23 лiстапада 2024, Субота, 22:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Расейскія СМІ: Лукашэнка правакуе рэвалюцыю ў Беларусі

123
Расейскія СМІ: Лукашэнка правакуе рэвалюцыю ў Беларусі

На думку расейскіх выданняў, беларускі кіраўнік сам правакуе дасягненне пагаднення паміж ЕЗ, Расеяй і ЗША адносна будучыні Беларусі.

Аляксандр Лукашэнка ў сваім штогадовым звароце да народа і «парламента» Беларусі ў чарговы раз рэзка выказаўся ў адрас Расеі і ў гэты ж дзень прыняў у сябе збеглага прэзідэнта Кыргызтана Курманбека Бакіева. Масква палічыла гэта адкрыта несяброўскім крокам і панаракала на яго за «прыём на ПМЖ людзей, якія страцілі працу», піша інфармацыйнае агенцтва Росбалт.

«Мы выжылі ва ўмовах крызісу, і зараз вымушаныя дзякаваць не Расеі - роднай матухне, нашай роднай Расеі. Каму мы павінны дзякаваць? У двукоссе бяру - сваім «ворагам»: МВФ, Еўропе, Захаду. Яны нам гэтыя пазыкі давалі, каб краіна выжыла», - заявіў, у прыватнасці, беларускі кіраўнік. Затым ён аблаяў расейскі «прагматызм» і скончыў, выказаўшы меркаванне, што «кіраўніцтва Расеі зыходзіць з таго, што «нікуды не падзенуцца». «Падзенемся, - паабяцаў Лукашэнка. - У цэнтры Еўропы краіна пуставаць не будзе. Я не магу дазволіць сабе прыніжаць уласны народ. У зямлянкі пойдзем, але выжывем!»

Пры гэтым Лукашэнка абвясціў пра хуткія ўводзіны адразу некалькіх сур'ёзных эканамічных новаўвядзенняў, якія, і насамрэч, не сведчаць пра добры стан фінансаў Беларусі, нягледзячы на яе намер адмовіцца ў хуткім часе ад супрацоўніцтва з МВФ. У прыватнасці, гаворка ідзе пра радыкальны перагляд сістэмы бухгалтарскага ўліку, а таксама пра адмену датацыяў для сельскай гаспадаркі.

Пасля выступу былі пытанні. І адно з іх тычылася прэзідэнта Кыргызтана. Як паведаміў тым, хто сабраўся, Аляксандр Лукашэнка, Менск прыняў Курманбека Бакіева разам з сям'ёй. «Яны знаходзяцца ў нас, пад абаронай нашай дзяржавы і асабіста прэзідэнта», - сказаў беларускі кіраўнік. «Гэта прэзідэнт сяброскай нам краіны. І чаго б нам гэта ні каштавала, я буду рабіць усё, каб захаваць яго сям'ю і яго самога». Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка даручыў міністэрству замежных справаў і ўраду аказаць «гуманітарную дапамогу Кыргызтану».

І гэта не сталася «прахадной» падзеяй. Улічваючы, што Масква фактычна падтрымала часовы ўрад Кыргызтана, Лукашэнка, публічна заявіўшы пра сваю падтрымку зрынутага прэзідэнта, умяшаўся ў сярэднеазіяцкую палітыку Расеі. Магчыма, у Крамлі гэта палічылі б за лепшае проста не заўважыць - і без таго хапае нагодаў для канфліктаў з беларускімі партнёрамі па адзінай мытнай прасторы. Аднак Лукашэнка не спыніўся на агалошванні факту знаходжання Бакіева ў Менску.

Ужо на наступны дзень беларускі кіраўнік заявіў, што выбары, якія рыхтуюцца ў Кыргызтане, без зрынутага прэзідэнта прайсці проста не могуць. Ну а сам Бакіеў, адчуваючы за сабой падтрымку Лукашэнкі, зусім нечакана паведаміў, што, насуперак узгодненым з Расеяй, ЗША, Казахстанам і Кітаем умовам, на якіх новыя кіргізскія ўлады выпусцілі яго з сям'ёй з рэспублікі, ён працягвае сябе лічыць кіраўніком дзяржавы.

Акрамя раздражнення, падобная заява, зразумела, нічога выклікаць не магла. Кіраўнік часовага ўрада Роза Атунбаева прапанавала тым міжнародным арганізацыям, якія вывозілі Бакіева, вярнуць яго назад, каб рашэнне пра яго будучыню прыняў кіргізскі народ. Ну а крыніца ў МЗС РФ падкрэсліла, што кіргізскага палітыка, які знаходзіцца ў Менску, у Маскве прэзідэнтам ужо не лічаць, бо ён уласнаручна падпісаў заяву пра складанне з сябе паўнамоцтваў кіраўніка рэспублікі.

Але на гэтым Расея не спынілася - раздражненне ад спробаў партнёра па СНД і «брата» па «саюзнай дзяржаве» гуляць ва ўласную сярэднеазіяцкую палітыку было такое моцнае, што ад рэзкіх намёкаў у адрас Лукашэнкі не ўтрымаўся прэзідэнт Дзмітры Мядзведзеў. Пасля падпісання ў Харкаве шэрагу стратэгічных пагадненняў са сваім калегам з іншай «братэрскай» дзяржавы Віктарам Януковічам Мядзведзеў, кажучы пра суседнія краіны і ставячы Украіну ім у прыклад, заклікаў «паглядзець, як іх заявы спалучаюцца з дзеяннямі, сувымяраюцца з вынікам». «Узнікае пытанне - дзеля чаго і за што? Адна справа - ідэальнае партнёрства, іншая справа - дэкларацыя пра намеры, адна справа - сур'ёзная праца, іншая справа - рашэнне пра прыём на пастаяннае месца жыхарства людзей, якія страцілі працу», - завочна панаракаў на Лукашэнку расейскі лідэр.

Такім чынам, не выключана, што, перажываючы эмацыйны ўздым ад рэзкага пацяплення стасункаў з Польшчай і Украінай, Расея не пабаіцца і надалей узмацняць жорсткасць сваёй палітыкі ў дачыненні да Беларусі. І Аляксандр Лукашэнка, разумеючы, што губляе адзін за адным рычагі ўплыву на найбуйнейшага суседа, мяркуючы па гісторыі з Бакіевым, спрабуе набыць новыя.

Аднак не надта ўдала, паколькі яго няўмелыя дыпламатычныя дзеянні закранулі не толькі інтарэсы Масквы, але парушаюць негалосныя дамоўленасці Расеі, Кітая і ЗША, якія відавочна існуюць. У выніку, асцерагаючыся «змовы» вялікіх дзяржаваў з мэтай зняць яго, як Бакіева, Лукашэнка як быццам спецыяльна сам правакуе дасягненне гэткага ж сяброўскага, як у Кыргызтане, пагаднення паміж ЕЗ, Расеяй і ЗША адносна будучыні Беларусі.

Напісаць каментар 123

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках