25 снежня 2024, Серада, 19:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лукашэнка пра ператрусы ў СМІ: «Гэта журналісты заходняй арыентацыі, якія працуюць на Расею»

93
Лукашэнка пра ператрусы ў СМІ: «Гэта журналісты заходняй арыентацыі, якія працуюць на Расею»

Дыктатар зноў згадаў пра ператрусы ў офісах сайта charter97.org, у журналістаў «Народнай Волі» і «Новай газеты».

У сераду падчас працоўнай паездкі ў Гомельскую вобласць Аляксандр Лукашэнка заявіў: «Не буду называць прозвішчы гэтых журналістаў. Усе гэтыя журналісты заходняй арыентацыі, усе яны жывуць і працуюць на гранты Захаду, але працуюць, у тым ліку, і на Расею. Яны сёння гавораць і раяць расейскаму кіраўніцтву: патрабуйце ад Лукашэнкі, каб ён сышоў з Усходняга партнёрства. Як толькі ён дасць гэтыя абяцанні, то толькі тады і пачынайце з ім размаўляць. Вось сутнасць гэтых людзей, яны раяць Расеі, як знішчыць заходні вектар нашай знешняй палітыкі», - адзначыў беларускі кіраўнік.

Нагадаем, што 2 красавіка беларускі кіраўнік заявіў: «Я апошнім часам усё больш і больш назіраю за сітуацыяй у СМІ, нашых, расейскіх. Нядаўна падняўся гвалт вакол сайтаў некаторых апазіцыйных газет, журналістаў. У бліжэйшы час пасля экспертызы мы вас з імі азнаёмім, бо цэнтры гэтых апазіцыйных кланаў знаходзяцца ў Расеі».

16 сакавіка ў Менску ў рамках расследавання справы аб паклёпе па так званай «паляўнічай справе» прайшлі масавыя ператрусы ў кватэрах журналісткі сайта charter97.org Наталлі Радзінай, журналісткі «Новой газеты» Ірыны Халіп, шэф-рэдактара і намесніка рэдактара «Народнай волі» Святланы Калінкінай і Марыны Коктыш. У журналістак была канфіскаваная ўся кампутарная тэхніка. Пры гэтым Наталлю Радзіну пры правядзенні ператрусу супрацоўнік міліцыі ў цывільным ударыў кулаком у твар. Праваабаронцы ўпэўненыя, што пераслед Наталлі Радзінай, Ірыны Халіп, Марыны Коктыш і Святланы Калінкінай у межах «паляўнічай справы» - толькі падстава для беларускіх уладаў знішчыць рэшткі свабоды слова ў Беларусі. Сваімі заявамі Лукашэнка гэта пацвярджае.

«Калі Расея будзе нас штурхаць, будзем шукаць шчасце ў іншых кропках планеты»

Падчас паездкі ў Гомельскую вобласць Аляксандр Лукашэнка таксама заявіў, што прыйшоў час «абмеркаваць з кіраўніцтвам Расеі перспектывы развіцця беларуска-расейскіх стасункаў».

«Думаю, настаў час вельмі сур'ёзна абмеркаваць перспектывы нашых адносінаў», - заявіў ён, адказваючы на пытанне агенцтва «Інтэрфакс».

Лукашэнка выказаў упэўненасць у тым, што ў расейскага прэзідэнта ёсць разуменне ў неабходнасці абмеркавання існуючых у двухбаковых адносінах праблем. «Назапасілася шмат пытанняў, часам пытанняў нанасных, якія мы ў стане вырашыць», - адзначыў беларускі кіраўнік.

Лукашэнка выказаў думку, што сустрэча з прэзідэнтам РФ Дзмітрыем Мядзведзевым можа адбыцца «напярэдадні майго візіту ў Маскву, перад нефармальным самітам СНД, 8 траўня. Можа быць, у канцы траўня - пачатку чэрвеня, як мы ўжо сустракаліся ў Сочы».

Паводле слоў кіраўніка, сярод запланаваных да разгляду пытанняў можа быць абмеркавана «жаданне расейскіх кампаній удзельнічаць у прыватызацыі нашых прадпрыемстваў». «Вядома, мы будзем абмяркоўваць стратэгічныя пытанні развіцця Мытнага саюза», - адзначыў Лукашэнка. «Я хачу дакладна разумець: чаго хочуць Расея і Казахстан ад Мытнага саюза. І што мы ў гэтым выпадку будзем мець ад гэтага Мытнага саюза», - заявіў ён. «Калі мы будзем мець суцэльныя выключэнні, пошліны на газ, нафту, то ў нас напалову знізіцца цікавасць», - заявіў Лукашэнка.

Пры гэтым ён заўважыў: «Ну што гэта такое: увялі пошліны не толькі на нафту, але і на нафтапрадукты. Чаму для нас увялі пошліну на нафту, а Казахстану - не? Чаму да беларусаў такое стаўленне?», - спытаў Лукашэнка. «Думаю, прэзідэнт Расейскай Федэрацыі разумее, што гэта такі абуральны прыклад», - дадаў ён.

Акрамя таго, адзначыў ён, беларускі бок прапануе абмеркаваць пытанне «доступу нашых прадпрыемстваў на расейскі рынак».

«Ужо зразумела, што блакаванне нашых тавараў на расейскім рынку прывяло да вельмі негатыўнага выніку. Думаю, гэта разумеюць і ў самой Расеі. Мы выйшлі на іншыя рынкі, але сёння і Расея ўжо прачнулася», - заявіў Лукашэнка.

Пры гэтым ён падкрэсліў, што галоўнае ў будучай сустрэчы будзе складацца ў тым, «як мы будзем жыць далей. Ці мы будзем скоса глядзець адзін на аднаго, як мы - кіраўніцтва - зараз глядзім. Ці ж будзем жыць як самыя блізкія, родныя браты».

Паводле яго слоў, «нам няма сэнсу сварыцца з Расеяй, мы ніколі ні з кім не гандляваліся. Але калі нас пачынаюць штурхаць і штурхаць у спіну, то, вядома, мы шукаем сваё шчасце ў іншых кропках планеты».

«Мы ў стане забяспечыць сваю незалежнасць, перш за ўсё - эканамічную. Мы сыдзем ад залежнасці і па газе, і па нафце», - адзначыў Лукашэнка і выказаў здагадку, што «Расея гэта разумее, і разумее, што была зроблена найжорсткая памылка. І спроба распачаць нейкі ціск. Гэта бесперспектыўна. Упэўнены, прэзідэнт Расеі гэта цяпер выразна разумее».

Лукашэнка сказаў, што надыходзячая сустрэча будзе вельмі важнай. «Мы да яе вельмі сур'ёзна рыхтуемся», - заявіў кіраўнік Беларусі, падкрэсліўшы, што «сёння патрэбныя канкрэтныя вынікі і дамоўленасці».

Лукашэнка заявіў, што ў катастрофе ТУ-154 вінаваты сам Качыньскі

Аляксандр Лукашэнка выказаў думку, што рашэнне аб пасадцы самалёта прэзідэнта Польшчы ў Смаленску ў дрэнных метэаўмовах было прынятае на ўзроўні самога Леха Качыньскага.

«Зразумела, хто нясе за гэта адказнасць. Вінаваты, не вінаваты: ты першы чалавек і ты нясеш за гэта адказнасць. Таму казаць, што вінаватыя пілоты, што яны прынялі рашэнне, няправільна. Так не бывае, стоадсоткава не бывае», - заявіў Лукашэнка ў сераду падчас працоўнай паездкі ў Гомельскую вобласць.

Ён растлумачыў, што «калі ляціць ліцерны, першы борт з прэзідэнтам, і калі ідзе адхіленне ад нормы штатнага палёту, то камандзір экіпажа дакладае сітуацыю прэзідэнту наўпрост». «Прэзідэнт пытаецца, ці магчыма ў дадзенай сітуацыі пасадзіць самалёт. Але апошняе слова ўсё адно застаецца за прэзідэнтам, ён прымае рашэнне - саджаць самалёт ці не. Але пілот мае права не падпарадкавацца», - сказаў Лукашэнка.

Ён нагадаў, што «ў Леха Качыньскага ўжо аднойчы было, калі з-за дрэнных метэаўмоў іх не пасадзілі ў Грузіі, і яны селі ў Азербайджане». «Тады хацелі зняць з пасады пілотаў за тое, што яны не падпарадкаваліся. Тады іх абараніў міністр абароны», - сказаў беларускі кіраўнік.

Лукашэнка заявіў, што «для мяне і такіх як я - гэта вельмі сур'ёзны ўрок». «Мы, прэзідэнты, павінны памятаць, што яшчэ сядзяць у самалёце 100 чалавек, у якіх ёсць сям'і», - адзначыў ён і паведаміў, што за час сваёй прэзідэнцкай дзейнасці на борце яго самалёта некалькі разоў узнікалі пазаштатныя сітуацыі, якія былі вырашаныя.

Вяртаючыся да трагедыі пад Смаленскам, беларускі кіраўнік заявіў, што «вельмі сумна, што загінуў прэзідэнт, гэта сумна для Польшчы, гэта сумна для прымаючага боку». «Нельга дапускаць, каб гінулі людзі», - дадаў А. Лукашэнка.

Ён прапанаваў дачакацца высноваў камісіі па расследаванні прычын катастрофы. «І вы ўбачыце, што ўсё было нармальна з тэхнікай. Было няправільнае рашэнне галоўнага чалавека», - сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы.

«Вядома, гэта трагедыя: загінуў не толькі прэзідэнт, але і іншыя кіраўнікі вельмі сяброўскай, блізкай нам краіны. Гэтая трагедыя не магла не адгукнуцца ў нашых сэрцах», - заявіў кіраўнік Беларусі.

І падтрымаў Бакіева: Уладу трэба абараняць са зброяй

Нядаўнія падзеі ў Бішкеку - антыканстытуцыйны дзяржаўны пераварот, заявіў Лукашэнка.

«Я лічу, што палітыка, па-першае, амерыканцаў, а па-другое, расейцаў у дачыненні да гэтых падзеяў вельмі дрэнная і недальнабачная, - сказаў кіраўнік дзяржавы. - Яны павінны былі заявіць аб непрымальнасці падобных дзеянняў кыргызскай апазіцыі».

«Крый Божа, каб такое адбылося ў нас. І іншым дзяржавам я таксама не жадаю чагосьці падобнага», - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Беларускі кіраўнік лічыць недарэчнымі паралелі паміж нядаўнімі падзеямі ў Кыргызстане і тым, што адбывалася падчас «цюльпанавай рэвалюцыі». «Па-першае, тады не перастралялі людзей. А па-другое, Аскар Акаеў тады адмовіўся ад пасады. Цяперашні прэзідэнт ад пасады не адмаўляўся. І не дай бог кыргызскім апазіцыянерам пасадзіць або, горш, застрэліць Бакіева. Гэта выйдзе бокам», - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

«Што тычыцца пытання, хто за гэтым стаіць, то каб адказаць на яго, трэба ведаць. У мяне няма пакуль такой дакладнай інфармацыі, але яна з часам выплыве», - упэўнены ён. Лукашэнка прапанаваў уявіць падобную сітуацыю ў Беларусі: «Але здарылася б не з Лукашэнкам, а ўявіце, калі б зрынулі беларускага апазіцыянера, што прыйшоў да ўлады. Што б тады пачалося? Вылі б, крычалі, нылі. А сёння ўсе маўчаць: ЗША маўчыць, а Расея, вы ведаеце, якія зрабіла заявы. Але чамусьці ніхто з іх не сказаў, што гэта антыканстытуцыйны дзяржаўны пераварот».

«Я не хачу пакрыўдзіць цяперашнія сілы, якія прыйшлі да ўлады ў Кыргызстане, - сказаў беларускі кіраўнік. - Але хацеў бы сказаць тым, хто сёння папракае Бакіева ў кланавасці і ў тым, што ён разваліў краіну... Узнікае пытанне: а што, мы ўчора гэтага не бачылі? І я ў гэтым плане абсалютна чысты. Я год таму меў з Бакіевым прынцыповую размову (у нас былі добрыя адносіны), і я прама сказаў яму: Курманбек, глядзі, каб не наступіць на тыя жа граблі». Паводле Лукашэнкі, у Кыргызстане проста немагчыма жыць з шыкам. «Гэта жабрацкая краіна. І папракаць Бакіева ў тым, што ён абрабаваў краіну - проста смех», - лічыць беларускі кіраўнік. «Ён, бедны, кідаўся па розных краінах, выпрошваючы крэдыты. І я ведаю, куды ён іх укладаў. У яго будавалася гідраэлектрастанцыя, Расея паабяцала крэдыт, а потым адмовіла. І ён казаў мне: я вымушаны быў пакінуць базу «Манас», таму што яны хоць плацяць грошы за арэнду», - дадаў Лукашэнка.

Кіраўнік таксама сказаў: «Калі б такое адбывалася ў маёй краіне і нехта павёў бы людзей пад кулі - мала б нікому не было. І няма чаго папракаць Бакіева за тое, што ўлада ўжывала сілу, абараняючы сябе. Бо калі ўлада не можа абараніць сябе і свой народ, то што гэта за ўлада?..».

На думку Лукашэнкі, тым сілам, якія прыйшлі сёння да ўлады ў Кыргызстане, «трэба яшчэ добра падумаць пра тое, як сябе легітымізаваць».

Напісаць каментар 93

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках