25 снежня 2024, Серада, 21:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Еўропу заклікаюць «замарозіць» кантакты з беларускім рэжымам

13
Еўропу заклікаюць «замарозіць» кантакты з беларускім рэжымам

А таксама паставіць фінансавую дапамогу краіне ў залежнасць ад выканання правоў чалавека, нацыянальных меншасцяў і свабоды выказвання.

Кіраўнік дэлегацыі Еўрапарламента па сувязях з Беларуссю, польскі дэпутат Яцэк Пратасевіч асудзіў «палітычна матываваныя» ператрусы, праведзеныя 18 траўня ў актывістаў грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду!», перадае БелаПАН.

У заяве Пратасевіча зазначаецца: пераслед з боку ўладаў выкліканы тым, што дзейнасць кампаніі «была накіраваная на забеспячэнне празрыстасці інфармацыі і маніторынг прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі».

Польскі дэпутат са шкадаваннем адзначае, што выбары ў мясцовыя саветы не адпавядалі дэмакратычным стандартам, у прыватнасці, па працэдуры фармавання выбарчых камісіяў і працэсе падліку галасоў.

Акрамя таго, Пратасевіч асудзіў «беспадстаўныя» прысуды, вынесеныя Вярхоўным судом Мікалаю Аўтуховічу, Уладзіміру Асіпенку і Міхаілу Казлову, а таксама пераследы актывістаў Саюза палякаў у Беларусі на чале з Анжалікай Борыс.

Кіраўнік дэлегацыі па сувязях з Беларуссю нагадаў, што, нягледзячы на заклікі Еўрапарламента, дагэтуль за кратамі знаходзіцца ўдзельнік «справы 14-ці» Арцём Дубскі. Палітычным партыям і няўрадавым арганізацыям па-ранейшаму адмаўляюць у рэгістрацыі, працягваецца пераслед журналістаў і абмежаванне свабоды выказвання.

Развіццё сітуацыі ў Беларусі, адзначае Пратасевіч, паказала адсутнасць «прагрэсу ў галіне правоў чалавека, свабоды думкі і сходаў». «У наяўнасці сур'ёзны рэгрэс», — кажацца ў заяве.

Яцэк Пратасевіч заклікаў Еўракамісію і Раду ЕЗ разгледзець магчымасць замарозіць кантакты з беларускімі ўладамі на высокім узроўні, а таксама паставіць фінансавую дапамогу краіне ў залежнасць ад выканання правоў чалавека, нацыянальных меншасцяў і свабоды выказвання.

19 траўня старшыня Еўрапарламента Ежы Бузэк заклікаў беларускія ўлады «неадкладна спыніць рэпрэсіі і пераслед структураў грамадзянскай супольнасці і вярнуцца на шлях дэмакратызацыі». Бузэк выказаў «сур'ёзную занепакоенасць пагаршэннем сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі» ў сувязі з «апошнімі паведамленнямі пра рэпрэсіі і пераследам структураў грамадзянскай супольнасці».

У інтэрв'ю БелаПАН Размары Томас — амбасадарка Вялікабрытаніі, якая прадстаўляе ў Беларусі Гішпанію, што старшынюе ў ЕЗ, не выключыла, што ператрусы з'яўляюцца «спробай задушыць незалежнае меркаванне і дзейнасць» і могуць быць звязаныя з кампаніяй па выбарах прэзідэнта, якая мае адбыцца.

18 траўня ў Беларусі прайшлі масавыя ператрусы ў менскім офісе грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду!», а таксама ў кватэрах у прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў у Менску, Гомелі, Берасці, Гародні, Магілёве, Бабруйску, Слоніме, Барысаве, Ваўкавыску і іншых гарадах.

Лідэр кампаніі «Гавары праўду!» Уладзімір Някляеў і два яе актывісты Сяргей Вазняк і Андрэй Дзмітрыеў узятыя пад варту і знаходзяцца ў сталічным Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў. Яны праходзяць падазраванымі па справе, узбуджанай на падставе артыкула 250 Крымінальнага кодэкса (распаўсюд загадзя ілжывай інфармацыі аб таварах і паслугах).

Беларускія ўлады сітуацыю не каментуюць.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках