26 снежня 2024, Чацвер, 7:30
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Поўны правал: Супраць Аўтуховіча няма і «рэчдокаў»

2
Поўны правал: Супраць Аўтуховіча няма і «рэчдокаў»

Ніякіх рэчыўных доказаў у справе ваўкавыскіх прадпрымальнікаў няма.

Сам ваўкавыскі прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч у сваёй прамове прыводзіў доказы таго, што гэтая справа сфальсіфікаваная.

Раніцай 16 красавіка было здаволена хадайніцтва Мікалая Аўтуховіча пра паўторны допыт сведкі Казіміра Ялесіка.

«Гэта чалавек, які, паводле Аляксандра Ларына, знайшоў у лесе малакаліберную вінтоўку і перадаў яе Ларыну, - распавёў «Салідарнасці» кіраўнік руху «Разам» Вячаслаў Сіўчык. - Пры першым допыце сведцы паказвалі толькі фотаздымкі абрэза, але прадставіць саму зброю суд чамусьці не змог. Сёння ж гэты рэчыўны доказ яму падалі. Сведка адназначна заявіў, што гэты абрэз не мае нічога агульнага з той іржавай вінтоўкай, якую ён перадаваў Ларыну. Такім чынам пасля паўторнага допыту сведкі атрымалася, што ніякіх рэчыўных доказаў у гэтай справе няма».

Пасля допыту сведкі з прамовай выступіў Мікалай Аўтуховіч.

Паводле слоў Сіўчыка, Аўтуховіч у сваёй прамове паслядоўна і спакойна растлумачыў, што «гэта справа, якая разглядаецца ў Вярхоўным судзе, цалкам заказная і сфальсіфікаваная».

«Ён прывёў вельмі шмат доказаў. Падчас узбуджэння гэтай справы больш за дзесяць чалавек былі арыштаваныя, каб следства магло сфабрыкаваць нейкія «доказы». За гэтай справай стаяць карумпаваныя чыноўнікі, якім ёсць што губляць, якія абкрадваюць беларускі народ на вельмі значныя сумы. Такім чынам яны застаюцца на волі, працягваюць красці і праз гэта фальсіфікуюць гэтую справу. Аўтуховіч вельмі падрабязна прайшоўся па ўсіх сведчаннях Ларына, таму што ў справе ёсць толькі тры сведкі, якія даюць сведчанні супраць Аўтуховіча, Асіпенкі і Казлова: сам Ларын, асноўная частка адказаў якога на сённяшнім паседжанні была «Не памятаю» і «Не ведаю», Паўтарак, які, па словах Аўтуховіча, з'яўляецца адмыслова засланым у яго фірму агентам, і Заяц, які ведае пра справу Аўтуховіча са слоў іншага чалавека і на папярэднім паседжанні даваў сведчанні праз гучную сувязь з іншага пакоя», -- адзначыў кіраўнік руху «Разам».

Вячаслаў Сіўчык сказаў, што, «хоць і шмат чаго бачыў у судовых паседжаннях, яшчэ ніколі не сутыкаўся з такой мужнасцю, паслядоўнай пазіцыяй і нязломнасцю, якую сёння прадэманстраваў Мікалай Аўтуховіч.

«Хацеў бы нагадаць таксама, што 15 красавіка па ініцыятыве руху салідарнасці «Разам» і «Маладога фронта» Мікалай Аўтуховіч быў узнагароджаны медалем Кастуся Каліноўскага за самаахвяраванне, за яго гераічнасць. Сёння мы пераканаліся ў тым, што гэта было вельмі правільна: беларускае грамадства павінна адзначыць мужнасць Мікалая Аўтуховіча, які практычна адзін супрацьстаіць страшнай машыне беларускага рэжыму», -- падкрэсліў Сіўчык.

Нагадаем, што ўсе сведкі, якія праходзяць па справе Аўтуховіча, сведчаць пра моцны ціск з боку следства і заяўляюць пра невінаватасць ваўкавыскага прадпрымальніка, адмаўляючыся ад сваіх ранейшых сведчанняў.

Пра псіхалагічны ціск на следстве, напрыклад, заяўляла сведка Людміла Парэмская, былы бухгалтар фірмы Аўтуховіча «Ніка-транс».

«Усё, што я на следстве казала пра зброю, не адпавядае рэчаіснасці. Я была ў такім стане, што магла набаяць і напісаць усё, што заўгодна, толькі б вызвалілі», - сказала Людміла Парэмская пра свае сведчанні адносна знойдзенага ў Гародні гранатамёта.

Прадпрымальнік з Оршы Ігар Пузікаў распавёў суду, што яму пагражалі, абяцалі хуткае вызваленне, дапытвалі яго як падазраванага, і ўсё гэта падзейнічала - ён даў неабходныя сведчанні. Узнагародай стала не толькі воля, але і грошы на квіток з Гародні ў Оршу і бутэлька гарэлкі з рук следчага.

Сведка Аляксандр Козел, якога прывезлі на працэс з месцаў зняволення, заявіў, што сведчанні з яго ў літаральным сэнсе «выбівалі».

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках