26 снежня 2024, Чацвер, 6:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Эксперт: «Лукашэнку не варта чакаць вялікіх саступак з боку Мядзведзева»

9

Сустрэчу беларускага кіраўніка з прэзідэнтам РФ каментуюць расейскія эксперты.

Беларусі не варта чакаць вялікіх эканамічных саступак з боку Расеі. Такое меркаванне выказала карэспандэнту ІА REGNUM Новости расейскі палітолаг Ганна Кураннова, каментуючы заяву амбасадара Расеі ў Беларусі Аляксандра Сурыкава пра тое, што Масква не збіраецца купляць лаяльнасць Менска.

«Мяркую, у гэтым выпадку меўся на ўвазе той факт, што калі Расея і пойдзе на нейкія саступкі Беларусі, дык яны не будуць глабальнымі. Расейскае кіраўніцтва ўжо заявіла, што Беларусі могуць адтэрмінаваць падвышэнне тарыфаў на ўвоз аўтамабіляў, але і толькі, бо ўвесь апошні год афіцыйная Масква кажа пра тое, што ў яе проста няма сэнсу ісці на больш істотныя крокі. У дадзеным выпадку спадар Сурыкаў, які, як вядома, адрозніваецца нетрадыцыйным для дыпламата палемічным запалам, а таксама лексікай, абсалютна верна агучыў «палітыку партыі» на бліжэйшы час у дачыненні да меркаванай сустрэчы двух прэзідэнтаў. Гэта значыць, было паказана, што сустрэча будзе, саступкі будуць, але ні на што кардынальнае беларускаму кіраўніцтву разлічваць не варта. У гэтым кантэксце заява амбасадара носіць цалкам адэкватны характар і адпавядае моманту», - лічыць Кураннова.

Кажучы пра тое, што беларускае тэлебачанне, прадстаўнікі якога прысутнічалі на прэс-канферэнцыі Сурыкава і пры гэтым не прысвяцілі ёй ніводнай хвіліны эфіру, эксперт адзначыла, што нічога іншага чакаць і не варта было. «Перад кожнымі выбарамі кіраўніцтва Беларусі самым сур'ёзным чынам працуе над ідэалагічнай лініяй ў СМІ. Праходзіць безліч нарадаў, карэктуецца вугал асвятлення сітуацыі. У беларускіх СМІ зараз распавядаецца, што Расея знаходзіцца на мяжы дэмаграфічнага, эканамічнага і фінансавага калапсу. Зараз дастаткова прыгожа будзе афармляцца візіт у Маскву Аляксандра Лукашэнкі, які павінен вярнуцца дадому з перамогай, што, у сваю чаргу, павінна прынесці яму некаторыя балы напярэдадні выбараў. Паводзіны беларускіх СМІ якраз вельмі стандартныя, яны адпавядаюць перадвыбарчай сітуацыі. Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка ў адным са сваіх апошніх выступаў фактычна абвінаваціў Расею ў тым, што яна прыкарміла апазыцыйныя мас-медыя для таго, каб уплываць на беларускі электарат. Асноўная думка тут вельмі відавочная: вы толькі не чытайце апазіцыйныя СМІ, паколькі яны і без таго ўсе купленыя Масквой, якая, як ужо казалася, знаходзіцца на мяжы калапсу і дні якой палічаныя. Гэта стандартная схема, якая ўключаецца ўжо не ў першы раз. Беларускія СМІ, у адрозненне ад расейскіх, даволі кемлівыя», - сказала палітолаг.

Адказваючы на пытанне, што можна чакаць ад візыту Аляксандра Лукашэнкі ў Маскву і яго сустрэчы з Дзмітрыем Мядзведзевым, Кураннова нагадала, што 6 красавіка з'явілася інфармацыя пра тое, што кіраўнік адміністрацыі беларускага прэзідэнта Уладзімір Макей знаходзіцца ў Маскве на чале дэлегацыі чыноўнікаў, і што прадстаўнікі расейскай ўлады зусім не спяшаюцца іх прымаць. «У Мядзведзева ў канцы красавіка вельмі шчыльны графік. Тэарэтычна сустрэча двух прэзідэнтаў можа адбыцца толькі ў траўні, фактычна ў адным «пакеце» з візітам Віктара Януковіча. Магчыма, сустрэча з Лукашэнкам адбудзецца бліжэй да чэрвеня. Калі гэта будзе так, дык ў перамоваў з'явіцца цалкам іншы парадак дня, бо наблізіцца 1 ліпеня, калі пачне дзейнічаць адзіная мытная тэрыторыя. А так каментаваць змест візіту пакуль рана. Сказаць можна, зноў жа, толькі пра тое, што кардынальных саступак Масква не зробіць. Пытанні засталіся ранейшыя, асноўным пунктам, як і раней, застаецца нафта. І ніякіх зменаў тут не прадбачыцца», - заявіла эксперт.

«Яшчэ адзін пункт парадку дня - сітуацыя з БелАЭС. Расея ўжо сказала пра тое, што яна не будзе будаваць яе сумесна з Кітаем. Не выключана, што з боку Беларусі, якая з гэтай нагоды вядзе дыялог не толькі з Кітаем, але і з французскай кампаніяй AREVA, гэта чарговы раўнд шантажу. Трэба глядзець, да чаго яны канкрэтна дамовяцца. Адна справа - мемарандум, іншая - пагадненне. Мемарандум пра намеры - гэта неяк несур'ёзна. Тым больш з кітайцамі», - падвяла вынік Ганна Кураннова.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках