24 лiстапада 2024, Нядзеля, 2:48
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

З-за палітыкі ўладаў Беларусь не атрымае прэферэнцыяў «Усходняга партнёрства»

20
З-за палітыкі ўладаў Беларусь не атрымае прэферэнцыяў «Усходняга партнёрства»

«Спрашчэнне візавага рэжыму з Беларуссю – пытанне палітычнае», - заявіў еўракамісар па пытаннях пашырэння і Еўрапейскай палітыцы суседства Штэфан Фюле.

Камісар Еўразвяза сустрэўся з журналістамі з краінаў «Усходняга партнёрства» 24 траўня ў польскім Сопаце падчас саміту кіраўнікоў МЗС краінаў-удзельніцаў гэтай праграмы ЕЗ.

Ацэньваючы па просьбе журналіста сайта charter97.org Наталлі Радзінай сітуацыю з дэмакратыяй і правамі чалавека ў Беларусі, Штэфан Фюле адзначыў: «Адной з маіх першых размоваў з кіраўніком МЗС Беларусі была размова пра сітуацыю з правамі чалавека ў краіне. Мы імкнёмся выразна сказаць беларускім уладам, што для нас непрымальна. Сітуацыя ў Беларусі за апошнія 6 месяцаў значна пагоршылася. Мы вельмі занепакоеныя гэтым фактам. «Выбары» у мясцовыя Саветы прайшлі без уліку беларускімі ўладамі рэкамендацыяў АБСЕ. Зараз мы настойваем на тым, каб прэзідэнцкія выбары, якія маюць адбыцца, прайшлі ў адпаведнасці з дэмакратычнымі стандартамі».

Пагаршэнне сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі стала адной з прычынаў таго, што Беларусь сёння, паводле выказвання еўракамісара, «адстае» ва «Усходнім партнёрстве».

«Беларусь вельмі «адстае» ва «Усходнім партнёрстве». Па ўсіх пунктах. Калі паглядзець на месца Беларусі ў гэтай праграме, дык стане бачна, што з уладамі вашай краіны мы практычна нічога не абмяркоўваем. Ні дамову аб асацыяваным сяброўстве, ні стварэнне зоны свабоднага гандлю, ні пытанне пра спрашчэнне візавага рэжыму», – заявіў Штэфан Фюле.

Спрашчэнне візавага рэжыму з ЕЗ сёння абмяркоўваецца з Украінай, Малдовай, Грузіяй, Арменіяй, Азербайджанам. Гэта значыць з усімі краінамі «Усходняга партнёрства», акрамя Беларусі.

«Надвор'е» у Беларусі сёння не вельмі добрае. Сітуацыя пагаршаецца. Еўракамісія працуе над дакументамі, у якіх будзе заяўлена, на якіх умовах магчымае спрашчэнне візавага рэжыму з Беларуссю. Тут няма сакрэту: у параўнанні з іншымі краінамі «Усходняга партнёрства» Беларусь моцна «адстае» ў вырашэнні візавага пытання. І гэтае пытанне – палітычнае. Пры такой дрэннай сітуацыі ў Беларусі не чакайце ад нас вялікага энтузіязму. Ёсць вельмі трывалая аснова для супрацоўніцтва – гэта дэмакратыя, правы чалавека і вяршэнства закона. Калі ў кагосьці з нашых партнёраў гэтыя тры элементы адсутнічаюць, дык магчымасць супрацоўніцтва значна змяншаецца», - заявіў еўракамісар па пытаннях пашырэння і Еўрапейскай палітыцы суседства.

Падчас саміту «Усходняга партнёрства» у Сопаце на пытанні сайта charter97.org адказаў таксама міністр замежных справаў Гішпаніі, якая цяпер старшынюе ў Еўразвязе, Мігель Анхель Марацінас. Кіраўнік МЗС Гішпаніі адзначыў, што Еўропу сёння «трывожыць» сітуацыя ў Беларусі.

«Дэмакратыя і правы чалавека – гэта асноватворныя ўмовы еўрапейскай ідэнтыфікацыі і палітыкі суседства. Падчас устаноўчага саміту «Усходняга партнёрства» у Празе мы выразна гэта абазначылі. Мы заяўлялі і працягваем заяўляць беларускім уладам пра неабходнасць захоўваць правы чалавека. Таму што нас гэта трывожыць. Патрабаванне захоўваць правы чалавека распаўсюджваецца на ўсіх, таму што гэта жыццёва важная рэч. Мы патрабуем выканання дамоўленасцяў і прагрэсу ў сітуацыі з захаваннем правоў чалавека», - заявіў Мігель Анхель Марацінас.

Напісаць каментар 20

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках