26 снежня 2024, Чацвер, 6:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Другі танкер з венесуэльскай нафтай ізноў аплацяць кіроўцы?

60

Выглядае, беларускі ўрад ужо знайшоў тых, хто аплаціць гэткае нятаннае падарожжа.

Беларуская нафтавая кампанія разглядае магчымасць пастаўкі з Венесуэлы другой партыі нафты. Тым часам кошт венесуэльскай нафты па-ранейшаму не абвяшчаецца, а пасля нядаўняга падаражэння бензіну на запраўках яе рэнтабельнасць і зусім выклікае сумневы, піша «Салідарнасць».

«У цяперашні час завяршаецца перапрацоўка першай партыі нафты, закупленай у Венесуэле, і кіраўніцтва кампаніі прыступіла да дэталёвага абмеркавання планаў па пастаўцы наступнай партыі», — заявіў «Інтэрфаксу» прадстаўнік Беларускай нафтавай кампаніі.

Тым часам кошт для Беларусі венесуэльскай нафты да гэтага невядомы. Маўчаць, нібы вады ў рот набраўшы, і кіраўніцтва краіны, і адпаведныя ведамствы. Затое вельмі красамоўна кажуць за сябе кошты на бензін, якія зноў выраслі 12 траўня. Абураныя гэтым фактам аўтаўладальнікі нават абвясцілі пратэстную акцыю «Стоп бензін!», заклікаўшы беларусаў 4 чэрвеня праігнараваць запраўкі.

Выглядае, венесуэльская нафта — даволі стратнае задавальненне. Улічваючы, што з Расеі мы для ўласных патрэбаў атрымліваем 6,3 мільёна тон нафты па-ранейшаму бяспошлінна, па іх унутраных коштах.

Разам з тым стала вядома, што Беларусь рэзка скараціла агульныя закупкі нафты ў Расеі. У параўнанні з 2009 годам імпарт знізіўся на 43,2%, паведамляюць «Ведамасці» са спасылкай на дадзеныя Нацыянальнага статыстычнага камітэта Беларусі (Белстат). Паведамляецца таксама, што на працягу першых месяцаў 2010 года Беларусь скараціла вытворчасць уласных нафтапрадуктаў і знізіла іх экспарт на 40 адсоткаў да 2,246 мільёна тон.

Няўжо тоны, якіх не хапае, нашая краіна збіраецца пакрыць за кошт венесуэльскай нафты? Думаецца, наўрад ці. Прынамсі, афіцыйныя крыніцы ўжо даўно б раструбілі пра выгаднае пагадненне. Хутчэй галоўная прычына не столькі ў рэнтабельнасці венесуэльскай нафты, колькі ў тым, каб чарговы раз панаракаць расейскаму боку: не хочаце праплачваць наш эканамічны цуд – знойдуцца іншыя «добрыя людзі».

Усяго ж, паводле дамоўленасці кіраўнікоў Беларусі і Венесуэлы, на НПЗ у 2010 годзе павінны паступіць 4 млн тон венесуэльскай нафты. Другая партыя нафты можа быць дастаўленая ў Беларусь па ўжо адпрацаванай лагістычнай схеме: танкерам у порт Адэса і далей да Мазырскага НПЗ па чыгунцы. А пакуль Беларусь гуляе з Расеяй у свавольную нявесту, урад ужо знайшоў тых, хто аплаціць гэткае нятаннае падарожжа.

Напісаць каментар 60

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках