а рашэнне аб гэтым прымалася на некалькі ўзроўней вышэй.

Рэдакцыя скіравала зварот да РУП «Белсаюздрук» з патрабаваннем тлумачэнняў. Акрамя таго, зараз рыхтуецца скарга ў пракуратуру і зварот у гаспадарчы суд, паколькі выданне панесла даволі вялікія матэрыяльныя страты. У «Белсаюздрукі» было накіравана 3 485 асобнікаў – такім чынам, разам з НДС рэдакцыя губляе 4 млн рублёў.

– Наступны акт гэтага сумнага марлізонскага балету будзе тады, калі мы атрымаем напрыканцы месяца ад «Белсаюздруку» лічбы спісання. І тут нас чакае такая калізія: калі спісанне нумару ад 7 ліпеня будзе надзвычайна вялікім, гэта будзе значыць, што «Белсаюздрук» негалосна распісваецца: нумар быў затрыманы, – сказаў Андрэй Скурко.

– Калі ж спісанне будзе звычайным і «Белсаюздрук» будзе рабіць выгляд, што нумар пайшоў у продаж, рэгіянальныя прадпрыемствы будуць вымушаныя пералічыць нам грошы за нумар. Гэта можа быць першым прыкладам дзяржаўнай датацыі незалежнай прэсы.

Напрыканцы прэс-канферэнцыі Андрэй Скурко адзначыў:

– Хачу выказаць «Белсаюздруку» падзяку. За тое, што у час летніх адпачынкаў, калі ўвага да прэсы традыцыйна падае, яны такім арыгінальным чынам прыцягнулі ўвагу да газеты «Наша Ніва».

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках