Расея не давярае Лукашэнку
31- 31.05.2010, 9:22
Беларускі кіраўнік вядомы сваёй звычкай адвольна мяняць любую дамоўленасць, адзначаюць эксперты.
Як піша «Газета.Ru», Масква не прыняла прапанову Менска саступіць ёй кантроль у «Белтрансгазе» у абмен на зніжэнне кошту газу для Беларусі да ўзроўню расейскага. У гэтым няма эканамічнага сэнсу, заявіў віцэ-прэм'ер Ігар Сечын, хоць раней Мінэнерга назвала прапанову цікавай. Прычына ў тым, што Расея не давярае Лукашэнку, тлумачаць эксперты.
«Газпраму» няма сэнсу набываць кантрольны пакет «Белтрансгаза», заявіў у пятніцу Сечын. «Мы лічым, што мы і за 50% пераплацілі (за палову беларускай кампаніі «Газпром» заплаціў $ 2,5 млрд), - сказаў чыноўнік. - Для «Газпрама» вялікага эканамічнага сэнсу ў гэтых інвестыцыях няма».
Зрэшты, Сечын абмовіўся, што, магчыма, такі сэнс з'явіцца ў перспектыве. Пакуль жа, па словах віцэ-прэм'ера, расейскаму баку цяжка абмяркоўваць «кошт за кантроль», бо ніякіх канкрэтных прапановаў з боку Беларусі не паступала.
Між тым Аляксандр Лукашэнка ў чацвер выказаўся недвухсэнсоўна: «Калі яны скажуць, што будуць пастаўляць газ у Беларусь па унутрырасейскіх коштах, на роўных умовах, мы не супраць, бярыце кантрольны пакет акцыяў «Белтрансгаза».
З улікам таго, што сярэдні кошт расейскага газу для Беларусі ў гэтым годзе павінны скласці $ 180-186 за адну тысячу кубаметраў, а таксама што ў самой Расеі 1 тысяча кубоў каштуе каля $ 75, штогадовыя страты «Газпрама» ад такога «размену», пры пастаўках у Беларусь 21-22 млрд кубаметраў у год (у 2010 годзе плануецца 21,5 млрд кубоў), могуць перавысіць $ 2 млрд.
Такім чынам, кошт фактычна названы, бо для атрымання кантролю над «Белтрансгазам» «Газпраму» дастаткова набыць усяго адну акцыю.
Што цікава, расейскае Міністэрства энергетыкі лічыць прапанову Лукашэнкі «цікавай». «Гэта добры, пазітыўны сігнал», - заявіў кіраўнік Мінэнерга Сяргей Шматко, хоць і дадаў, што «трэба лічыць эканоміку пытання». Сам «Газпрам» таксама раней заяўляў, што зацікаўлены ў атрыманні кантрольнага пакета «Белтрансгаза».
На думку экспертаў, такая розніца ў пазіцыях тлумачыцца тым, што Мінэнерга і «Газпрам» ацэньваюць эканамічныя выгады ад атрымання кантролю над беларускай кампаніяй, у той час як Сечын паказвае на палітычны аспект.
«Лукашэнка не даў ніякіх падрабязнасцяў, і цалкам можа атрымацца так, што «Газпрам», атрымаўшы намінальна кантрольны пакет, рэальна кантраляваць кампанію не будзе, - тлумачыць намеснік гендырэктара Цэнтра палітычных тэхналогіяў Аляксей Макаркін. - Напрыклад, беларускі кіраўнік можа ўвесці залатую акцыю, і ўсе аперацыйныя рашэнні давядзецца ўзгадняць з урадам Беларусі».
Эксперт Цэнтра палітычнай кан'юнктуры Дзмітрый Абзалаў таксама лічыць, што Масква папросту не давярае беларускаму кіраўніку. Аляксандр Лукашэнка вядомы сваёй звычкі адвольна мяняць любую дамоўленасць.
Так, у 2007 годзе ён увёў пошліну за прапампоўку расейскай нафты праз тэрыторыю Беларусі ($ 45 за тону), прычым гэта была менавіта пошліна, плата за транзіт налічваецца асобна. Такога няма і не было ні ў адной краіне свету, і, калі Расея слушна адмовілася плаціць невядома за што, Беларусь перакрыла транзіт. Пытанне ўдалося вырашыць толькі пасля тэлефанавання Уладзіміра Пуціна Аляксандру Лукашэнку.
Ды і зараз Беларусь не выконвае дамоўленасці: замест належных па кантракце $ 169 за 1 тысячу кубаметраў газу Беларусь плаціць толькі $ 150 (кошт мінулага года). Прычым гэты кошт быў ўсталяваны Беларуссю ў аднабаковым парадку. На сённяшні дзень запазычанасць рэспублікі перад «Газпрамам» ужо складае каля $ 200 млн, а калі Беларусь і надалей будзе плаціць па леташнім кошце, дык да канца года запазычанасць вырасце да $ 600 млн.
«Відавочна, што Беларусь зараз не здольная інвеставаць у «Белтрансгаз», такім чынам, інвестыцыі лягуць на плечы расейскага боку, але няма ніякай гарантыі, што праз год-два Лукашэнкі не анаксіруе валявым рашэннем, скажам, 2% «Белтрансгаза» на карысць беларускага бюджэту , і кантроль над кампаніяй апынецца ў Беларусі», - дадае Абзалаў.