24 лiстапада 2024, Нядзеля, 7:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Cтаніслаў Шушкевіч: «Гэта дэманстрацыя дрымучага невуцтва»

21

Заяву беларускага дыктатара пра наяўнасць «фактычна збройнага» ўрану каментуе першы кіраўнік незалежнай Беларусі.

Станіслаў Шушкевіч - былы старшыня Вярхоўнага Савета Беларусі, фізік-ядзершчык, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук, пад яго кіраўніцтвам на пачатку 1990-х гадоў з Беларусі была выведзеная савецкая ядзерная зброя.

« Усе размовы Лукашэнкі аб уране - гэта дэманстрацыя яго дрымучага невуцтва ў гэтых пытаннях. У яго блытаніна ў паняццях - радыеактыўны, моцна ўзбагачаны, збройны ўран. Гэта ўсе розныя паняцці. З усёй адказнасцю кажу - ніякай адчувальнай колькасці збройнага ўрану ў нас няма і не будзе. Ёсць «брудны» уран - моцна радыеактыўны, дэмантаваная актыўная зона даследчага ядзернага рэактара ў Соснах пад Менскам. Паколькі рэактар быў заглушаны, гэтыя радыеактыўныя рэчывы вынятыя і змешчаныя ў спецыяльныя ўмовы, каб не ствараць ядзернай рэакцыі. Гэта зусім не тое, з чаго робяць атамную бомбу. Патрэбна цэлая галіна ў прамысловасці, каб перапрацаваць гэты ўран, гэта дарагія тэхналогіі, якіх у нас няма», - заявіў былы старшыня Вярхоўнага Савета Беларусі ў інтэрв'ю сайту charter97.org.

Прычына заявы Лукашэнкі, на думку Шушкевіча, у тым, што «яму стала крыўдна, што яго не запрасілі ў Вашынгтон на форум па ядзернай бяспецы».

«Лукашэнка узгадаў, што Беларусь была адным з ядзерных «скляпоў» СССР і яму стала вельмі сумна. Ён жа думаў, што яго будуць паўсюль клікаць. А тут не - не падыходзіць. Не тая кампанія», - сказаў палітык.

Нагадаем, што ўчора падчас наведвання Гомельскай вобласці Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Беларусь валодае высокаўзбагачаным уранам. «Я не буду хаваць: у нас застаўся высокаўзбагачаны ўран – сотні кілаграмаў фактычна ўжо зброевага і менш узбагачанага», - заявіў беларускі дыктатар.

Па словах Лукашэнкі, зараз яго «прыціснулі да сценкі, нож да горла: «аддай»! «Мне кажуць: ну калі ты супраць аддаць гэты ўран, мы цябе не запросім на саміт. Гэты факт сведчыць аб тым, што ні амерыканцам, ні Захаду ў цэлым, давяраць нельга», - заключыў кіраўнік.

На саміт па пытаннях ядзернай бяспекі, які праходзіў 12-13 красавіка ў Вашынгтоне, не былі запрошаныя кіраўнікі краінаў-ізгояў, а таксама краінаў, якія прадстаўляюць пагрозу міжнароднай бяспецы – гэта кіраўнікі Ірана, Паўночнай Карэі і Беларусі.

Напісаць каментар 21

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках