23 лiстапада 2024, Субота, 17:51
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Датэрміновае галасаванне - па старых правілах і без пашпарта

32

20 красавіка пачынаецца датэрміновае галасаванне на мясцовых «выбарах», якое спрашчае магчымыя фальсіфікацыі.

Яно будзе доўжыцца пяць дзён, аж да 25 красавіка, апошняга дня выбараў.

Прычым, як адзначае «Радыё Свабода», галасаваць можна будзе, нават не маючы пашпарта.

Датэрміновае галасаванне пройдзе гэтак жа, як і на папярэдніх мясцовых «выбарах». Змены ў выбарчым заканадаўстве гэтую частку нават не закранулі. Хоць апазіцыя прапанавала яго ці скасаваць цалкам, альбо дазваляць галасаваць толькі тым, хто мае для гэтага дакументальна зафіксаваную падставу, альбо скараціць тэрмін папярэдняга галасавання да трох дзён.

Чаму ўлады не хочуць нічога змяняць, распавёў эксперт у галіне выбараў Сяргей Альфер.

«Датэрміновае галасаванне можа выкарыстоўвацца для гарантаванай перамогі аднаго абранага кандыдата ў дэпутаты, з ліку тых, хто балатуюцца ў пэўнай выбарчай акрузе. На мінулых мясцовых «выбарах» сярэдняя колькасць выбаршчыкаў, якія прагаласавалі датэрмінова, склала каля 25%. І калі ў скрынях замяніць гэтыя бюлетэні на карысць пэўнага кандыдата, а яўка складзе палову ад агульнай колькасці выбаршчыкаў у акрузе, дык атрымліваецца, што гэты кандыдат ужо перамог. І не мае ніякага значэння, як галасавалі людзі непасрэдна ў дзень «выбараў», -- заяўляе Альфер.

Цэнтравыбаркам прыняў на мінулым тыдні пастанову, паводле якой на мясцовых выбарах могуць прагаласаваць і грамадзяне, якія не маюць пашпарта. Сакратар ЦВК Мікалай Лазавік падчас паседжання сказаў, што дакументамі, якія могуць замяніць пашпарт, стануць:

«Ваенны білет, службовае пасведчанне дзяржслужачага, пенсійнае пасведчанне, студэнцкі білет, даведка органаў унутраных справаў, якая выдаецца пры страце пашпарта, а таксама від на жыхарства для грамадзянаў Расейскай Федэрацыі, якія пастаянна пражываюць на тэрыторыі Беларусі».

Сяргей Альфер лічыць, што такі пашыраны спіс робіцца з дзвюмя мэтамі - вывесці на выбары, як мага больш людзей, і каб было больш магчымасцяў для злоўжыванняў.

«Насамрэч трэба было б змяніць закон і ўвесці пасведчанне выбаршчыка. Ці дазволіць галасаваць толькі па трох дакументах: пашпарце, ваенным білеце ці даведцы пра тое, што пашпарта няма. І тады можна было б закрыць усе сумневы адносна пытання: будуць ці не будуць злоўжыванні», -- адзначыў эксперт.

Напісаць каментар 32

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках